Вы тут

Хто сёння здае шклатару?


«Некалі адна здадзеная бутэлька з-пад малака каштавала 15 капеек, а батон — 18. За капейку можна было купіць пачак запалак», — успамінае мінскі прыёмшчык шклатары. Сёння ж, каб сабраць на бохан хлеба, спатрэбіцца куды больш бутэлек. Колькі каштуе шкло з-пад напояў, чаму заводы не хочуць выкарыстоўваць упакоўку паўторна і што зменіцца са з'яўленнем у краіне тараматаў?


Ад школьніка да інтэлігента і выпівохі

Рас­сар­та­ва­ная па ко­ле­ры та­ра каш­туе на ка­пей­ку да­ра­жэй.

Будны дзень. Раніца. У прыёмны пункт на сталічнай вуліцы Бялінскага людзі падыходзяць кожныя 10 хвілін, а то і часцей. З мяхамі, заплечнікамі, чамаданамі, набітымі бутэлькамі.

— Я тут не вельмі часта бываю, не кожны дзень, — расказвае пенсіянер, які прывёз шкло на калясцы і ўжо паспеў атрымаць за яго грошы. — Сёння здаў дзесяць бутэлек — на 80 капеек. Бывала і тры, і чатыры рублі атрымліваў. Дзесяць рублёў за раз ніколі не выходзіла.

Унутры прыёмнага пункта трывалы пах віна-гарэлачнага і кантынгент збольшасці — адпаведны. Некаторыя на месцы сартуюць бутэлькі па колеры — у такім выглядзе кілаграм шклабою каштуе на капейку даражэй.

— Ды нармальныя цэны. Яшчэ нядаўна за кілаграм шклабою сем капеек давалі, а цяпер — 15, — дзеліцца адзін з мужчын. — Я дзве сумачкі прынёс, яшчэ не здаў: чарга, бачыце? Усё з дому — па вуліцы не збіраю.

Каля акенца тару выгружае невысокая бабуля — дзве бутэлькі з-пад мінералкі і два трохлітровыя слоікі. «З-пад агуркоў і памідораў, — кажа. — Мы нарыхтоўкі ў краме купляем, а слоікі здаём».

Пажылая жанчына тлумачыць: прыносіць шклатару не дзеля прыбаўкі да пенсіі.

— У мяне ёсць сын, дачка, муж. Мы нядрэнна жывём. Я люблю, каб было чыста і акуратна, таму бутэлькі і здаю. Заадно і шпацыр раблю — я жыву за чатыры прыпынкі адсюль.

Прыёмшчык Анатоль РАВІНЧЫК, які працуе ў гэтым нарыхтоўчым пункце вось ужо 20 гадоў, заўважае, што сюды заходзяць не толькі аматары выпіць.

— Ад школьніка да інтэлігента, — характарызуе здатчыкаў. — Прыходзяць нармальныя, акуратныя людзі. Некаторыя кажуць: «Навошта я буду засмечваць навакольнае асяроддзе? Лепш прынясу шкло сюды». Хтосьці проста побач жыве і па дарозе ў краму здае пустыя бутэлькі.

Па словах мужчыны, некаторыя гараджане прывозяць і па 20—30 кілаграмаў — нават пажылыя. «Адна жанчына дзялілася: «Мне 83 гады. Калі б я сядзела ў кватэры, ужо б памерла. А так рухаюся, на свежым паветры бываю», — успамінае Анатоль.

Шклянкі і фужэры не прымаюцца

Ца­на на бу­тэль­кі — ад 7 да 12 ка­пе­ек за шту­ку

Наплыў здатчыкаў заўсёды назіраецца пасля выхадных. За дзень можа прыйсці сто чалавек і больш. Самая хадавая бутэлька тут — гарэлачная ці вінная. Яна, дарэчы, і самая дарагая — 12 капеек за штуку. Астатнія каштуюць ад 7 да 10 капеек. Пакідаюць таксама слоікі з-пад засолак (за трохлітровы даюць 30 капеек, а за паўлітровы — пяць), сокаў, дзіцячага харчавання. Адзін са здатчыкаў, напрыклад, які мае пяцёра малых, мяхамі прывозіць слоічкі ад пюрэ.

— Забракаванай тары цяпер няма — усё ідзе на бой. Мы прымаем толькі харчовае шкло. Шклянкі, фужэры, шыбы — гэта тэхнічнае шкло, там ёсць дабаўленне свінцу. Слоічкі з-пад лекаў таксама не бяром, бо гэта медыцынскае шкло, яно ўтылізуецца адмысловым спосабам, — тлумачыць прыёмшчык.

Колькі за дзень гараджане прыносяць сыравіны ў пункт? Глядзім ведамасць за аўторак: шкла паступіла амаль на 405 рублёў. Калі па асобных пазіцыях, то жыхары навакольных дамоў здалі 792 вінныя, гарэлачныя і піўныя бутэлькі, 156 трохлітровых і 74 паўлітровыя слоікі, а таксама 1865 кілаграмаў шклабою.

Раней, кажа Анатоль, асартымент тары, якая прымалася, быў іншы, бо многія заводы выкарыстоўвалі бутэлькі паўторна. Сёння з тых жа піўных кампаній толькі «Аліварыя» бярэ зваротную тару.

Сыравіна для фарбы і керамічнай пліткі

Ся­род здат­чы­каў шмат пен­сі­я­не­раў.

Летась у Беларусі было сабрана 181,3 тысячы тон адходаў шкла. Для параўнання: у 2012 годзе гэта было 59,1 тысячы тон.

Перапрацоўкай такіх адходаў займаецца завод «Белрэсурсы» ў Мінскім раёне. У выніку атрымліваюць другасную сыравіну — рассартаваны па колеры, ачышчаны ад прымесяў, здробнены шклабой: паўбелы, зялёны, карычневы. Яго выкарыстоўваюць на шклатарных заводах Гродна, Гомеля, Ялізава (Асіповіцкі раён) у якасці дабаўкі ў шыхту (сумесь матэрыялаў для плаўкі) пры вытворчасці бутэлек і слоікаў. Сыравіна ідзе таксама ў фарбу для дарожнай разметкі, ізаляцыйныя матэрыялы (шклавату) ,керамічную плітку. Усяго ў краіне восем заводаў, якія паўторна выкарыстоўваюць адходы шкла.

Але чаму нямногія вытворцы напояў прымаюць свае бутэлькі, каб зноў паставіць іх на канвеер? Атрымліваецца, выпусціць новыя больш танна, чым апрацаваць старыя?

— Гэта так, — адказвае намеснік начальніка ўпраўлення па каардынацыі дзейнасці ў сферы абыходжання з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі Аператара другасных матэрыяльных рэсурсаў Аляксей ПІСКУН. — У часы Савецкага Саюза і ў 90-я гады выкарыстоўвалася абмежаваная колькасць разнавіднасцяў бутэлек для разліву напояў. Сабраць выкарыстаныя і вярнуць іх на заводы было проста. Сёння гэта складана зрабіць: у нас сотні бутэлек па тыпе і памеры.

Вядома, паўторнае выкарыстанне ўпакоўкі значна больш экалагічнае за перапрацоўку, якая патрабуе затрат энергетычных рэсурсаў, адзначае Аляксей Піскун. Па Указе Прэзідэнта № 313 створаны эканамічны стымул не браць новае шкло — гэта механізм пашыранай адказнасці вытворцаў і імпарцёраў тары за адходы. Калі прадпрыемства выпускае ці ўвозіць у краіну бутэлькі і слоікі, яно плаціць пэўны збор.

Аўтаматы за 100 мільёнаў еўра

За дзень у пункт пры­ёму пры­хо­дзіць ка­ля ста ча­ла­век.

У Еўропе ў крамах часта можна ўбачыць тараматы — аўтаматы для прыёму выкарыстаных бутэлек (не толькі шкляных, але і пластыкавых, алюмініевых). Набываючы напой, ты плаціш заклад за ўпакоўку, а калі здаеш яе — заклад вяртаюць. Такі эканамічны стымул не выкідаць другасную сыравіну ў смецце. Укараненне падобнай дэпазітнай закладной сістэмы ў Беларусі запланавана ў 2020 годзе ў рамках дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе».

Аляксей Піскун тлумачыць прынцып дзеяння тараматаў:

— Абсталяванне пры прыёме бутэлек счытвае іх параметры, спецыяльную маркіроўку, каб ідэнтыфікаваць, ці ўдзельнічаюць яны ў дэпазітнай сістэме. Гэта значыць, ці ўключыў вытворца або імпарцёр напою сваю тару ў пералік. Аўтамат прыме і айчынную, і імпартную бутэльку, якая прададзена ў нас, калі яна ёсць у дэпазітнай сістэме. За ўпакоўку абсталяванне выдасць чэк, які можна будзе залічыць, прыкупляючы штосьці ў краме.

Сума закладу пакуль абмяркоўваецца. Але, акцэнтуе ўвагу эксперт, гэта не кошт пустой тары. Гэта стымулюючая сума — такая, якая будзе мець значнасць для большасці жыхароў краіны, каб вярнуць пустую ўпакоўку. На сёння аптымальным лічаць плаціць за здадзеную бутэльку 20 капеек.

Тараматы ўсталююць па ўсёй краіне ў гандлёвых аб'ектах, дзе найбольшая праходнасць пакупнікоў. Мяркуецца, што гэта будзе некалькі тысяч штук. У сельскай мясцовасці зварот бутэлек будзе весціся ўручную.

— Увесь праект стварэння дэпазітнай сістэмы збору тары ў Беларусі патрабуе 100 мільёнаў еўра, — дзеліцца намеснік начальніка ўпраўлення. — Для рэалізацыі прапануецца прыцягнуць замежнага інвестара. Важна адзначыць, што гэта сістэма не будзе камерцыйным праектам. Зарабляць на ёй ніхто не будзе. Задача выключна экалагічная і сацыяльная — за кароткі перыяд часу зрабіць так, каб больш за 80 працэнтаў усёй упакоўкі (і пластыкавай, і алюмініевай) вярталася на перапрацоўку ці паўторнае выкарыстанне. Вопыт краін Еўропы, якія ўкаранілі такую сістэму, паказаў, што гэтага можна дасягнуць за год-два.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Грошы з пустых бутэлек

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.