Вы тут

Сувораўцы адзначылі юбілей


Першая субота лютага даўно стала традыцыйным часам сустрэчы выпускнікоў школ і ўніверсітэтаў. Але ў тых, хто звязаў свой лёс з Сувораўскім ваенным вучылішчам, час збору — пачатак лістапада. Гэта звязана з тым, што менавіта ў апошні месяц восені далёкага 1953 года вучылішча прыняло да сябе першых навучэнцаў.


Сярод выпускнікоў Мінскага сувораўскага вучылішча — цяперашні міністр абароны Андрэй Раўкоў, больш за 150 генералаў, мастакі, пісьменнікі. Агулам жа з яго сцен выйшла больш за 13 тысяч выхаванцаў! Многія з іх сабраліся на тэрыторыі сваёй альма-матар прыгадаць кадэцкае жыццё, сустрэцца са сваімі выкладчыкамі і прайсці па пляцы страявым крокам. На гэтыя некалькі гадзін замест вайсковых прывітанняў вока чаплялі моцныя мужскія поціскі рук.

— Першым сувораўскім і нахімаўскім вучылішчам у былым СССР сёлета спаўняецца 75 гадоў, — кажа старшыня Рэспубліканскага савета Беларускага саюза сувораўцаў і кадэтаў Сяргей Жыціхін. — Тады мэта ставілася адна — сабраць дзяцей вайны, не кінуць іх на волю лёсу, а згуртаваць, зрабіць з іх сапраўдных патрыётаў. Але ў Мінску сувораўскае вучылішча з'явілася толькі праз 10 гадоў. Такое рашэнне прыняло камандаванне Беларускай ваеннай акругі па просьбе Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі. У першыя наборы вучылішчаў у іншых саюзных рэспубліках, якія выпалі якраз на час вайны, прыходзілі дзеці палкоў з баявымі ордэнамі, медалямі... А ў Мінску ў вучылішча паступалі ўжо пераважна дзеці франтавікоў і партызан.

Першы набор у сувораўскае вучылішча ў Мінску быў своеасаблівы. Бралі хлопчыкаў адначасова ў розныя класы — і ў чацвёрты, і ў дзявяты... Справа ў тым, што спачатку навучанне магло доўжыцца ажно сем гадоў! Толькі праз некаторы час гэты працэс падчас рэформаў прыйшоў у стандартны выгляд. Сувораўцы пасля сталі вучыцца тры гады, а затым і ўвогуле два. Ужо ў незалежнай Беларусі тэрмін навучання ў сувораўскім вучылішчы павялічылі да пяці гадоў.

— Мы мусім годна выконваць задачы, якія стаяць перад намі ў рамках Узброеных Сіл, — заўважае начальнік Сувораўскага ваеннага вучылішча Аляксандр Навуменка. — Самае асноўнае — сваімі вынікамі пацвердзіць тую высокую планку, якая была пастаўлена ранейшымі пакаленнямі нашых выпускнікоў. Думаю, што ўсе задачы выканаем у поўным аб'ёме.

Міхаіл Аксянюк скончыў сувораўскае вучылішча дваццаць пяць гадоў таму. На сустрэчу ён прыйшоў з двума сынамі. Адзін з іх, Дзяніс, таксама хоча пайсці па бацькоўскіх слядах.

— Калі б машына часу перанесла мяне ў далёкі 1993 год, то я пайшоў бы след у след. Усё б рабіў гэтаксама. Мы, тагачасныя выпускнікі, дагэтуль не губляем сувязі адно з адным, нават з тымі, каго лёс закінуў у суседнія краіны. Гады, праведзеныя ў гэтых сценах, навучылі мужчынскаму сяброўству, клопату аб таварышу, хвалявацца за стан спраў у калектыве.

— Тата расказваў пра вучобу, паказваў форму, фотаздымкі, вадзіў у сувораўскае вучылішча, — кажа Дзяніс Аксянюк. — Мне вельмі спадабалася. І таму я і захацеў паступаць туды, куды і ён. Буду падцягваць фізічную падрыхтоўку і школьныя веды!

Тыя, хто паступае ў сувораўскае вучылішча, праходзяць сапраўдную загартоўку не толькі ў фізічным, але і ў маральным сэнсе. І такі ўнутраны стрыжань моцна дапамагае ім па жыцці.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».