Вы тут

Што адбываецца ў Тунісе?


На мінулым тыдні ў туніскай сталіцы падарвала сябе тэрарыстка-смяротніца. У выніку пацярпелі дзевяць чалавек, у асноўным гэта былі супрацоўнікі праваахоўных органаў. «Жанчына пакінула горад Махдзі і сказала сваёй сям'і, што едзе ў сталіцу для пошуку працы. У яе ўніверсітэцкая ступень у галіне англійскай мовы», — паведаміў пра смяротніцу супрацоўнік міністэрства ўнутраных спраў краіны. Выбух адбыўся на цэнтральнай плошчы Туніса, каля муніцыпальнага тэатра і французскага пасольства. Гэта адно са знакавых месцаў сталіцы паўночнаафрыканскай дзяржавы. Тут заўжды шмат турыстаў і час ад часу ладзяцца рознага роду маніфестацыі. Адметна, што менавіта на плошчы імя Хабіба Бургібы распачалася хваля народных пратэстаў, у выніку якіх у 2011 годзе быў зрынуты тагачасны лідар краіны, і пачалася «арабская вясна». Паводле даных інфармагенцтва Rеutеrs, улады Туніса афіцыйна пацвердзілі, што самападрыў меў тэрарыстычную скіраванасць, а выканаўца і яе настаўнікі звязаны з джыхадысцкім падполлем, якое дзейнічае ў дзяржаве. У СМІ раней гучалі неафіцыйныя здагадкі пра тое, што выбух магла зладзіць тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава». Відавочна, што ў краіне заўважна ўзрос узровень небяспекі. Чаму «ліхаманіць» Туніс?


На ўзгор'і Атласа

Крыху «навігацыі». Туніс на поўначы і ўсходзе абмываецца Міжземным морам, на захадзе мяжуе з Алжырам, на паўднёвым усходзе — з Лівіяй. Каля паловы плошчы краіны займаюць усходнія тэрыторыі гор Атлас, астатняя частка пакрыта саванамі і ў асноўным пустынная. У 1705-м была створана незалежная дзяржава Туніс пад уладай беяў з дынастыі Хусейнідаў, якія прызнавалі султана толькі рэлігійным лідарам. У 1881—1883 гадах Францыя навязала Тунісу пратэктарат, уцягнуўшы яго ў склад сваёй каланіяльнай імперыі. У 1957-м манархія была ліквідаваная. А з пачатку 1960-х у краіне дэ факта ўсталяваўся аднапартыйны рэжым партыі Новы Дустур, пераназванай у 1964 годзе ў Сацыялістычную дустураўскую партыю.

У 1987-м у краіне адбылася Язмінавая рэвалюцыя — прэзідэнт краіны Хабіб Бургіба быў зрынуты прэм'ер-міністрам Бэн Алі са згоды ўсіх ключавых міністраў і сілавых ведамстваў. У наступным годзе ў Тунісе былі праведзены абмежаваныя рэформы. Кіраўніцтва краіны здолела перайсці ад аднапартыйнай сістэмы да фармальна шматпартыйнай, пазбегнуўшы магчымых на такім шляху цяжкіх наступстваў і не страціўшы руль кіравання. Туніс праводзіў празаходнюю палітыку, змагаючыся з ростам ісламскага фундаменталізму.

Аснову эканомікі краіны традыцыйна складае сельская гаспадарка. Другое месца ў нацыянальным даходзе займае турызм, трэцяе — лёгкая прамысловасць, у асноўным тэкстыльная. Па экспарце алівак і аліўкавага алею Туніс займае чацвёртае месца ў свеце. У краіне налічваецца больш за 50 мільёнаў аліўкавых дрэў. Туніс забяспечвае да 10 працэнтаў сусветнай вытворчасці аліўкавага алею. Але іншай сельскагаспадарчай прадукцыі вырабляецца недастаткова, і краіна вымушана яе імпартаваць. Буйныя радовішчы фасфарытаў распрацоўваюць дзяржаўныя кампаніі. Здабыча нафты складае пяць мільёнаў тон, гэта забяспечвае ўнутраныя патрэбы краіны і дае да 40 працэнтаў экспартнай выручкі. Доўгі час «чорнае золата» было асноўнай крыніцай экспартных паступленняў Туніса. З канца 1980-х гэтая роля перайшла да тэкстыльных вырабаў і харчавання.

Другая Язмінавая

На працягу 2000-х у краіне дынамічна развівалася эканоміка. Напрыклад, аб'ём ВУП па парытэце пакупной здольнасці за 2011 год склаў звыш 100 мільярдаў долараў (каля 9500 долараў на душу насельніцтва). Як вызначалі тагачасныя апытанні, амаль палова насельніцтва адносіла сябе да сярэдняга класа. Але ўсё змянілася. Як вядома, у снежні 2010 года распачалася «арабская вясна», калі туніскі актывіст здзейсніў самаспаленне ў сталіцы дзяржавы, запусціўшы тым самым масавыя хваляванні. У выніку дэманстрацыі ўжо да сярэдзіны студзеня наступнага года абярнуліся звяржэннем афіцыйнага ўрада — прэзідэнт Зін Аль-Абідзін Бен Алі і члены яго сям'і былі вымушаныя збегчы з Туніса. Гэтыя падзеі назвалі другой Язмінавай рэвалюцыяй.

З тых часоў на пасадзе кіраўніка дзяржавы змяніліся чатыры палітыкі, але стабільнасць у гэтую краіну так і не вярнулася, лічаць эксперты турэцкага Цэнтра стратэгічных даследаванняў Kаfkаssаm. Наадварот, адзначаліся самыя маштабныя акцыі пратэсту з моманту 2011 года. У шэрагу населеных пунктаў паліцэйскім прыйшлося прымяніць слезацечны газ, каб разагнаць дэманстрантаў. Каля 800 чалавек, якія падазраюцца ў гвалце, марадзёрстве і вандалізме, былі арыштаваныя, прыкладна 100 супрацоўнікаў праваахоўных органаў атрымалі раненні. Тады палітолагі і загаварылі аб вяртанні «арабскай вясны» на радзіму — у Туніс.

Пры гэтым за апошнія сем гадоў тэрарыстычная актыўнасць у краіне не памяншалася: баевікі час ад часу падкрэслівалі сваю прысутнасць і ў гэтай краіне, здзяйсняючы гучныя тэракты, адказнасць за якія нязменна брала на сябе «Ісламская дзяржава». Найбольш буйныя трагедыі адбыліся ў першай палове 2015 года. Гэта майскі напад на музей Брага ў сталічных ваколіцах, падчас якога загінула больш за 20 чалавек. А ў чэрвені адбыўся расстрэл турыстаў у курортным горадзе Сусе. Тады ахвярамі ісламістаў стала больш за 70 чалавек.

Гэтыя два найбольш рэзанансныя тэракты абвалілі эканоміку Туніса, якая моцна залежыць ад турызму. На наступны год радыкальныя ісламісты, арыентуючыся на групоўкі з суседняй Лівіі, здзейснілі няўдалую спробу захапіць прыгранічны горад каля мяжы з былой «Джамахірыяй лівійскага народа». Улады рэзка ўзмацнілі барацьбу з тэрарызмам і рэлігійным экстрэмізмам, і да апошняга часу сур'ёзных тэрактаў у Тунісе не было. Праўда, сітуацыя з бяспекай замежных турыстаў была і застаецца ў гэтай краіне вельмі напружанай, у тым ліку і з-за блізкага суседства з ахопленай грамадзянскай вайной Лівіяй, і з насычаным ісламісцкімі групоўкамі Алжырам. Акрамя таго, нямала прыхільнікаў тэрарыстычнай арганізацыі знаходзіцца і ў самім Тунісе: у рэйтынгу Sоufаn Grоuр гэтая зусім невялікая паўночнаафрыканская краіна заняла чацвёртае месца па пастаўках кадраў у ІД ва ўсім свеце.

Шлях па Міжземным моры

У Тунісе рэзка падае нараджальнасць. У 2010-м сумарны каэфіцыент фертыльнасці ацэньваўся ў 1,71 дзіцяці на жанчыну. Гэта самы нізкі паказчык сярод арабскіх краін, і ён працягвае змяншацца. Сёння колькасць насельніцтва складае каля 10 мільёнаў чалавек. Пераважная большасць з іх (98 працэнтаў) вызнаюць іслам. Адмоўную дэмаграфію ўзмацняе масавая міграцыя.

Паводле статыстыкі, у 2016-м краіну пакінулі 1200 бежанцаў. Праз год — ужо больш за 6000 чалавек. Сёлета толькі за першае паўгоддзе краіну спрабавалі пакінуць 2500 тунісцаў. Пры гэтым, толькі па афіцыйных даных, ужо вядома аб 100 загінулых у караблекрушэннях мігрантах. Так, у чэрвені гэтага года ратавальнікі паднялі 37 цел нелегалаў, якія патанулі каля ўзбярэжжа Туніса, 68 чалавек удалося выратаваць. Жаданне пакінуць краіну, у якой у бежанцаў няма ніякай магчымасці зарабіць хоць нейкія грошы, не знікае нават пад пагрозай смерці. Так, у жніўні ў Сфаксе пры сутыкненні ваенных і мігрантаў загінула па меншай меры чатыры чалавекі. Нелегалы паспрабавалі даць нацгвардыі адпор і закідалі іх «кактэйлямі Молатава».

Дайце працу ці забіце!

Банкаўскія пазыкі сталі «традыцыяй» сем'яў Туніса, піша АlАrаbу. Нізкія заробкі і высокія цэны з'яўляюцца асноўнымі прычынамі, з-за якіх тунісцы бяруць крэдыты. Аб гэтым сведчаць вынікі даследавання Нацыянальнага інстытута дзяржаўнага спажывання. 36,5 працэнта апытаных тунісцаў маюць аднаго сваяка, які плаціў банкаўскі крэдыт. У 10,3 працэнта рэспандэнтаў крэдыт плацяць два члены сям'і. 19,6 працэнта з іх жывуць за кошт банкаўскіх пазык. Агульны аб'ём крэдытаў, атрыманых сем'ямі са снежня 2010 года па чэрвень 2018-га, павялічыўся на 117 працэнтаў і склаў 23,1 мільярда дынараў (8,5 мільярда долараў). Адзначаецца, што каля 540 тысяч сем'яў апынуліся ў крэдытнай яме, паколькі бяруць пазыкі, каб пагасіць папярэднія. 80 працэнтаў гэтых крэдытаў з'яўляюцца доўгатэрміновымі або сярэднетэрміновымі, тэрмін іх пагашэння складае ад 15 да 20 гадоў. На думку экспертаў, рост спажывецкіх крэдытаў з'яўляецца непазбежным вынікам зніжэння пакупной здольнасці.

Як стала вядома, Міжнародны валютны фонд прыняў рашэнне аб выдачы краіне новага траншу. МВФ мяркуе даць Тунісу 250 мільёнаў долараў фінансавай дапамогі. Аднак, лічаць эксперты, гэтыя сродкі наўрад ці дапамогуць Тунісу пераадолець глыбокі эканамічны крызіс. У краіне працягваецца рост узроўню інфляцыі і падзенне рэальных даходаў мясцовага насельніцтва. «Людзі сёння зноў выходзяць на вуліцы краіны і патрабуюць працы, заробкаў і хоць бы элементарных умоў жыцця», — расказаў ruесоnоmісs.ru дырэктар Інстытута стратэгічных даследаванняў Расійскага ўніверсітэта дружбы народаў Дзмітрый Ягорчанка. Лозунгі на маніфестацыях гучаць не інакш як «дайце працу ці забіце!». На думку эксперта, рост напружанасці ў грамадстве можа абярнуцца новай хваляй пратэстаў, якія заўсёды прыцягваюць рэлігійных экстрэмістаў і тэрарыстаў. У выніку чаго краіна мае ўсе шанцы ператварыцца ў адно з наймагутнейшых апірышчаў міжнароднага тэрарызму ў рэгіёне.

Днямі стала вядома, што прэзідэнт Туніса Бэджы Каід ас-Себсі вырашыў падоўжыць рэжым надзвычайнага становішча па ўсёй краіне да 6 снежня. Перад гэтым кіраўнік дзяржавы правёў сустрэчу з міністрамі абароны і ўнутраных спраў для ацэнкі сітуацыі ў сферы бяспекі ў краіне, а таксама пагроз з боку тэрарыстычных арганізацый і груповак, паведамляе «Сіньхуа». Як вядома, рэжым надзвычайнага становішча ў Тунісе быў абвешчаны тры гады таму — у лістападзе 2015-га, пасля таго як тэрарыст-смяротнік здзейсніў атаку на прэзідэнцкую гвардыю. Пакуль прыгожая краіна насамрэч застаецца закладніцай «арабскай вясны».

Захар БУРАК

Загаловак у газеце: Закладнікі «вясны»

Выбар рэдакцыі

Спорт

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

 З перспектыўным футбалістам мы звязаліся, каб даведацца пра яго далейшыя планы, трэніроўкі ў «Інтэры» і жыццё ў Іспаніі.

Грамадства

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Каб высветліць маштаб праблемы, журналіст «Звязды» накіравалася ў вёску Струпень.

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM?