Вы тут

Лукашэнка заклікаў павялічыць удвая грашовыя паступленні Дзяржкамваенпрама


Аб гэтым кіраўнік дзяржавы выказаўся падчас сустрэчы са старшынёй Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Рэспублікі Беларусь Раманам Галоўчанкам.


Беларускі лідар адзначыў, што ў ведамстве забяспечваецца рэнтабельнасць і прыбытковасць, а сярэдняя зарплата значна вышэйшая, чым у іншых міністэрствах. "Усё гэта добра, але не дастаткова. Гэта палова таго, што павінна быць на канец наступнага года, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Таму плануйце свае заданні, планы будуйце на будучыню з мэтай павелічэння аб'ёмаў — і нават не аб'ёмаў, а грашовых паступленняў роўна ў два разы".

Паводле яго слоў, свет змяніўся і попыт на высокадакладнае ўзбраенне і сродкі барацьбы з ім вельмі высокі. "Мы вырабляем абарончыя сістэмы, гэта тое, што трэба многім дзяржавам. Мы наступаць ні на каго не збіраемся, таму трэба развіваць гэтыя школы, цэнтры, вытворчасці для таго, каб сябе забяспечыць высокаэфектыўным абарончым узбраеннем, ну і прапанаваць іншым дзяржавам. Я яшчэ раз падкрэсліваю: пераважная колькасць краін у свеце зацікаўлена ў надзейнай абароне", — дадаў ён.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка нагадаў старшыні Дзяржкамваенпрама аб пастаўленых задачах па яго развіццi, а таксама развіццi дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў, якія маюцца ў наяўнасці. "Яны павінны атрымліваць сваё развіццё, але, натуральна, у сілу спецыфічнай прадукцыі павінен быць жорсткі кантроль і кіраванне гэтымі прадпрыемствамі з вашага боку", — канстатаваў Прэзідэнт.

Беларускі лідар таксама папрасіў Рамана Галоўчанку распавесці пра сітуацыю ў самiм ведамстве, а таксама аб планах на будучыню. Нагадаем, цяперашні старшыня пачаў працу на сваёй пасадзе толькі з сярэдзіны жніўня бягучага года.

Па выніках сустрэчы Раман Галоўчанка пагутарыў з журналістамі. Ён адзначыў, што вынікі дзейнасці Дзяржкамваенпрама і арганізацый, якія ўваходзяць у яго склад, сапраўды нядрэнныя і па аб'ёмах вытворчасці, і па экспарце, і па рэнтабельнасці. "Для таго, каб выканаць задачу, якую паставіў кіраўнік дзяржавы, неабходна фарсіраванае развіццё новых напрамкаў", — сказаў старшыня Дзяржкамваенпрама.

Што гэта за напрамкі? Іх Аляксандр Лукашэнка пазначыў 5 кастрычніка на палігоне ў Даманава: сегмент беспілотных ударных авіяцыйных комплексаў, пераход ад лёгкіх тактычных да цяжкіх ударных беспілотнікаў, якія могуць калі не замяніць пілатуемую авіяцыю, то істотна ўзмацніць яе. Развіццё гэтага сектара, упэўнены Раман Галоўчанка, падцягне ўсе сумежныя галіны навукі.

Паводле яго слоў, кан'юнктура, калі можна так выказацца, цяпер досыць спрыяльная, свет неспакойны, успыхваюць канфлікты, таму попыт на абарончае ўзбраенне і сістэмы абароны маецца. У сувязі з гэтым беларускі ваенна-прамысловы комплекс гатовы гэты попыт задавальніць. Раман Галоўчанка выказаў надзею, што тыя распрацоўкі, якія беларускі лідар удакладніў і ўхваліў, дадуць магчымасць у будучым выйсці на заяўленыя параметры.

Старшыня Дзяржкамваенпрама нагадаў, што ў савецкі час складаныя сістэмы маглі распрацоўвацца дзесяцігоддзямі, а цяпер такога часовага запасу няма. Ідзе пастаяннае развіццё матэрыялазнаўства, тэхналогій канструявання, электрона-кампанентнай базы, таму тэрміны распрацоўкі ўзораў і пастаноўкі іх на ўзбраенне істотна паскараюцца. У сувязі з гэтым неабходныя вывераныя падыходы. Зараз у беларускай структуры каля 15 тысяч чалавек вырашаюць гэтыя складаныя пытанні.

Ён таксама дадаў, што фактычна ўсе распрацоўкі і тэхналогіі, якія пастаўляюцца Беларуссю на экспарт, маюць абарончы характар. Сярод іх — сістэмы радыёэлектроннай барацьбы, сістэмы супрацьдзеяння высокадакладнай зброі і іншыя. "Я думаю, што з маральнага пункту гледжання ў нас дастаткова чыстае сумленне", — сказаў Галоўчвнка.

Цяпер ключавы напрамак — далейшае развіццё ракетабудавання, прычым гэтыя сістэмы ў першую чаргу носяць стрымальны характар. Нягледзячы на тое, што яны прызначаны для нанясення агнявога паражэння, іх наяўнасць з'яўляецца магутным фактарам стрымлівання агрэсара.

У дадатак да ракетабудавання будуць працягваць развіваць сістэмы радыёэлектроннай барацьбы і радыёэлектроннага падаўлення, магчыма,узбраенне, пабудаванае на новых фізічных прынцыпах, такія напрацоўкі ёсць. "Без новых напрамкаў мы зможам, напэўна, толькі падтрымліваць альбо нязначна нарошчваць той аб'ём, які мы маем цяпер, а гэта ўжо больш за мільярд долараў", — дадаў ён.

Застаюцца актуальныя і напрамкі, па якіх ведамства працавала раней. Узяць Мінскі завод колавых цягачоў — ён застаецца асноўным пастаўшчыком колавых платформаў пад усе сучасныя сістэмы ўзбраення Расіі. Сёння расіяне самастойна распрацоўваюць падобныя тэхналогіі, імкнучыся ўтрымліваць сябе. Па словах Рамана Галоўчанка, у Беларусі з гэтага не робяць трагедыю, а будуць канкураваць, а можа і ствараць сумесныя напрацоўкі, вядзецца падрыхтоўка і да менш пазітыўных сцэнароў.

Старшыня Дзяржкамваенпрама дадаў, што ў МЗКЦ велізарны патэнцыял, гэта сучаснае прадпрыемства. Ён падкрэсліў: другога такога ў рэгіёне СНД, напэўна, няма. Завод сёння арыентуюць не толькі на стварэнне колавых шасі або платформаў, але і на выпуск суцэльных узораў узбраення на колавым ходу, што з'яўляецца трэндам.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.