Вы тут

Ухапіць эфемернасць?


Мастацтва перамагае — абставіны і ўмовы, у якіх існуе, час і нават чалавека, якому зручна існаваць у звыклай завядзёнцы, калі можна не задаваць сабе пытанняў. Мастацтва задае пытанні — не наўпрост, але для іх вырашэння розум актывізуецца і працуе, працуе… Якім павінен быць сучасны тэатр, каб знаходзіць шлях да чалавека? Пра гэта ішла гаворка ў межах форуму «ТЭАРТ», госцем якога сёлета была знакамітая расійская тэатразнаўца Марына Давыдава. Падчас лекцыі «Тэатр “па-за межамі”: выклікі сучаснасці» яна патлумачыла, што цяпер адбываецца ў гэтым відзе мастацтва:


…Сёння цікава назіраць не толькі за тэатрам, а наогул за тым, што адбываецца ўнутры відовішчных мастацтваў, якіх шмат. Адзін від плаўна перацякае ў другі. Паміж відамі мастацтваў межы паціху разбураюцца. У гэтым сэнсе тэатр, як ні дзіўна, апынуўся ў найбольш выгадным становішчы. Яшчэ ў гады майго студэнцкага юнацтва ішлі дэбаты пра тое, наколькі акажацца жыццяздольны тэатр у эпоху кіно, тэлебачання, лічбавых тэхналогій, якія ўжо насталі. Аказалася, што тэатр (мастацтва, якое не тыражуецца, кепска канвертуецца, якое, у адрозненне ад кіно, музыкі ды літаратуры, не так проста перадаваць на нейкіх носьбітах) — унікальная са з’яваў, яна не выцеснена некуды на ўзбочыну. Чым больш назіраеш за працэсам — і тэатральным, і агульнакультурным, — тым больш разумееш, што тэатр нават апынуўся ў цэнтры мастацкага жыцця. Аднак гэта мае і негатыўныя наступствы. Таму што ў Расіі, напрыклад, вялікая частка падзей і нават скандалаў у сферы мастацтва адбываецца вакол тэатральных з’яў…

…На мой погляд, ёсць перавага тэатра перад усімі відамі мастацтва. Кіно, якое б ні было — артхауснае, блокбастар, драма ці серыял, — мае толькі адзін спосаб прэзентацыі: яго можна паказваць на экране (які б ён ні быў). Для літаратуры як мастацтва ёсць толькі адзін спосаб прэзентацыі — кнігі (друкаваныя ці электронныя, але іх трэба чытаць). Тэатр, як высветлілася, можа быць рэпрэзентаваны самымі рознымі спосабамі. Той тэатр, да якога мы прывыклі, куды мы прыходзім а сёмай гадзіне вечара, сядаем у цёмную залу, а на сцэне людзі гавораць словы па ролях, нікуды не падзеўся і нікуды не падзенецца ў найбліжэйшай перспектыве. Наогул, у тэатры можна паказваць кіно, і гэта, тым не менш, будзе тэатр: глядач мусіць счытваць тое, што адбываецца ў гульнявой прасторы. У тэатры можа быць выкарыстаны відэа-арт, жывыя здымкі ў рэжыме рэальнага часу, але гэта ўсё адно тэатр. Тэатр сам па сабе можа прадстаўляць інсталяцыю. Але, тым не менш, ён усё роўна застанецца тэатрам.

…Як жа ахарактарызаваць сучасны тэатр? Я для сябе знайшла адказ: калі спрабаваць вызначыць сучасны тэатр адным словам, то гэта слова «розны». Трэба адкінуць усялякія спробы даць яму жорсткія дэфініцыі. Сучасны тэатр — гэта шляхі, якія разыходзяцца ў розныя бакі. Калі нехта скажа, што тэатр, які пабудаваны на тэксце, памёр і цяпер будзе толькі візуальны тэатр, не верце. Ёсць безліч прыкладаў цудоўнага тэатра, дзе па-ранейшаму пануе тэкст. Не спрацоўвае і такі падыход: «Ужо ніхто не ставіць класіку». Ставяць. Досыць добрых спектакляў, якія ставяцца паводле класічных твораў (часам яны перапісаныя, а часам і неперапісаныя). Не магу сказаць, што ўзнік нейкі трэнд і ўсе адразу змянілі арыенціры. Можна казаць, што дакументальны тэатр важны. Але і недакументальны таксама важны. Высвятляецца, што ўсё, што мы імкнуліся адмесці, застаецца ў тым ці іншым выглядзе…

…У сваёй знакамітай кнізе «Постдраматычны тэатр» Хан-Ціс Леман спрабуе даць вызначэнне сучаснаму тэатру. Не зусім карэктныя ўсе апазіцыі, якія спрабуюць вывесці: класічны — некласічны, актуальны тэатр і г. д. Ён можа быць розны і ў гэтай рознасці можа быць сучасны і несучасны. Дакументальны, але несучасны. Авангардны, але непераканаўчы… Ці наадварот: акцёры шапочуць, а з’яўляецца нейкая магія. Катэгорыя сучаснасці вельмі складана праяўляецца, яе няпроста ўхапіць, гэта эфемернасць. Для сябе я раблю мысленны эксперымент: нібыта нічога не ведаю пра спектакль, які гляджу. Але мне кажуць: прэм’ера адбылася 10 гадоў таму. І калі я не здзіўляюся, то гэта не сучасны тэатр. Таму што ў выпадку сапраўднага спектакля сучаснага тэатра, нават калі вам скажуць, што пастаноўка жыве 25 гадоў, вы не паверыце. Бо 25 гадоў таму людзі так не мыслілі, так не бачылі рэчаіснасць, так яе не адчувалі, гэта сённяшні погляд. У спектаклі можа і не быць злабадзённасці, але ён прадстаўляе бачанне сучаснага чалавека.

Тэрмін «постдраматычны тэатр» некарэктны. Таму што тады мы можам казаць пра «постдраматычную драму», «посттанцавальны танец», «постоперную оперу». Я аддаю перавагу больш простаму вызначэнню — «сучасны». Для мяне вызначальны момант, калі гэтая сучаснасць пачынае ў тэатры фарміравацца, — калі рэжысёр аказваецца не проста інтэрпрэтатарам нейкіх тэкстаў, а свайго роду дэміургам: ён заяўляе свае правы на тое, што можа быць стваральнікам нейкай тэатральнай рэчаіснасці. Таму што рэжысура — не такая старая з’ява ў нашым тэатральным жыцці, ёй крыху больш за стагоддзе. На першых этапах свайго існавання рэжысура так ці інакш існуе ў прасторы інтэрпрэтацыйнага тэатра. Ёсць тэкст і ёсць чалавек, які гэты тэкст нейкім чынам інтэрпрэтуе на сцэне. Ён яго можа адкрываць складанымі адмычкамі, а можа паставіцца да яго з асаблівым даверам, ён можа рабіць усё на пераадоленні, а можа перайначваць, мяняць акцэнты, сэнс. Але так ці інакш ён залежны ад тэксту, ён без яго не існуе.

А што такое з’яўленне рэжысёра? Гэта працэс эмансіпацыі тэатра. Ён быў залежны ад літаратуры, але ў эпоху рэжысуры тэатр сцвярджае сябе як самастойнае мастацтва, у якога свае законы, па якіх ён існуе. Але гэтым справа не абмяжоўваецца. Таму што ў нейкі момант рэжысёр кажа: а я магу наогул абыходзіцца без літаратуры. Я той самы дэміург, які ўсё стварае на сцэне. І гэта мой свет, ён нікому, акрамя мяне, не належыць… І ёсць такія геніі, якія максімальна выяўляюць сваю эпоху, а ёсць тыя, чыя творчасць рыхтуе будучыню тэатра. Яны задаюць нейкія трэнды на дзесяцігоддзі наперад.

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Ганны ШАРКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».