Вы тут

...Бо сяброў сапраўды не мяняюць


Пасля заканчэння факультэта журналістыкі Белдзяржуніверсітэта я пяць гадоў працаваў у Стаўбцоўскай раённай газеце «Прамень» і вось ужо трыццаць — ва Уздзенскай «Чырвонай зорцы». За гэты час даводзілася мець справы (супрацоўнічаць альбо друкавацца) з абласным і пераважнай большасцю рэспубліканскіх выданняў, не адно з іх выпісваць на большы ці меншы тэрмін, пастаянна купляць у кіёсках Белсаюздруку. Такім чынам, у кожнай газеты выяўляліся як свае плюсы, так і мінусы. А вось надзейным, правераным сябрам усе 35 гадоў была і застаецца «Звязда».


Цікавасць да яе пачалася з таго, што, атрымаўшы свежы нумар, пачынаў шукаць там прозвішчы знаёмых па вучобе журналістаў Алены Ціхановіч і Валянціна Жданко, потым — іншых маладых ці не вельмі, але дасведчаных, адказных за справу прафесіяналаў... У тыя не такія ўжо і даўнія 90-я мінулага стагоддзя «Звязда», як ніякая іншая газета, была смелай, уважлівай да праблем чалавека, адказнай за кожнае слова.

Апроч таго, вялікім дасягненнем звяздоўцаў была і застаецца іх прыхільнасць да роднага слова. Па сутнасці, гэта выданне — ці не адзіны суразмоўнік, які гаварыў, гаворыць і, спадзяюся, будзе гаварыць з чытачом па-беларуску. Прыклад «Звязды» дапамагаў і мне на сваім узроўні на працягу дзесяцігоддзяў адстойваць такую ж пазіцыю: у раённай газеце Уздзеншчыны (радзімы многіх класікаў беларускай літаратуры, вядомых дзеячаў культуры і мастацтва) на рускай мове друкуюцца толькі вершы, праграма тэлебачання ды асобныя рэкламныя матэрыялы. Такой жа пазіцыі прытрымліваліся і калегі са Стоўбцаў, Валожына, некаторых іншых раёнаў Міншчыны.

...Друкаваліся на старонках «Звязды» і мае допісы — краязнаўчыя артыкулы, літаратурныя спробы, праўдзівыя гісторыі ў рубрыцы «Алё, народ на провадзе!», вершаваныя радкі на конкурс «Хто каго?».

Зрэшты, не буду пералічваць рубрыкі ды прозвішчы аўтараў, якія найбольш падабаюцца. Густ у кожнага свой. А вось што несумненна, дык гэта высокі ўзровень «Звязды», газеты, у «асобе» якой, відаць, кожны знойдзе калі не вернага сябра, то шчырага суразмоўніка.

Віктар Сабалеўскі, г. Узда

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.