Вы тут

Гісторыя партрэтнага жанру ў беларускім жывапісе


У айчынным мастацтвазнаўстве нячаста выдаюцца фундаментальныя працы з шырокім ахопам гістарычнага матэрыялу, таму манаграфія Аляксея і Сяргея Мядзвецкіх «Портретная живопись Беларуси» (Віцебск, 2017) стала прыкметнай з’явай у культурным жыцці рэспублікі. Яна прысвечана развіццю партрэтнага жанру ў беларускім станковым жывапісе ад моманту яго станаўлення да нашых дзён і ахоплівае больш за пяць стагоддзяў.


Наспеў навуковы аналіз асноўных тэндэнцый развіцця беларускага партрэтнага жывапісу ў яго паступальным руху, у імкненні ўявіць гэты рух як цэласны працэс, якому ўласціва пераемнасць творчасці партрэтыстаў розных пакаленняў. Спроба братоў Мядзвецкіх прасачыць шлях развіцця жанру, вылучыць яго асноўныя тэндэнцыі і даць ім характарыстыку на розных гістарычных этапах уяўляецца задачай актуальнай і своечасовай.

Асабліва цікавы матэрыял, прысвечаны даследаванню такога самабытнага варыянта свецкага партрэта, які атрымаў у гісторыі мастацтва назву «сармацкі» і стаў своеасаблівай разнавіднасцю еўрапейскага параднага партрэта са сваімі ўстойлівымі характэрнымі рысамі не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і ў польскім, і ва ўкраінскім выяўленчым мастацтве канца XVI—XVIII стагоддзя.

Пераканаўча разгледжаны партрэтны жывапіс XVIII стагоддзя, папулярнасць і запатрабаванасць якога шмат у чым тлумачылася тым, што шляхта лічыла неабходным мець уласную галерэю з выявамі сваіх продкаў. На партрэты гэтага перыяду аказвалі ўплыў як новыя еўрапейскія кірункі (барока, класіцызм, ракако), так і сармацкія традыцыі.

 Адзначыўшы, што галоўнай асаблівасцю беларускага мастацтва ХІХ стагоддзя стала ўзаемадзеянне з рознымі мастацкімі нацыянальнымі школамі, аўтары справядліва акцэнтуюць увагу на вызначальнай ролі Віленскай мастацкай школы ў станаўленні прафесійнага мастацтва. У беларускім партрэце працягвалі развівацца нацыянальныя традыцыі, ён захоўваў самабытнасць і арыгінальнасць. Ад класічных і рамантычных партрэтаў, прадстаўленых у творчасці Я. Дамеля, В. Ваньковіча і І. Аляшкевіча, беларускія мастакі прыйшлі да сацыяльна значных твораў, у якіх імкнуліся стварыць ёмісты вобраз простага чалавека з народа. Гэтыя рысы знайшлі адлюстраванне ў работах М. Селівановіча, А. Гараўскага. Станаўленне рэалізму ў станковым жывапісе ішло шляхам збліжэння беларускіх майстроў з рускімі мастакамі-перасоўнікамі.

Пазначыўшы, што ў сярэдзіне — другой палове XIX стагоддзя жанр партрэта ў жывапісе паступова страчвае вядучую пазіцыю і лідарства пераходзіць да гістарычнай і бытавой карціны, аўтары адзначаюць паступовую дэмакратызацыю вобразаў, паглыбленне сацыяльных характарыстык і ўзмацненне ўплыву крытычнага рэалізму. У ліку найбольш значных майстроў гэтага часу — А. Ромер і Б. Русецкі, творчасць якіх шматнацыянальная. Важнае месца ў беларускім партрэтным жывапісе належыць І. Хруцкаму.

Пераканаўча аргументавана аўтарамі манаграфіі думка аб тым, што прафесійнае мастацтва мяжы XIX—XX стагоддзяў яшчэ нельга назваць у поўнай меры нацыянальным: яно развівалася пераважна ў рэчышчы рускай мастацкай культуры, у яе выразна выяўленым правінцыяльным варыянце. Беларускі партрэтны жывапіс гэтага перыяду, захоўваючы лідарскія пазіцыі, прайшоў няпросты шлях і адлюстраваў характэрныя рысы свайго часу. З’явіліся майстры, у творчасці якіх партрэт стаў займаць галоўнае месца, — Ю. Пэн, Я. Кругер, Л. Альпяровіч.

Разглядаючы развіццё беларускага савецкага мастацтва ў паслярэвалюцыйны перыяд, аўтары слушна заўважаюць, што ў 1920—1930-я гады ў асноўным атрымалі развіццё дзве разнавіднасці жывапіснага партрэта: да першай адносіцца партрэт-тып — шматлікія выявы рабочых, калгаснікаў, будаўнікоў; другую групу склалі партрэты дзяржаўных дзеячаў і інтэлігенцыі — пісьменнікаў, навукоўцаў, музыкаў, аўтапартрэты і г. д. Перадваеннае дзесяцігоддзе адметнае станаўленнем нацыянальнай мастацкай школы, а Віцебск замацаваў за сабой значэнне вядучага мастацкага цэнтра Беларусі. У гэты перыяд актыўна заявілі пра сябе жывапісцы В. Волкаў, І. Ахрэмчык і выпускнікі Віцебскага мастацкага тэхнікума (вучылішча) Я. Ціхановіч, М. Воранаў, Я. Красоўскі, М. Манасзон, І. Давідовіч, У. Сухаверхаў, П. Явіч і інш.

У гады Вялікай Айчыннай вайны партрэтны жанр у беларускім мастацтве набыў вялікае значэнне. Гераічны партрэт стаў дамінуючым у развіцці жанру, хоць самі творы насілі пераважна эцюдны характар. Прыкладам могуць служыць работы І. Ахрэмчыка, М. Беляніцкага, Я. Зайцава, У. Сухаверхава, У. Хрусталёва і інш.

Партрэтнае мастацтва пасляваеннага часу працягвала ў асноўным тыя традыцыі і ўстаноўкі, якія былі закладзены яшчэ ў даваенны перыяд, адзначаюць аўтары і ўказваюць на далейшае развіццё жанру, якое ажыццяўлялася дзякуючы росту прафесійнага майстэрства жывапісцаў. Партрэт пачаў набываць псіхалагічную і эмацыянальную глыбіню.

 Цікава пададзены і пошукі новых мастацкіх магчымасцяў жывапіснага партрэта ў беларускім мастацтве 1960—2000-х гадоў. Даследаванне выяўленчага матэрыялу 1960—1970-х гг. дазволіла выявіць найбольш характэрныя новыя тэндэнцыі ў развіцці беларускага станковага жывапісу. У 1960-я гады стала прыкметным імкненне раскрыць у партрэтным жанры вобраз чалавека працы, перадаць яго еднасць з прыродным асяроддзем. Пачаўся пошук новых, больш экспрэсіўных сродкаў увасаблення асобы працаўніка. Пад уплывам істотных змен у грамадска-палітычным і культурным жыцці краіны ў станковым жывапісе сфарміравалася вядучая тэндэнцыя часу — «суровы стыль», які знайшоў адлюстраванне і ў мастацтве партрэта.

Значныя змены адбыліся ў кампазіцыйным мысленні. Як правіла, стала пераважаць кампазіцыя дзеяння, у якой чалавек актыўна ўмешваецца ў прыроднае асяроддзе. Карціна ўяўлялася як месца драматычнага сутыкнення чалавека з непакорнай прыродай. «Суровы стыль» стаў адной з формаў вяртання асобы ў мастацтва, прыкметнага ўзрастання яе значнасці. Для першай паловы 1960-х гг. характэрна яшчэ і тое, што на арэну культурнага жыцця рэспублікі выйшла новае пакаленне маладых таленавітых жывапісцаў, пераважна выпускнікоў нацыянальнай мастацкай школы (у той час — Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, цяпер Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў).

У працы разгледжаны эвалюцыя вобразна-стылёвай сістэмы партрэтнага жывапісу Беларусі 1970—1980-х гг., асноўныя асаблівасці беларускага партрэта двух дзесяцігоддзяў, які фарміраваўся ў новых складаных грамадска-палітычных умовах. Пільная ўвага ўдзяляецца ўсталяванню «нацыянальна-дэкаратыўнай» і «лірыкаінтэлектуальнай» тэндэнцый.

У манаграфіі адмыслова вывучаецца праблема мастацкага вобраза ў беларускім выяўленчым мастацтве мяжы ХХ і ХХІ стагоддзяў ва ўзаемадзеянні нацыянальных мастацкіх традыцый і постмадэрнісцкага ўплыву. Яшчэ адна праблема, якая вылучаецца аўтарамі, — фарміраванне пэўнага тыпу героя, неад’емнага ад свайго часу. Яна атрымлівае глыбокае і грунтоўнае асвятленне на гістарычным і сучасным выяўленчым матэрыяле. Спецыяльны раздзел прысвечаны тэме фарміравання новага героя ў сучасным беларускім партрэтным жывапісе. Прынятыя аўтарамі падыходы рэалізоўваюцца на важкім фактычным матэрыяле, што надае высновам яшчэ большую грунтоўнасць.

Упершыню даследуючы партрэтны жывапіс канца 1980-х гадоў — першага дзесяцігоддзя XXI стагоддзя, на аснове розных крыніц і дакументаў аўтары кнігі ўдала раскрылі механізм узаемаўплыву сацыяльна-палітычных, эканамічных і творчых фактараў у межах жанру партрэта. Уведзены ў навуковы абарот значны па аб’ёме новы матэрыял, які дазваляе прадставіць пераканаўчы гістарычны зрэз выяўленчага мастацтва Беларусі найноўшага перыяду, пашыраючы тым самым рамкі мастацтвазнаўчых даследаванняў у галіне сучаснага выяўленчага мастацтва. Работа вялася не толькі на падставе фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, але і збораў Віцебскага і Магілеўскага мастацкіх музеяў і прыватных збораў мастакоў.

Аўтары адзначаюць, што пошукі шляхоў увасаблення духу новага часу, яго грамадзянскай атмасферы і новага героя прывялі да разнастайнасці пластыкі і каларыту, шырокага выкарыстання магчымасцяў мастацкай метафары, сімволіка-алегарычных прыёмаў у жывапісных кампазіцыях, што прыкметна вылучае сучасны этап развіцця беларускага партрэтнага жывапісу.

Немалая заслуга аўтараў і ў тым, што яны змаглі сабраць, класіфікаваць і прааналізаваць вельмі аб’ёмны матэрыял, вылучыць у ім галоўнае і вызначальнае. Разам з тым варта адзначыць, што, на жаль, у аглядах творчасці вядучых мастакоў-партрэтыстаў адчувальна не хапае характэрных біяграфічных дэталяў і фактаў, якія б раскрывалі творчы генезіс і гісторыю стварэння найважнейшых палотнаў, што ўвайшлі ў залаты фонд беларускага выяўленчага мастацтва. Гэта тлумачыцца жаданнем аўтараў даць шырокую рэтраспектыву развіцця жанру. Не ўсё сказанае аўтарамі падаецца бясспрэчным. Асобныя ацэнкі і думкі могуць стаць прадметам дыскусіі.

Мікалай ГУГНІН, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт

Загаловак у газеце: Ад параднасці да метафарычнасці

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

Кожны ахвотны мог зрабіць што-небудзь з жалеза.

Спорт

Усё пра конны спорт: хараство і небяспека «жыцця» на канюшні

Усё пра конны спорт: хараство і небяспека «жыцця» на канюшні

Ганна Карасёва — самая тытулаваная айчынная спартсменка ў конным спорце, з Задыякам і Арлекінам яна выступае ў самай прыгожай, але адначасова складанай, дысцыпліне — выездцы.

Культура

«Лістапад» назваў пераможцаў — усё вяртаецца ў звычайнае кола

«Лістапад» назваў пераможцаў — усё вяртаецца ў звычайнае кола

Поруч з салодкім зачараваннем кіно на «Лістападзе» заўсёды ідзе інтрыга — што і каго міжнародныя склады журы назавуць найлепшымі і з якімі фармулёўкамі.

Спорт

Як беларуска Вера Хвашчынская стала найлепшай на кантыненце ў рускіх шашках

Як беларуска Вера Хвашчынская стала найлепшай на кантыненце ў рускіх шашках

Вера Хвашчынская пачала выступаць у дарослых турнірах па шашках у 15-гадовым узросце.