Вы тут

Што зменіцца для спажыўцоў з 23 снежня?


З 23 снежня ўступаюць у сілу змяненні ў законе «Аб абароне правоў спажыўцоў». Ці з'явіцца на этыкетках беларуская мова? У якіх выпадках прадавец зможа павялічыць тэрмін гарантыйнага рамонту? Ці будуць выдаваць рэшту з падарункавага сертыфіката? Мы паглядзелі, якія новаўвядзенні чакаюць спажыўцоў, а таксама даведаліся, з якімі праблемамі часцей сутыкаюцца пакупнікі і што рабіць, калі вытворца адмаўляецца прызнаваць дэфект тавару.


Цану прапішуць чытэльным шрыфтам

Якія ж змяненні ўвайшлі ў закон? Так, на таварах абавяжуць змяшчаць інфармацыю аб краіне іх паходжання, калі яна не супадае з адрасам вытворцы, і аб класе энергаэфектыўнасці (напрыклад, у маркіроўцы халадзільнікаў, пральных і пасудамыечных машын).

Прадаўцы, якія рэалізуюць тавар дыстанцыйна праз рэкламу ці інтэрнэт, мусяць указваць цану шрыфтам, памер якога павінен быць не меншым за палову самага вялікага шрыфту, які ёсць у апісанні. Гэта дазволіць зрабіць інфармацыю чытэльнай, і спажывец радзей будзе памыляцца наконт кошту пакупкі.

— Значная колькасць зваротаў пры рабоце над праектам закона датычылася мовы інфармацыі. У гэтай сувязі ўлічана прапанова аб давядзенні звестак «на беларускай і (ці) рускай мовах», — каментуюць у Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

Замацавалі таксама права спажыўца на разлік у наяўнай і безнаяўнай форме. Пры гэтым прадаўцу забаронена ўстанаўліваць розныя цэны ў залежнасці ад формы аплаты.

Пры звароце пакупніку грошай у яго не павінны будуць патрабаваць пашпарт ці іншы дакумент, які сведчыць асобу. Спажывец зможа таксама адмовіцца ад дагавора аб выкананні работы (паслугі), але ў такім выпадку яму давядзецца аплаціць выканаўцу фактычна панесеныя расходы.

Улічваліся ў законе і прапановы бізнес-супольнасці. У прыватнасці, вярнуць ці замяніць тэхнічна складаныя і дарагія тавары пасля таго, як прайшло 30 дзён пасля пакупкі, можна будзе толькі ў двух выпадках: калі выявіўся істотны недахоп ці калі прадавец парушыў тэрміны бясплатнага рамонту.

Дазваляецца таксама з пісьмовай згоды спажыўца павялічваць тэрмін гарантыйнага рамонту з 14 да 30 дзён. «Папраўка абумоўлена выпадкамі аб'ектыўнай неабходнасці, напрыклад у сувязі з дазаказам камплектуючых, запасных частак, патрабаваннямі аб правядзенні рамонту на абсталяванні вытворцы ці яго ўпаўнаважаных асоб, якія знаходзяцца далёка», — тлумачаць у міністэрстве.

Рамонтныя арганізацыі абавяжуць правяраць якасць дастаўленага ім прадаўцамі тавару ў трохдзённы тэрмін. Калі спажывец не забірае тавар пасля двух месяцаў з моманту экспертызы ці бясплатнага рамонту без уважлівай прычыны, з яго маюць права спагнаць выдаткі за захаванне рэчы. А вяртаць якасны тавар трэба будзе ва ўпакоўцы, у якой яго прадалі.

Сертыфікат можна будзе вярнуць

Некаторыя моманты дагэтуль абмяркоўваюцца. Напрыклад, правілы дзеяння падарункавых сертыфікатаў — сёння яны выклікаюць шмат спрэчак. У праекце пастановы Савета Міністраў «Аб некаторых мерах па абароне правоў спажыўцоў» прадугледжваецца, што сертыфікат можна будзе вярнуць на працягу 14 дзён з моманту яго пакупкі. Калі за яго разлічваліся ў безнаяўнай форме, то спажыўцу, які прад'явіць падарункавы дакумент, вернуць грошы на яго рахунак.

Прадавец не будзе мець права ўстанаўліваць умовы рэалізацыі тавараў ці аказання паслуг, якія абмяжоўваюць тэрмін дзеяння сертыфіката, а таксама патрабаваць ад спажыўца нейкіх дадатковых дзеянняў для атрымання падарунка. Пры продажы такога дакумента абавязаны будуць выдаваць чэк.

Ніякіх даплат за паслугі і тавары, прапісаныя ў сертыфікаце, з вас патрабаваць не змогуць. А калі кошт гэтых паслуг і тавараў на момант атрымання спажыўцом знізіўся, яму павінны будуць даць рэшту. Тое ж самае і з сертыфікатамі на пэўную суму: можна будзе патрабаваць рэшту, калі не патраціў гэту суму цалкам.

Прадаўцу дазволяць працягваць тэрмін дзеяння падарункавага дакумента.

Пераглядаецца таксама пералік непрадуктовых тавараў належнай якасці, якія не падлягаюць абмену і звароту ў 14-дзённы тэрмін. Яго прапануюць пашырыць: уключыць туды ветэрынарныя сродкі, тавары для прафілактыкі і лячэння захворванняў у хатніх умовах (медыцынскія прылады і інструменты, кантактныя лінзы, прадметы па доглядзе за дзецьмі), вадкасць для электронных парагенератараў.

— Заклапочанасць выклікае, што пашыраецца спіс тэхнічна складаных тавараў бытавога прызначэння, якія нельга вярнуць, калі яны не маюць дэфектаў, — дзеліцца старшыня Беларускага таварыства абароны спажыўцоў Ганна СУША. — У расійскім законе ёсць «перыяд ахалоджвання»: калі спажывец набыў халадзільнік ці пліту, ён пяць-сем дзён прызвычайваецца да рэчы, глядзіць, ці падыходзіць гэта яму ці не. На жаль, такая норма ў беларускім законе не прынята. Яна не прайшла з-за ціску бізнесу.

На думку Ганны Сушы, варта было б яшчэ дапрацаваць артыкул 12 Закона «Аб абароне правоў спажыўцоў». А менавіта пункт пра тавары, якія наносяць шкоду маёмасці, здароўю і навакольнаму асяроддзю. Закон прадпісвае, што вытворца павінен зняць такую прадукцыю з рэалізацыі і адклікаць ад спажыўца, але сам механізм, як гэта будзе адбывацца, пакуль не вызначаны. З-за гэтага і ўзнікнуць праблемы.

— Падчас нашага грамадскага нагляду мы ўбачылі, што тавары з рэестра небяспечнай прадукцыі працягваюць рэалізоўвацца ў гандлёвай сетцы, — адзначае старшыня таварыства.

Навязлівы сервіс і сумнеўныя вытворцы

Самай частай праблемай, з якой сутыкаюцца спажыўцы, застаецца навязванне тавараў і паслуг — запрашэнні праз званкі на прэзентацыі посуду, пасцельнай бялізны.

— Там мастацтва прадаваць наладжана вельмі добра, і людзі, не задумваючыся, заключаюць дагаворы растэрміноўкі і набываюць рэчы. І толькі потым пачынаюць разумець, што зрабілі. Асабліва ў такія сітуацыі трапляюць пенсіянеры і інваліды — ААН вылучае іх як групу ўразлівых спажыўцоў, — дзеліцца Ганна Суша.

Яна расказвае, што цяпер, акрамя фільтраў і новых акон, дакучліва прапануюць абслугоўванне камп'ютараў. Абыходзяць кватэры і ўгаворваюць хатніх гаспадынь пагаджацца на гэту паслугу, якая каштуе 600 рублёў.

Як змагацца з такім сэрвісам? Варыянт адзін — спажывец павінен навучыцца казаць «не». Бо тыя ж мыйныя пыласосы, набытыя на прэзентацыі ў растэрміноўку, не ўдасца вярнуць прадаўцу, таму што гэта тэхнічна складаны тавар.

У выпадку калі прадукцыя бракаваная, а ў краме адмаўляюцца гэта прызнаваць, праводзіцца экспертыза. Па законе яе мусіць аплачваць прадавец. Але на практыцы адбываецца інакш. Калі пакупнік зацікаўлены ў экспертызе, ён робіць яе за свой кошт, і калі выяўляецца вытворчы дэфект, то прадавец кампенсуе кошт тавару і іншыя выдаткі (у тым ліку транспартныя).

Праводзяць экспертызу тэхнолагі і таваразнаўцы. Пры ацэнцы таго ж абутку яны могуць дакладна сказаць, парваўся ён з-за няякаснага матэрыялу ці з-за асаблівасцяў ступні і няправільна падабранага памеру. Працэдура гэта каштуе ад 118 рублёў. Але на яе прыносяць і танныя тавары.

— Звяртаюцца, як правіла, тыя пакупнікі, каго вельмі пакрыўдзілі. У нас была жанчына, якой прадавец сказала: «Вы ў гэтым паліто спалі, таму яно і мае такі выгляд». Часта звяртаюцца па мэблі, устаноўцы дзвярэй, абутку, адзенні, — пералічвае эксперт Беларускага таварыства абароны спажыўцоў Наталля КУПРЭВІЧ.

Людзі сталі больш ведаць пра свае правы, мяркуе Ганна Суша. Яшчэ ў 2000 годзе таварыства распрацавала вучэбны дапаможнік «Асновы спажывецкіх ведаў» — такі прадмет у выглядзе факультатыву выкладаецца ў школах. Але не ўсе адносіны куплі-продажу падпадаюць пад закон «Аб абароне правоў спажыўцоў». Напрыклад, калі вы набылі рэч на інтэрнэт-пляцоўцы ў фізічнай асобы, то тут гэты дакумент не працуе.

— Вельмі асцярожна трэба ставіцца да пакупак. Варта паглядзець спачатку, як даўно вытворца прысутнічае на рынку. Бо бывае так: прадпрымальнік атрымаў пасведчанне аб рэгістрацыі, прывёз тавар, распрадаў і прыпыніў сваю дзейнасць. Тады прад'явіць прэтэнзію па якасці няма каму, — перасцерагае старшыня таварыства. — Перш чым даставаць кашалёк, палічыце хоць бы да пяці і падумайце: а ці патрэбны вам гэты тавар?

Толькі лічбы

Летась упаўнаважаныя па абароне правоў спажыўцоў пры раённых адміністрацыях Мінска разгледзелі 3880 пісьмовых зваротаў. З іх 1120 прыпадала на гандаль (а 37 працэнтаў ад гэтай колькасці — на інтэрнэт-гандаль). Плюс былі дадзены кансультацыі па больш чым 12 тысячам зваротаў. Часцей за ўсё (у 50 працэнтах выпадкаў) у пакупнікоў узнікалі пытанні па рэалізацыі няякасных тавараў. 40 працэнтаў зваротаў датычыліся дрэнна аказаных паслуг. У выніку спажыўцам кампенсавалі матэрыяльную шкоду на суму 22 тысячы рублёў.

Некаторыя спрэчкі вырашаліся праз суд — так, летась было пададзена 65 іскаў. Пасля разгляду спраў грамадзянам вярнулі грошы за няякасныя тавары і паслугі ў памеры 81 тысячы рублёў. Таксама з адказчыкаў спагналі штрафы ў мясцовы бюджэт — усяго 68 тысяч рублёў.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА і БЕЛТА

Загаловак у газеце: Новыя правілы гульні для спажыўцоў і прадаўцоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы са старшынёй Савета Федэрацыі Валянцінай Мацвіенка.

Грамадства

Як Брэст рыхтуецца да святкавання свайго 1000-годдзя

Як Брэст рыхтуецца да святкавання свайго 1000-годдзя

Афіцыйныя святкаванні і асноўныя мерапрыемствы гарадскога Міленіума пройдуць 6—8 верасня.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ляльку з секс-шопа, галубоў на ігрушы і дзяўчынку, якая схавала пашпарты.