Вы тут

Беларускія творы — сербскаму чытачу


Беларуская дэлегацыя, што ўдзельнічала ў 63-й Бялградскай міжнароднай кніжнай выстаўцы, адзначыла высокую ступень яе арганізаванасці. У адным з найстарэйшых кніжных кірмашоў у Еўропе сёлета ўзялі ўдзел 488 выдавецтваў, сярод якіх — 95 замежных. Гасцямі выстаўкі сталі 195 тысяч аматараў кнігі. І гэта з улікам таго, што ўваход платны!

— Беларуская дэлегацыя ўдзельнічае ў выстаўцы не ўпершыню, — адзначыў падчас прэс-канферэнцыі ў прэс-цэнтры «Дома прэсы» кіраўнік дэлегацыі Аляксей Чарота, намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда» — галоўны рэдактар часопіса «Нёман». — Акрамя праграмы, якую мы ладзілі на стэндзе, праходзіла шмат цікавых падзей па-за межамі кірмашу. Мы наведалі філалагічны факультэт Бялградскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Дзіцячы культурны цэнтр Бялграда, Нацыянальную бібліятэку Сербіі, дзе наша дэлегацыя сустрэлася з кіраўніцтвам і чытачамі.

Запамінальнымі атрымаліся прэзентацыі кніг, распавёў Аляксей Чарота. Гэта выданні, што пабачылі свет у Беларусі і прысвечаныя сербскай тэматыцы: «Пясочны гадзіннік лёсу: Сербская проза ХХ стагоддзя» і «Посах святога Савы: Легенды» Драгана Лакічавіча. А яшчэ — кнігі беларускіх аўтараў, выдадзеныя ў Сербіі на сербскай мове. Перакладчыца — Даяна Лазаравіч (перастварае непасрэдна з беларускай мовы). Сярод іх — творы не толькі нашага класіка Максіма Багдановіча, але і сучасных аўтараў — Віктара Кажуры, Алеся Карлюкевіча. Беларускія выданні зацікавілі сербскую аўдыторыю, асабліва — «Францыск Скарына на мовах народаў свету», «Беларусь — пасланне свету».

Вынікам паездкі сталі дамоўленасці аб супрацоўніцтве ў межах кніжных праектаў. У прыватнасці, вядуцца перамовы па выданні беларускіх народных казак у адным з сербскіх выдавецтваў. Яшчэ адна задума — выданне малой беларускай прозы ў сербскім часопісе «Павеля». Летась у гэтым выданні выйшла падборка сучаснай беларускай паэзіі на сербскай мове.

У кніжным кірмашы ўзялі удзел выдавецтвы «Беларусь», «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», «Вышэйшая школа», «Мастацкая літаратура», «Народная асвета», Выдавецкі дом «Звязда», Паліграфкамбінат імя Якуба Коласа. Кнігі гэтых прадпрыемстваў увайшлі ў наборы падарункаў для філалагічнага факультэта Бялградскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Дзіцячага культурнага цэнтра, Нацыянальнай бібліятэкі Сербіі, Пасольства Беларусі ў Сербіі.

Сербскія калегі запрошаны да ўдзелу ў Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы і сімпозіуме літаратараў, якія пройдуць у лютым 2019 года.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?