Вы тут

Зімовы холад у прожылках «Лістапада»


З чым выходзіць на фестываль Беларусь?


Кадр з фільма «Халодная вайна».

Кіно будзе, і айчыннае — таксама. Пастаянны глядач ужо разумее, што яно можа быць прадстаўлена ў розных праграмах, не толькі ў Нацыянальным конкурсе. Напрыклад, фільм «Беларуская Атлантыда» члена Еўрапейскай кінаакадэміі, нашага славутага дакументаліста Віктара Аслюка трапіў у праграму асноўнага конкурсу дакументальнага кіно. Прэм’ерная стужка гэтага года «Правілы геймера» рэжысёра Ігара Чацверыкова атрымала гонар стаць фільмам адкрыцця «Лістападзіка». Але ёсць і Нацыянальны конкурс, які некалькі гадоў прыцягваў увагу спецыялістаў і кінаманаў: былі здзіўленні і нават адкрыцці, новыя імёны і цікавыя з’явы. Стала зразумела, што ў Беларусі не толькі глядзяць чужое кіно, але і маюць сваё, якое ствараецца сёння.

Нацыянальныя дыскусіі

Сёлета на Нацыянальны конкурс было пададзена 87 заявак. У праграму трапілі 7 ігравых, 8 дакументальных і 5 анімацыйных карцін. Некаторыя з іх, як «Хрусталь» Дар’і Жук ці «Ягор» Рамана Падалякі і Міхаіла Зуя, ужо знаёмыя кінаманам. Сёлета ў журы Нацыянальнага конкурсу будуць працаваць фестывальны агент Паскаль Рамонда (Францыя), адборшчык праграмы «Дні аўтараў» Венецыянскага кінафестывалю Рэната Сантора і беларуска Дар’я Юркевіч, рэжысёр, фільм якой быў сярод пераможцаў мінулых гадоў.

«Сёлета было прынята новаўвядзенне: канчатковы адбор карцін Нацыянальнага конкурсу праводзіць не дырэкцыя фестывалю, а камісія пры Міністэрстве культуры», — адзначыў Мікалай Лаўранюк, які ў папярэднія гады апекаваўся айчыннымі стужкамі. Арамя карцін, створаных на галоўнай студыі краіны, раней была магчымасць больш шырокага знаёмства з работамі незалежных студый і майстроў, маладых творцаў, якія імкнуцца знайсці свой стыль.

Першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга патлумачыла, што адборачная камісія існуе некалькі апошніх гадоў і нараканняў наконт яе аб’ектыўнасці не было: «Няма ніякага прыярытэту зыходзячы з месца стварэння таго ці іншага фільма: зняты ён на дзяржаўнай студыі “Беларусьфільм”, масцітым прадстаўніком нейкай іншай кампаніі ці маладым і малавядомым рэжысёрам. Тут галоўнае, па-першае, майстэрства; падругое, здольнасць глыбока зазірнуць у праблему, закласці пасланне да гледача. Нацыянальны конкурс — як латарэя, як траплянне ў куфар са скарбам».

Дырэктар фестывалю Анжаліка Крашэўская дала сваю ацэнку новаўвядзенню: «Згодна з міжнародным рэгламэнтам, фестываль павінен быць па-за цэнзурным кантэкстам. У выпадку дзяржаўнага ўмяшання краіна можа быць пазбаўленая права праводзіць фестывалі, якія атрымліваюць міжнародную акрэдытацыю».

Аднак адным з заснавальнікаў кінафестывалю з’яўляецца Міністэрства культуры Беларусі. Яно выдаткоўвае вялікую частку сродкаў на арганізацыю «Лістапада». Але падключэнне міністэрства да фарміравання праграмы нацыянальнага конкурсу выклікала не толькі дыскусіі, але і рэакцыю саміх стваральнікаў кіно…

Наперадзе — цэлы тыдзень фестывальнага свята (менавіта нацыянальны конкурс будзе праходзіць з 6 па 8 лістапада), у сувязі з чым раім вам самім ацаніць, як паўплывала на фестываль новаўвядзенне.

Асноўныя інтрыгі

Сёлетнія праграмы дакументальнага кіно, па словах праграмнага дырэктара Ірыны Дзям’янавай, будуць ламаць стэрэатыпы, датычныя лічбы 13. 13 інстытуцый у Конкурсе нацыянальных кінашкол і 13 фільмаў у Асноўным конкурсе дакументальнага кіно. У першым — найлепшыя еўрапейскія кінашколы, а ў кіно, як адзначыла Ірына Дзям’янава, вельмі важныя сувязі, распачатыя ў студэнцкія часы. У другім — «дарослыя» карціны з Польшчы, Венгрыі, Бразіліі (трэба разумець, тут шмат капрадукцыйных праектаў), аўтары якіх «часта звяртаюцца да ўласнай гісторыі, да гісторыі ўласнай сям’і. Глядзіш і ўзрушаешся, як блізка аўтары змаглі падысці да свайго героя. Стаць незаўважнымі, часткай сцяны, часткай абстаноўкі — гэта, вядома, найвышэйшае прафесійнае майстэрства. Яшчэ адна яркая асаблівасць дакументальнага кіно: мы можам бачыць, як мяняецца чалавек пад уздзеяннем абставін ці іншых людзей. Гэты працэс змянення, перараджэння, а часам і падзення ў дакументальным кіно вельмі цікавы».

Праграмы неігравога кіно будуць паказвацца ў фестывальныя дні ў кінатэатры «Мір». У асноўны конкурсе ігравога кіно аб’яднаныя карціны краін постсавецкага лагера ці тых краін, што маюць блізкія да нас сацыяльныя ды эканамічныя арыенціры.

У асноўны конкурс ігравога кіно адабрана дзесяць карцін з такіх краін, як Украіна, Польшча, Балгарыя, Казахстан, Кыргызстан, В’етнам… Той момант, калі кожнай карцінай трэба пацікавіцца асобна, каб адчуць дух творчага спаборніцтва.

 Конкурс «Маладосць на маршы» сканцэнтраваўся на дэбютах і другіх па ліку карцінах. Гэтым разам ён уключыў адзінаццаць работ з Індыі, Японіі, Ірана, Венгрыі, Румыніі, шматлікія капрадукцыйныя праекты. І адзін — што незвычайна — пазаконкурсны паказ фільмаў кітайскага рэжысёра Ху Бо, які пайшоў з жыцця (дырэкцыя не магла абмінуць яго ўвагай, але палічыла несумленным уключаць аўтара ў спаборніцтва). Старшынёй журы Асноўнага конкурсу ігравога кіно стаў Юсуп Разыкаў (Расія), «Маладосці на маршы» — Зара Абдулаева (Расія), «Лiстападзiка» — Эрык Білода (ЗША), Асноўнага конкурсу дакументальнага кіно — Міхал Лешчылоўскі (Польша), Конкурсу нацыянальных кінашкол — Ёзэфіна Зетмахер (Германія).

Галоўныя адмыслоўцы

Кінаманы заўсёды чакаюць пазаконкурсных праграм фестывалю.

Яны ёсць у катэгорыі дакументальнага кіно. «Праграма “Лепшае” аб’яднала розныя фільмы, але ў кожнага з іх яскравая фестывальная гісторыя. Гэта, напрыклад, сямейныя меладрамы: ліванскі фільм “Арэлі” і брытанская карціна на актуальную тэму “Яшчэ адна навіна”, якую я раю паглядзець, бо ў цэнтры тут не толькі праблемы ўцекачоў у Еўропе, але і тое, як да іх асвятлення ставяцца журналісты з пункту гледжання псіхалагічнага перажывання драм і трагедый. Элегантнай італьянскай стужкай з’яўляецца “Скліканне”. Можна паглядзець фільм Сяргея Лазніцы “Дзень перамогі”, які паказвалі на ўсіх найбуйнейшых кінафестывалях. Вельмі прыемна, што ў гэтым годзе мы пазнаёмімся з рэжысёрам Аленай ван дэр Хорст. Яна зняла чуллівы фільм аб расійскай глыбінцы “Каханне — гэта бульба”», — расказала дырэктар дакументальных праграм фестывалю Ірына Дзям’янава. Таксама дакументальнае пазаконкурснае кіно пакажуць у шэрагу іншых праграм.

Праграмны дырэктар ігравых праграм фестывалю Ігар Сукманаў анансаваў пазаконкурсную праграму ігравога кіно. Традыцыйна ў секцыю «Львы, мядзведзі, пальмавыя галіны» ўвайшлі ўдзельнікі і прызёры прэстыжных кінафестываляў. «Мы будзем шчодрымі на ўражанні. У пазаконкурснай праграме чакаецца россып зорных імёнаў сусветнай рэжысуры, — патлумачыў Ігар Сукманаў. — Будуць дзве вялікія рэтраспектывы. Адна з іх прысвечана французскай жанчынерэжысёру Аньес Варда. Мы, у тым ліку, прадставім яе класічныя карціны, уключаючы “Клеа ад 5 да 7”. Фільм “Шчасце” ўпершыню пакажуць у Беларусі, яго ніяк нельга прапусціць, таму што гэта адзін з галоўных скарбаў сусветнай кінематаграфіі. У рэтраспектыву ўключана і апошняя карціна Аньес Варда “Твары, вёскі”. Інфармацыя аб удзеле гэтага фільма пацвердзілася нядаўна, набыць права на яго было неймаверна складана. У мінулым годзе ён намінаваўся на прэмію “Оскар” у катэгорыі “Лепшы дакументальны фільм”».

Гледачам параілі звярнуць увагу на секцыю «Колер ночы», дзе можна знайсці нямала гучных імёнаў: Ларс фон Трыер, Паола Сарэнціна, Клер Дэні.

Сёлета «Лістапад» арганізуе дзве спецыяльныя праграмы. Адна — як кінафестываль любіць рабіць — факусуецца на кінематаграфіі пэўнай краіны, гэтым разам Славеніі. Адносна невялікая і адносна маладая дзяржава прадставіць шэсць карцін — ад класічнай стужкі сярэдзіны мінулага стагоддзя да сучасных работ — і пакажа, што на парадку дня ў славенцаў і як яны пра гэта размаўляюць сёння.

Пра агульнае ўчора (на глебе якога ствараўся асноўны конкурс «Лістапада») распавядзе 2 лістапада ў кінатэатры «Масква» чорна-белая стужка польскага рэжысёра Паўла Паўлікоўскі «Халодная вайна». Гэта той самы рэжысёр, які ўжо атрымліваў галоўную ўзнагароду «Лістапада» за фільм «Іда» (што потым узяў «Оскара»). Фільм «Халодная вайна» адлюстроўвае існаванне дзвюх сістэм, але, па сутнасці, распавядае пра чалавечыя пачуцці, як на іх паўплывалі падзеі мінулага стагоддзя. Гісторыя кахання на фоне гістарычных пераломаў ужо была высока адзначана на Канскім кінафестывалі. Павел Паўлікоўскі стаў найлепшым рэжысёрам. А стужка вылучана на «Оскар» ад Польшчы.

P. S. Сёлета ў праграме Мінскага кінафестывалю і нядаўна апублікаванага лонг-ліста «Оскара» супала дзесяць фільмаў. Мы выбіраем годнае кіно для праглядаў, а «Лістапад» трымае планку.

Праграму аглядалі Данііл ЛЫСЕНКА і Марыя АСІПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.