Вы тут

Дні спасціжэння


Тыдзень як кінастужка: здавалася, што ўсё ўмясціць немагчыма, аднак вялікі кавалак жыцця ўвабраў, дзе пераможца — кожны, хто ўдзельнічаў альбо далучыўся. І ў выніку маем фінал з абавязковымі цітрамі — імёнамі тых рэжысёраў і артыстаў, што стануць лепшымі ў галоўных конкурсных праграмах і атрымаюць узнагароды ХХV Мінскага міжнароднага кінафестывалю.


Але, як і ў кіно, шмат што застанецца «за кадрам» і будзе жыць ва ўспамінах гледачоў, што сачылі за праграмамі і наведвалі кінатэатры, сустрэчы з гасцямі і аўтарамі карцін. Альбо ўвойдзе яркімі эпізодамі ў біяграфіі стваральнікаў кіно: аднойчы назваўшыся фестывалем фестываляў, «Лістапад» трымае марку, выбіраючы ў праграмы фільмы, што выклікалі цікавасць на іншых знакамітых форумах. Значыць, Мінск, Беларусь, сочыць за трэндамі і своечасова далучаецца да тых з’яў кіно, што маюць рэзананс у свеце. І мы можам прапанаваць разуменне, што значыць лепшы фільм для нас: традыцыйна на «Лістападзе» ўручаецца прыз глядацкіх сімпатый.

Усе інтрыгі раскрыюцца сёння ў кінатэатры «Масква» падчас цырымоніі закрыцця кінафестывалю, дзе будзе нагода ўспомніць самыя яркія падзеі, што адбываліся на працягу тыдня.

Тыдзень і сапраўды прайшоў у «спасціжэнні белага свету». Падаецца, слоган, абраны паводле Кіры Муратавай, спрацаваў: конкурсныя і пазаконкурсныя паказы аб’ядналі 48 краін. Пра іх распавядалі больш чым 160 карцін.

Па-за межамі

Рустам Сагдулаеў атрымаў спецыяльны прыз Прэзідэнта Беларусі «За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве».

Ужо напачатку было зразумела, што 25-ю лістападаўскую кінасустрэчу ладзяць па ўсіх правілах кінафестывальных адкрыццяў. Кіно, фестываль — гэта і чырвоны дыванок, па якім павінны з гонарам прайсці стваральнікі фільмаў, артысты, асобы, што маюць дычыненне да кінаіндустрыі. Бо кіно — гэта свята. Свята — гэта госці. І свята заўсёды стымулюе гаспадароў: на іх у гэты момант глядзяць. Гэта спрацавала: самымі святочнымі ў першы фестывальны дзень былі ўдзельнікі ад Беларусі. Абвяшчаючы імёны тых, каго чакалі на чырвоным дыванку, артыстка Вера Палякова і тэлевядучы Яўген Перлін самі ўздымалі вочы і ўсміхаліся, вітаючы знаёмых. Вячэрнія сукенкі ад беларускіх артыстак прыкавалі ўвагу публікі, што абступала дыванок па баках, — як і належыць фестывальнай пляцоўцы: тут у нас усё сур’ёзна.

Далей галоўная канцэпцыя ўдакладнялася: жыццё «Лістапада» ад нараджэння і на працягу 25 гадоў нам нагадалі ў лепшых традыцыях кіно — праз эпізоды, фотаздымкі, прызёраў розных гадоў. Вядома, і праз асоб. Бо калі на экране — Расціслаў і Алег Янкоўскія, разумееш, што «выхад у вялікі свет» беларускага кінафоруму быў невыпадковы, над гэтым працавалі некалькі дырэкцый, паступова ўдасканальваючы падыходы да арганізацыі. І шмат што змянілася ў апошнія гады, у адпаведнасці з часам і міжнародным узроўнем. Але лепшае засталося — як традыцыя, і нават як інтрыга, якую чакаюць усе кінагледачы нашай краіны. Калі намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка з’яўляецца ў зале, то зразумела, што следам за словамі прывітання Прэзідэнта Беларусі на адрас фестывалю адбудзецца ўганараванне асобы ў кіно, якую ведаюць і любяць у нашай краіне. Сёлета ганаровым госцем «Лістапада» стаў знакаміты яшчэ з савецкіх часоў акцёр Рустам Сагдулаеў, які запатрабаваны і цяпер, акрамя таго, ён здымае кіно і як рэжысёр. Але для шматлікіх кінагледачоў самай знакамітай застаецца роля Рамэа ў фільме Л. Быкава «У бой ідуць адны старыя». Рустам Сагдулаеў сёлета атрымаў спецыяльны прыз Прэзідэнта Беларусі «За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве» і так расхваляваўся, што ў яго сціплы «дзякуй» замест пафасных прамоў было паверыць вельмі проста і натуральна. «Няўжо вы думаеце, што ў артыстаў заўсёды ёсць падрыхтаваныя словы?» І сапраўды… Славутая Святлана Немаляева, народная артыстка РСФСР, атрымаўшы спецыяльны прыз Выканаўчага камітэта СНД «Кіно без межаў», наогул расчулілася да слёз: зала яе вітала стоячы. Яна дзякавала Мінску, згадаўшы, як прыязджала сюды разам з мужам Аляксандрам Лазаравым.

Але не менш запамінальнымі былі сустрэчы з гасцямі, якія прыехалі прадстаўляць карціны, што ўдзельнічалі ў фестывалі.

Без абмежаванняў

Святлана Немаляева атрымала спецыяльны прыз Выканаўчага камітэта СНД «Кіно без межаў».

І тут ёсць магчымаць адчуць розніцу паміж паходам у кінатэатр у звычайным рэжыме і праглядам у фестывальным фармаце. Таму што ў Мінску ў кожнага кінагледача ёсць магчымасць пасля прагляду задаць пытанні стваральнікам і атрымаць адказы пра тое, што ёсць кіно як мастацтва. Акрамя таго, на кінафестывалі можна ўбачыць фільмы, якія, магчыма, не прыйдуць на вялікі экран, а некаторыя і наогул больш нідзе паглядзець нерэальна. Тут сыходзяцца імёны. Тут гучаць пытанні. Тут зашкальваюць эмоцыі.

Што да імёнаў, то сусветнае лепшае і гучнае — калі ласка: італьянскі рэжысёр Паола Сарэнціна і яго «Лора». Ці Ларс фон Трыер і яго новы фільм «Дом, які пабудаваў Джэк» — верагодна, была ўнікальная магчымасць пабачыць яго на вялікім экране ў Беларусі. Як і ўвайсці ў «Вышэйшае грамадства» разам з францужанкай Клер Дэні. Атрымаць завочны «Майстар-клас» ад іранца Джафара Панахі праз яго стужку «Тры сястры». Паразважаць разам з мексіканскім рэжысёрам Карласам Рэйгадасам пра «Наш час» — фільм, які сёлета ўражвае ўвесь свет. «Лістапад» дае мажлівасць далучыцца да самых яркіх сусветных кінапрэм’ер, якія адбыліся на знакамітых фестывалях — Канскім, Берлінскім, Венецыянскім.

Адметна і тое, што цікавасць гледачоў прымушае арганізатараў наладзіць дадатковыя прагляды, і часам пажаданням можна дзівіцца і ганарыцца адначасова. Напрыклад, таму, што паказ фільма Сяргея Лазніцы «Працэс» у секцыі «XX стагоддзе. Драмы гісторыі» прайшоў з аншлагам і дадатковы сеанс наладзілі ў Музеі гісторыі беларускага кіно. А карціна няпростая: звяртае да судовага абвінавачання супраць прамыслоўцаў, ініцыяванага Сталіным у 1930 годзе. Лазніцу як рэжысёра Мінск ведае ўжо добра: быў пераможцам «Лістапада» ды і яго стужка «У тумане» паводле В. Быкава стала апошнім часам выдатным прыкладам экранізацыі айчыннай літаратуры. Таму не дзіва, што ў праграме «Найлепшае» яшчэ ішоў «Дзень перамогі» гэтага рэжысёра, які мае асаблівы погляд на жыццё постсавецкай прасторы.

Гэта асноўны клопат «Лістапада». І яго асноўны конкурс — з карцінамі, дзе ўсё гучней і вастрэй ставяцца пытанні, а разам з тым і вядуцца актыўныя мастацкія пошукі, што паказалі 12 прадстаўленых фільмаў. Пра тое, што хвалюе кінамайстроў краін, якія маюць з намі агульнае мінулае, але ідуць сваім шляхам, пагаворым наступны раз.

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ і Веранікі ВЕЛЬБ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.