Вы тут

«Лістапад» назваў пераможцаў — усё вяртаецца ў звычайнае кола


Поруч з салодкім зачараваннем кіно на «Лістападзе» заўсёды ідзе інтрыга — што і каго міжнародныя склады журы назавуць найлепшымі і з якімі фармулёўкамі. Учора на цырымоніі закрыцця 25-га Мінскага міжнароднага кінафестывалю ў кінатэатры «Масква» гэтае пытанне вырашылася: на сцэне былі названыя пераможцы сёлетняга форуму. Гран-пры «Золата «Лістапада» за найлепшы фільм атрымала румынская карціна «Мне пляваць, калі мы ўвойдзем у гісторыю як варвары» Раду Жудэ. Найлепшым дакументальным фільмам стала работа «Дамашнія гульні» Алісы Каваленкі капрадукцыі Украіны, Францыі і Польшчы. Ігравым пераможцам Нацыянальнага конкурсу стаў — не, не «Хрусталь» — фільм «Дачка» Мары Тамковіч.


Цырыманіял

«Сэр­ца све­ту» На­тал­лі Ме­шча­ні­на­вай.

Узнагароджанне пачалося з уручэння прыза Прэзідэнта «За гуманізм і духоўнасць у кіно» — яго атрымала Наталля Мешчанінава, рэжысёр карціны «Сэрца свету», якая, дарэчы, аказалася адной з самых папулярных на фестывалі, гледзячы па аншлагу ў «Цэнтральным» і цікавасці да аўтаркі з боку прэсы. Акцёр фільма Сцяпан Дзявонін між іншым атрымаў ад журы Асноўнага конкурсу ігравога кіно на чале з рэжысёрам Юсупам Разыкавым таксама ўзнагароду «Найлепшая мужчынская роля». Фільм расказвае пра маладога ветэрынара, які жыве і працуе на трэніровачнай станцыі для паляўнічых сабак, што прыцягвае ўвагу абаронцаў правоў жывёл. Ён перажывае асабістыя драмы і жадае стаць блізкім сям'і ўладальніка станцыі. Наталля Мешчанінава ўжо ўдзельнічала ў «Лістападзе» са сваім фільмам «Камбінат «Надзея».

«Найлепшую жаночую ролю» на думку ўсё таго ж журы выканала Чжаа Таа ў кітайска-французска-японскай карціне «Попел беласнежны». Яшчэ некалькі важных узнагарод прызначыў гэты склад экспертаў: за ўсё той жа «Попел беласнежны» яго рэжысёр Цзян Чжан-Кэ атрымаў узнагароду «Найлепшая рэжысура». «Найлепшым сцэнарыем» аказалася работа Огнена Главоніча, што стала асновай карціны «Груз». В'етнамская стужка «Трэцяя жонка» атрымала «Спецыяльны прыз журы».

Ну, а «Золата «Лістапада» — галоўны прыз 25-га Мінскага міжнароднага кінафестывалю — атрымала румынская карціна (а мы любім румынскі кінематограф) «Мне пляваць, калі мы ўвойдзем у гісторыю як варвары». Рэжысёр Раду Жудэ шчыра расказаў пра злачынствы румынаў падчас Другой сусветнай вайны. Румыны знялі фільм пра злачынствы румынаў, што — я толькі мяркую — магчыма, сыграла не апошнюю ролю ў вызначэнні пераможцы, бо для такога кшталту прызнанняў патрабуецца пэўная ментальная даросласць і смеласць.

У Асноўным конкурсе дакументальнага кіно Гран-пры атрымаў фільм «Дамашнія гульні» Алісы Каваленкі пра дзяўчыну з беднай украінскай сям'і, якая марыць прафесійна займацца футболам, але аддаць гэтаму жыццё ёй увесь час перашкаджаюць нешчаслівыя абставіны накшталт смерці маці. Спецыяльны прыз ад журы на чале з Міхалам Лешчылоўскім атрымала карціна «За межамі» Марты Прус, што паказала «ідэалагічны» бок расійскага вялікага спорту і жыццё мастацкай гімнасткі Маргарыты Мамун, закручанае вакол алімпійскага тытула.

Нацыянальны конкурс, аб якім сёлета віравала шмат абмеркаванняў з нагоды неўключэння ў адборачную камісію пры Міністэрстве культуры прадстаўнікоў дырэкцыі «Лістапада», выбраў найлепшыя ігравы, дакументальны і анімацыйны фільмы, а таксама прызначыў два дыпломы. Міжнароднае журы — у яго склад увайшлі адборшчык адной з секцый Венецыянскага кінафестывалю Рэната Сантора, фестывальны агент з Францыі Паскаль Рамонда і рэжысёрка Дар'я Юркевіч — сказалі, што найлепшай ігравой стужкай конкурсу з'яўляецца «Дачка» Мары Тамковіч, дакументальнай — «Песні для Кіта» Руслана Фядотава, анімацыйнай — «Лагодны воўк» Наталлі Дарвінай. Аўтары найлепшых ігравой і дакументальнай карцін атрымалі адукацыю і жывуць за мяжой. Яшчэ двума дыпломамі адзначана навела Мітрыя Сямёнава-Алейнікава з беларусьфільмаўскага альманаха «Вайна. Застацца чалавекам» і Ігар Волчак за работу «Ваўчышка». Некаторыя лічылі шумную карціну «Хрусталь» Дар'і Жук безумоўным фаварытам (поўны метр і ўсё такое) і памыляліся: міжнароднае журы прафесіяналаў зрабіла свой выбар на карысць «Дачкі». Журы FІPRESCІ, якое функцыянуе на «Лістападзе» другі год, глядзіць дэбюты і вызначае ўладальніка прыза «Новыя галасы». Сёлета яны выбралі мексіканскую работу «Пакаёўка» Лілы Авілес.

Надзённае

Ула­даль­нік Гран-пры за най­леп­шы да­ку­мен­таль­ны фільм «Да­маш­нія гуль­ні».

У апошнія дні «Лістапад» запрашаў паглыбіцца ў яго кіно (больш за 160 фільмаў) і быў больш святам, чым інфармацыйнай нагодай. Спадзяёмся, у прызёраў «Лістапада» будзе, як гэта часта здараецца, паспяховы далейшы фестывальны лёс альбо выдатная фільмаграфія. Але завяршэнне, уручэнне прызоў і раскрыццё галоўнай інтрыгі вярнула да рэальнасці і нагадала, у якім праблемным полі фестываль існуе апошні час.

Практыка тэндара на правядзенне чарговага форуму нівелюе высілкі дырэкцыі, дзякуючы якой «Лістапад» атрымаў статус міжнароднага кінафестывалю, акрэдытацыю Міжнароднай федэрацыі асацыяцый кінапрадзюсараў (FІAPF), запрасіў да ўдзелу Міжнародную федэрацыю кінакрытыкаў FІPRESCІ, якая вызначае найлепшых у, скажам, Канах ці Берліне. Неабходнасць кожны год удзельнічаць у конкурсе Міністэрства культуры на права арганізаваць «Лістапад» робіць становішча дырэкцыі хісткім, не кажучы ўжо пра тое, што ўсе неабходныя працэдуры затрымліваюць паўнавартасную арганізацыю фестывалю.

Другое пытанне датычыцца, канешне, фінансаў, якіх на «Лістападзе», здаецца, становіцца ўсё менш і менш. Сціпласць бачная як у арыентацыі на аўтараў фільмаў у якасці «зорак», так і ў крытычна маленькім штаце, у якім некаторыя неабходныя пазіцыі папросту адсутнічаюць. Можна колькі заўгодна казаць на прэс-канферэнцыях, што з «Лістапада» трэба рабіць брэнд сусветнага ўзроўню і арганізоўваць такі кінафестываль, на які ўсе самі захочуць прыехаць, але на гэта патрэбны грошы. Дарэчы, на фестываль і без таго шмат хто хоча прыехаць — наколькі да Мінска даходзяць водгукі і каментарыі замежных калег, «Лістапад» і яго адбор маюць добрую рэпутацыю. Таму, калі часам я бачу на пляцоўках кінафестывалю незапоўненыя кіназалы і ўспамінаю, як часта даводзіцца чуць ад замежных калег пра выкшталцоны лістападаўскі адбор, становіцца шкада, што публіка, маючы ў руках нешта каштоўнае, гэта не шануе (так, на чырвоную дарожку «Лістапада» не прыязджае Катрын Дэнёў, але якія фільмы паказваюцца тут на вялікім экране).

Трэцяя праблема ўсплыла на другой прэс-канферэнцыі сёлетняга кінафестывалю — аказалася, у камісію пры Міністэрстве культуры, якая робіць фінальную фармацыю Нацыянальнага конкурсу, то-бок праграму беларускага кіно, не ўвайшлі прадстаўнікі дырэкцыі. У міністэрства няма прычын не давяраць прафесійнай дырэкцыі, якая перавяла «Лістапад», лічы, на новы ўзровень, і тут узнікае не адно пытанне.

Кадр з філь­ма «Мне пля­ваць, ка­лі мы ўвой­дзем у гіс­то­рыю як вар­ва­ры», што атры­маў «Зо­ла­та «Ліс­та­па­да».

Усё пералічанае, на жаль, іграе не на карысць фестывалю, хоць ён па-ранейшаму застаецца «святам, якое заўсёды з табой». 25-ы Мінскі міжнародны кінафестываль завяршыўся, кіно сышло з экранаў (нешта будзе паказана ў рамках «Лістапад. Калекцыя»), госці паехалі дадому. А пытанні засталіся.

Некаторыя іншыя ўзнагароды кінафестывалю:

«Найлепшая аператарская работа імя Ю. А. Марухіна» ад журы Асноўнага конкурсу ігравога кіно адышла Адаму Баерскаму і Томашу Рафалу за польскі фільм «Аднойчы ў лістападзе».

У конкурсе «Маладосць на маршы» «Найлепшым фільмам імя кінарэжысёра В. Ц. Турава» сталі бразільска-партугальскія «Мёртвыя і іншыя», а «Спецыяльны прыз журы» атрымала карціна «Манта рэй» тайскага рэжысёра Пхуціпхонга Арунпхенга.

Прызы глядацкіх сімпатый размеркаваліся наступным чынам: у ігравым кіно больш за ўсё публіцы спадабалася «Юлі», у дакументальным — «Праект «Бабуля», у «Лістападзіку» — «Супа мода», што трапіў таксама ў лонг-ліст «Оскара».

Спецыяльны прыз Мінгарвыканкама атрымала карціна з Казахстана «Ласкавая абыякавасць свету» Адзільхана Ержанава.

Прыз «Саламяны зубр» Гільдыі кіназнаўцаў і кінакрытыкаў адышоў анімацыйнай рабоце «Беларусьфільма» «У Палессі на балоце».

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Юбілей прайшоў нармальна

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.