Вы тут

Для забеспячэння роўнасці — удасканальваем законы


Штогод у органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва па садзейнічанне ў працаўладкаванні звяртаюцца каля 4,5 тысячы грамадзян з інваліднасцю. І ад 30 % да 40 % з іх у выніку ўладкоўваюцца на працу, паведаміла кансультант упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Жанна ШЧАМЯЛЁВА.


Прадстаўнік Мінпрацы адзначыла, што за дзевяць месяцаў гэтага года 23 чалавекі з інваліднасцю адкрылі сваю справу. Разам з тым яна лічыць, што для забеспячэння занятасці гэтай катэгорыі саіскальнікаў вельмі важна заахвочваць наймальнікаў, якія даюць ім рабочыя месцы. Формы такой падтрымкі могуць быць рознымі: дадатковае фінансаванне, кампенсацыя выдаткаў на стварэнне новых спецыялізаваных рабочых месцаў, а таксама такая праграма, як адаптацыя інвалідаў да працоўнай дзейнасці (у ходзе якой яны ўдасканальваюць прафесійныя веды і навыкі, атрымліваюць досвед працы ў калектыве). Такой адаптацыяй, дарэчы, у Беларусі займаюцца 236 прадпрыемстваў.

На будучыню прапанаваны механізм кватавання рабочых месцаў для інвалідаў, а таксама меры адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правоў гэтай катэгорыі грамадзян, у тым ліку за ўхіленне ад забеспячэння даступнасці аб'ектаў для іх.

Гэтыя меры будуць прадугледжаны законам «Аб змяненні законаў па пытаннях сацыяльнай абароны інвалідаў», які будзе накіраваны на забеспячэнне роўнасці і паўнапраўнага ўдзелу інвалідаў у жыцці грамадства.

Зараз ідзе работа над праектам гэтага дакумента. Ён аб'яднае два асноўныя законы — «Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь» і «Аб папярэджанні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў». А таксама будзе дапоўнены новымі нормамі і артыкуламі, каб максімальна ўвасобіць усе палажэнні Канвенцыі аб правах інвалідаў. У прыватнасці, з'явяцца такія артыкулы, як «Недапушчальнасць дыскрымінацыі па прыкмеце інваліднасці», «Абарона правоў інвалідаў і адказнасць за парушэнне правоў інвалідаў», «Гарантыі правоў інвалідаў ва ўмовах надзвычайных сітуацый», «Асветніцка-выхаваўчая работа» (маюцца на ўвазе меры па фарміраванні ў грамадстве паважлівага стаўлення да правоў і годнасці людзей з асаблівасцямі, прыцягненні ўвагі да іх праблем).

Праектам закона прадугледжана ўвядзенне персанальнага асістэнта інваліда і ў цэлым аддаецца шмат увагі комплекснаму міждысцыплінарнаму падыходу ў рэабілітацыі. Мяркуецца забяспечыць інклюзіўную адукацыю на ўсіх узроўнях, а таксама даступнасць інфармацыі для людзей з парушэннем зроку і слыху (дзякуючы выкарыстанню перакладчыкаў мовы жэстаў, субцітраў, шрыфту Брайля, тактыльнай рэльефнай графікі, асістыўных прылад і тэхналогій). Будуць адаптаваны пад патрэбы гэтых катэгорый людзей і афіцыйныя сайты дзяржаўных органаў і іншых устаноў і арганізацый у інтэрнэце.

Святлана БУСЬКО

Загаловак у газеце: Каб жыць як усе...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».