Вы тут

Не кропка, а коска


Час — такая субстанцыя, у якой факт, нават калі і ўдаецца яго «дастаць», — ужо скажоны, зменены. Як убачаны праз тоўшчу вады. І больш за ўсё лжэ дакумент — менавіта гэтым перакананнем кіравалася Людміла Рублеўская пры складанні кніг гістарычных нарысаў. «Рыцары і дамы Беларусі» (Мінск, Мастацкая літаратура, 2018) — ужо трэцяя яе кніга, што сталася вынікам праекта, распачатага ў 2007 годзе на старонках выдання «СБ. Беларусь сегодня».


Задачай аўтарскіх матэрыялаў было ў папулярнай форме распавесці пра тую гісторыю Беларусі, якая для многіх была невядомай, абвергнуць стэрэатыпы, спрычыніцца да стварэння нацыянальнага рамантычнага міфа, уводзіць у кантэкст беларускай гісторыі персанажаў, якія ўспрымаліся неадназначна альбо як не датычацца Беларусі. «Мы маем права называць сваімі ўсіх персанажаў, якія дзейнічалі на нашай тэрыторыі, штосьці стваралі ці маюць беларускія карані — гэтымі прынцыпамі кіруюцца ўсе народы свету», — лічыць Л. Рублеўская.

Звыклы архетып беларуса — не шляхціц, не магнат і не прыўкрасная панна, — а неадукаваны мужык, які ўвесь час толькі і пакутуе… Але арыстакраты, прынамсі, разумнейшая іх частка, адчувалі прыналежнасць да роднай зямлі, праяўлялі цікавасць да яе культуры і валодалі беларускай мовай — гэта думка праводзіцца праз усе гістарычныя нарысы выданняў Л. Рублеўскай.

«Усё, пра што я пішу, цікава асабіста мне. Я люблю “раскручваць нітачку” — узяць імя, пра якое я не чула, і шукаць звесткі ў гістарычных крыніцах — глядзіш, нешта і высноўваецца. Альбо знаходжу якую-небудзь памылку — і пачынаю супастаўляць факты, шукаць новыя звесткі», — прызналася аўтарка. Гэтак было з братамі Міхалам і Адамам Бжастоўскімі — у іх радаслоўных значыўся адзін год нараджэння: 1722. Але ў іншых крыніцах падавалася іншае: 1722 і 1732. Паглыбіўшыся ў росшукі, пісьменніца высветліла: браты былі блізнятамі, бацька ж іх памёр у 1722 годзе. Акрамя таго, Адам Бжастоўскі ў 1738 годзе быў выбраны паслом у сойм ад Ковенскага павету. Калі б ён нарадзіўся ў 1732 годзе, як значылася ў некаторых дакументах, яму было б тады толькі 6 гадоў. Адсюль выснова: правільны год нараджэння — 1722. Цікава было высветліць, што браты апынуліся па розныя бакі барыкад, у розных палітычных партыях, якія паміж сабой варагавалі. Нават на полі бою ім даводзілася сустракацца... Гісторыя даследавання сталася тэмай аднаго з нарысаў з кнігі.

Частка гістарычных крыніц — некралогі і панегірыкі. Знаны даследчык Віталь Скалабан заўжды ставіўся да іх вельмі крытычна, бо ўсё гэта пісалася на заказ. Пра багатага пана і апекуна салодкіх слоў не шкадавалі. І, наадварот: калі мэтай было кагосьці зганьбіць, у сродках ніколі не саромеліся. Таму зразумець, якім быў той ці іншы персанаж, бывае надзвычай складана. Менавіта таму Л. Рублеўская, якая лічыць сябе паслядоўніцай В. Скалабана, заўжды ў сваіх нарысах падае розныя версіі, розныя погляды на асобу і варыянты лёсу. Яна пераканана: не было ні ідэальных людзей, ні абсалютных зладзеяў. У кожным чалавеку суседнічаюць і добрае, і кепскае.

Многія асобы, якія сталіся аб’ектам цікавасці пісьменніцы, трапляюць і на старонкі яе мастацкіх твораў. Напрыклад, ва ўсіх пяці раманах пра алхіміка Баўтрамея Лёдніка і Пранціша Вырвіча дзейнічаюць і браты Бжастоўскія, і Пане Каханку, і Юзаф Радзівіл, гарбун з Верхняга горада і многія іншыя персанажы гістарычных нарысаў...

Ёсць у кнізе і расповед пра персанаж, які паслужыў прататыпам злавеснага князя Альшанскага ў рамане Уладзіміра Караткевіча. Скупы і жорсткі стары звер, Сіняя Барада — так называлі Паўла Стэфана Сапегу. Але наўрад ці адпавядала рэчаіснасці гэта яго характарыстыка, як лічыць аўтар. Яна не робіць высноў сама, а паказвае ўсе знойдзеныя факты — чытач сам зробіць высновы. Адметна, што па адной з версій, якая прыводзіцца ў кнізе, усе чатыры жонкі Паўла Сапегі памерлі таму, што Гальшанскі замак, дзе яны жылі, быў праклятым месцам.

Для напісання многіх нарысаў давялося папрацаваць і ў архівах. У кнізе ёсць матэрыял пра калекцыянера Тадэвуша Бохвіца. Аўтар натрапіла на звесткі пра яго ў дакументах Віталя Скалабана. Яшчэ ў 1986 годзе знакаміты архівіст знайшоў у Ленінградзе лісты пра тое, як Тадэвуш Бохвіц з сядзібы Фларыянава каля паштовай станцыі Ляхавічы замаўляў нумар часопіса «Бомба». Пісьменніца высветліла, што Тадэвуш заснаваў так званую літаратарскую ўтопію — пансіянат для пісьменнікаў, запрашаў іх жыць у сябе, забяспечваючы ўсе ўмовы. Улюбёным госцем была яго кумір Эліза Ажэшка — ён нават забараніў маладым пісьменнікам пісаць і размаўляць у яе прысутнасці: там, дзе знаходзілася Эліза, павінна была гучаць толькі яна! Калі Ажэшка даведалася пра тое, адмяніла пастанову. Яна была нашмат старэйшая за свайго прыхільніка, але ён яе фанатычна кахаў як чароўную даму (хаця сам быў жанаты, але жонка яго не раўнавала: калі Тадэвуш быў захоплены Ажэшкай, да сямейнікаў ставіўся больш лагодна…) З чаго выснова: не надта лёгкі быў ён у побыце. А «Бомба» сапраўды выдавалася ў Пецярбургу, гэта быў штодзённы баявы часопіс.

Персанажы ў даследаванні самыя розныя: ад легендарнага Уладзіміра Полацкага ХІІІ стагоддзя да Пятра Сеўрука, талстоўца са Скідзеля, персанажа амаль нашага часу.

Гістарычная навука не мае стадыі завяршэння, то-бок, ніколі нельга сказаць, што ты ведаеш усё пра свайго героя, што менавіта гэта — адзіна правільная версія... Таму ў канцы ўсіх твораў на гістарычную тэматыку заўжды не кропка, а коска. Несумненна, што для кагосьці гэтыя кнігі Людмілы Рублеўскай будуць пачаткам даследавання, падставай для таго, каб знайсці штосьці новае і ўдакладніць.

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».