Вы тут

Два конкурсы «Лістапада» ўжо падвялі вынікі


Усе пераможцы стануць вядомыя заўтра.

Услед за Конкурсам нацыянальных кінашкол, у якім галоўны прыз атрымала карціна «Той жа ж боль» Польскай нацыянальнай школы кіно, тэлебачання і тэатра ў Лодзі, пераможцаў назвала журы конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік». Цырымонія закрыцця апошняга з абвяшчэннем найлепшых і дэманстрацыяй бразільскай стужкі «Ціта і птушкі» адбылася ў кінатэатры «Піянер» учора. Тым часам на пляцоўках кінафестывалю завяршаюцца конкурсныя паказы і ўсё пакрысе падыходзіць да лагічнага завяршэння — заўтра на цырымоніі закрыцця «Лістапада» ў кінатэатры «Масква» будуць названыя ўладальнікі «золата», «серабра», прыза глядацкіх сімпатый і іншых узнагарод. У перадапошні дзень становіцца і радасна, і сумна.


Кадр з фільма «Супа Мода»

Конкурс нацыянальных кінашкол і «Лістападзік» па традыцыі падводзяць вынікі першымі. Журы «майстэрні» студэнцкага кіно апроч кінашколы ў Лодзі адзначыла дыпломамі работы Кыргызска-Турэцкага ўніверсітэта «Манас» і Мабільнай кінашколы DOCNOMADS. Сёлета ў конкурсе ўдзельнічала рэкордная колькасць фільмаў: калі ў мінулыя гады тут паказвалася каля пятнаццаці работ, то ў гэтым — дваццаць пяць, чатыры з якіх былі адзначаны членамі журы.

6 лістапада ў «Піянеры» прайшла цырымонія закрыцця «Лістападзіка». Яго сацыяльным партнёрам выступіў Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ), прадстаўнікі якога ўдзельнічалі ў абмеркаваннях конкурсных работ з гледачамі. Мадэратарамі дыскусій выступалі пісьменніца і лаўрэат літаратурных прэмій «Пунсовыя ветразі» і «Запаветная мара» Яўгенія Пастэрнак і аўтар кніг для падлеткаў і сцэнарыст Андрэй Жвалеўскі. На цырымоніі ж гасцей сустракалі казачныя персанажы, пасля чаго ў зале былі абвешчаны пераможцы і паказаны фільм закрыцця «Ціта і птушкі» з Бразіліі.

Найлепшай, па версіі журы, стала работа «Супа Мода» Лікарыёна Вайнайны. Уладальнік «Залатога «Лістападзіка» ў гэтым годзе таксама ўключаны ў лонг-ліст карцін, намінаваных на саісканне прэміі «Оскар» як «найлепшы фільм на замежнай мове». Больш за тое, на 25-м «Лістападзе» «Супа Мода» пашырыла геаграфію Мінскага кінафестывалю: упершыню ў ім удзельнічала работа з Кеніі.

Чун Ча-Чун з фільма «Ведае толькі мора» і Філіпа Нігра, акцёр «Уцёкаў у Рым», атрымалі ўзнагароды ад журы за «найлепшую дзіцячую ролю» і «найлепшую работу дарослага ў дзіцячым фільме». Спецыяльны прыз журы за найлепшы сцэнарый атрымала карціна з Казахстана «На мяжы», а дыплом за найлепшае аператарскае мастацтва — эстонскі «Таварыш дзіця».

Таксама 6 лістапада ўвечары ў кінатэатры «Цэнтральны» французская актрыса Валеры Мерэс, вядомая па карцінах «Гэта не я, гэта — ён!», «Банзай», «Укол парасонам», а таксама зорка аўтарскага кіно, прадставіла фемінісцкую карціну «Адна спявае, другая не». Паказ прайшоў у рамках рэтраспектывы «Геніі кіно: Аньес Варда» і не сабраў поўнай залы, хаця фільм быў заяўлены праграмным дырэктарам «Лістапада» Ігарам Сукманавым як этапная стужка французскага кінематографа. Валеры Мерэс асобна павітала жанчын і мужчын, да якіх «яна ставіцца талерантна». Карціна была знята ў час, калі ў Францыі былі забаронены аборты, і сапраўды ў пэўным сэнсе стала рэвалюцыйнай для французскай грамадскасці.

Тым часам сённяшні дзень — перадапошні на «Лістападзе». Завяршаюцца паказы конкурсных фільмаў, праходзяць літаральна апошнія сустрэчы з аўтарамі, даецца апошняя магчымасць задаць пытанні прадстаўнікам здымачных груп. Насуперак усяму на кінафестывалі дзейнічае пляцоўка Нацыянальнага конкурсу, на якой беларускія аўтары прадстаўляюць свае работы публіцы. Сеансы праходзяць у кінатэатры «Беларусь». Заўтра кінафестываль працягнецца кінапаказамі і завяршыцца цырымоніяй закрыцця ў «Маскве», на якой будуць аб'яўлены ўсе пераможцы і ўручаны спецыяльныя прызы.

Заснавальнікамі кінафестывалю «Лістапад» выступаюць Міністэрства культуры і Мінгарвыканкам, магчымасці арганізатараў таксама пашырае генеральны партнёр банкаўская плацежная картка «Шчодрая» MasterCard, арганізатарамі — дарэчы, хутка будзе дзесяць год як — выступае Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «Арт Карпарэйшн».

Уладальнікі «золата», «серабра», прыза глядацкіх сімпатый і іншых узнагарод стануць вядомыя заўтра ўвечары, інфармацыю пра пераможцаў можна будзе аператыўна знайсці на сайце кінафестывалю lіstapad.com.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.