Вы тут

У Кітаі пачаўся конкурс прыгажосці «Міс свету — 2018»


Мінчанка Марыя Васілевіч падорыць удзельніцам сэрцайкі, зробленыя рукамі беларускіх дзяцей

Канкурсанткі амаль са 120 краін сабраліся сёння ў кітайскім горадзе Санья на адкрыцці найстарэйшага з форумаў прыгажосці ў свеце. Завершыцца ён грандыёзным фінальным шоу, якое пройдзе 8 снежня, а да гэтага ўдзельніц чакае напружаны месяц: экскурсіі, рэпетыцыі і фотасесіі, спартыўныя і творчыя спаборніцтвы, сацыяльна значныя праекты, афіцыйныя, дабрачынныя і асветніцкія мерапрыемствы, якія адлюстроўваюць галоўны пасыл конкурсу — «Прыгажосць з сэнсам».


7 лістапада паляцела ў Паднябесную і сёлетняя «Міс Беларусь», мінчанка Марыя Васілевіч. Дзяўчына рыхтавалася да конкурсу вельмі адказна: на працягу трох месяцаў яна ўдасканальвала англійскую мову, наведвала ўрокі мастацтва, стылю, заняткі па псіхалогіі, макіяжы, фотапластыцы і дэфіле ў Нацыянальнай школе прыгажосці. З дапамогай выкладчыкаў універсітэта культуры і мастацтваў паставіла два танцы — народны, для агульнага выхаду «Танец свету», у якім кожная ўдзельніца прадэманструе культурны каларыт сваёй краіны, і фантазійны — як чароўная птушка Пава ператварылася ў прыгожую дзяўчыну — для конкурсу талентаў.

Аднак самым складаным, як жартавала напярэдадні ад'езду Марыя, аказалася не падрыхтоўка, а зборы: дзяўчына да апошніх дзён складала «тэтрыс», спрабуючы ўмясціць усё патрэбнае ў адведзеную норму: тры чамаданы па 23 кілаграмы. Ці гэта многа? Мяркуйце самі: акрамя паўсядзённага адзення і абутку, у багаж трэба ўмясціць каля 30 вячэрніх і кактэйльных сукенак для розных мерапрыемстваў, эксклюзіўныя ўборы, галаўныя ўборы і ўпрыгажэнні, якія стварылі беларускія дызайнеры Алена Гарэцкая, Юлія Латушкіна, Дар'я Мугака, Кацярына Плавінская і Антаніна Сурыновіч для конкурсных дэфіле, сувеніры для іншых удзельніц, а таксама некалькі купальнікаў. (Хоць з 2015 года арганізатары «Міс свету» і адмовіліся ад дэфіле ў бікіні, але спартыўныя спаборніцтвы, у тым ліку пляжны валейбол, ніхто не адмяняў, дый надвор'е самае што ні ёсць «купальнае»: сярэдняя тэмпература ў Саньі 26—28 градусаў са знакам «плюс».)

— Шчыра кажучы, неяк упусціла пытанне акліматызацыі і да яе не рыхтавалася, — прызналася Марыя «Звяздзе». — Але думаю, што арганізм будзе мне толькі ўдзячны за дадатковы месяц лета. Што да змены часавых паясоў, у Кітаі будзе +5 гадзін да беларускага часу, і ў мяне ёсць літаральна дзень, каб больш-менш падладзіцца пад іншы рытм.

— Ведаю, што для будучых саперніц вы рыхтавалі адмысловыя падарункі: разам з навучэнцамі з інваліднасцю з Каменскай дапаможнай школы-інтэрната, што пад Бабруйскам, шылі з фетру сімпатычныя брошкі-сэрцайкі... Яны таксама трапілі ў багаж?

— Так, іх трэба было пашыць вельмі многа — 116 сэрцаў, але мы паспелі, і цяпер гэтыя ўпрыгажэнні як сімвал дабрыні і любові, спадзяюся, разляцяцца па ўсім свеце. А яшчэ дзеці зрабілі саламяных анёлаў, якіх я пакіну на памяць журы конкурсу.

Дарэчы, дабрачынны праект, які прэзентуе беларуска на «Міс свету», якраз звязаны з «асаблівымі» дзецьмі, магчымасцямі іх самавыяўлення і наогул сацыяльнай інтэграцыі ў сучасным свеце людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Прадстаўляць яго Марыі давядзецца ў адзіночку, як і рабіць усё астатняе: паводле ўмоў конкурсу, усе прыгажуні, кожная рангам не ніжэйшая за другую віцэ-міс сваёй краіны, знаходзяцца ў Кітаі без суправаджальнікаў і памагатых.

Тым часам

На Філіпінах завяршыўся конкурс прыгажосці «Міс Зямля», які ладзіцца штогод з 2001 года. Удзел у ім сёлета прымалі дзяўчаты з 87 краін свету, а перамогу атрымала 23-гадовая студэнтка Фыёнг Кхань Нгуен з В'етнама.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».