Вы тут

«Полацкі малец» з Мінска


Я лічу яго «полацкім мальцам», хаця ён нарадзіўся і стала жыве ў Мінску. Ён сам не надта пярэчыць, бо Полацк для яго не проста горад, які стаў асновай навуковай дзейнасці, а куток, блізкі сэрцу, яго маладыя мроі і юнацкае захапленне.


Памятаю нашыя сустрэчы падчас раскопак каля Сафійкі, на Верхнім і Ніжнім замках горада.

Тады мой сын яшчэ школьнікам удзельнічаў у раскопах, што ў многім паўплывала на яго далейшы выбар прафесіі. А па вечарах, у вольны час, Сяргей Тарасаў прыходзіў на пасяджэнні нашага літаб’яднання «Крыніцы», быў частым госцем на нашых сяброўскіх сумоўях разам са сваёй нязменнай гітарай, з цікавымі расповедамі пра нашу гісторыю, полацкую даўніну. Ды ў маіх рэпартажах на радыё пра ўнікальныя археалагічныя знаходкі ён быў галоўным героем, і яго голас ужо пазнавалі многія радыёслухачы, таксама спазнаваючы тым самым веліч і славу майго роднага месца.

Тэмай яго кандыдацкай дысертацыі таксама быў Полацк. Яна так і называлася: «Гісторыка-тапаграфічная структура Полацка Х—ХVIII стагоддзяў». Да яго з беларускіх навукоўцаў так планамерна і грунтоўна займаўся полацкай даўніной хіба акадэмік Георгій Штыхаў, які, безумоўна, паўплываў на захапленне свайго вучня.

З Сяргеем заўсёды было цікава пагаварыць і пра літаратуру, таксама даўняе яго захапленне, да якога далучыла хлапчука маці, вядомая журналістка Тамара Тарасава, нязменны адказны сакратар часопіса «Вясёлка». Ён распавядаў пра многіх знакамітых творцаў, якія не раз гасцявалі ў іх доме, пра тое, як, бываючы ў маці на працы, з дзяцінства дакрануўся да свету журналістыкі і літаратуры.

Таму нядзіўна, што сам Сяргей, нягледзячы на навуковыя заняткі, стаў спрабаваць сябе ў мастацкай творчасці.

Так адна за адной сталі выходзіць кніжкі прозы «Вясёлы ветрык», «Фрэскі». А потым прыйшло захапленне кіно і тэлебачаннем. Разам з вядомым рэжысёрам Віктарам Шавялевічам яны знялі цікавыя стужкі «Прыйдзі і віждзь», «Пастка для зубра. Вітаўт», «Пастка для зубра. Ягайла», «Да вас, сучаснікі мае», «Званы Сафіі», «Слава Воршы», «Буквар», «Замкі Беларусі», «Беларусь на крыжы вякоў» і інш.

А тэлегледачам палюбіліся яго перадачы «Вецер вандраванняў», «Кола часу», «Беларускі дом». На нейкі час Тарасаў нават перайшоў на сталую работу ў штат беларускага тэлебачання і быў намеснікам галоўнага рэдактара літаратурна-мастацкага вяшчання.

Бываючы ў Мінску, я не мінаў гасціннага дома Сяргея. Тарасаў быў адным з першых, хто дапамагаў мне адаптавацца ў сталічным жыцці пасля пераезду.

Нядаўна ён падарыў нам з сынам Максімам вучэбны дапаможнік па гісторыі для чацвёртага класа «Мая радзіма Беларусь», напісаны ім у супрацоўніцтве з Сяргеем Пановым з надпісам «Гальпяровічу, яго ўнуку Мацейку на добрую навуку». І хаця Мацейку пакуль яшчэ толькі чатыры гады, я спадзяюся, што прыйдзе час, калі ён адгорне старонкі гэтай кнігі і паглыбіцца ў чароўны свет айчыннай гісторыі. А нас з Сяргеем Тарасавым па-ранейшаму будуць лучыць гады маладосці і цудоўны і вечны Полацк.

Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».