Вы тут

Тлумачым модныя эканамічныя тэрміны простымі словамі


Блокчэйн, майнінг ды крыптавалюты не раз мусіраваліся ў СМІ, аднак многія так і не зразумелі, што гэта, як гэта працуе, і навошта гэта ўвогуле трэба. Заснавальнік кампаніі VІNT Соnsult, эксперт у галіне блокчэйна Трафім ЯРОМЕНКА растлумачыў гэтыя паняцці і выказаўся наконт перспектыў развіцця лічбавай эканомікі
ў Беларусі.


Коратка і па справе

— Як простымі словамі растлумачыць, што такое блокчэйн і ў чым перавага сістэмы?

— Давайце ўявім блокчэйн як бухгалтарскую кнігу. Па сутнасці — гэта база даных. У яе мы запісваем пэўныя паказчыкі. Праблема баз даных звычайна ў іх цэнтралізацыі. Напрыклад, ёсць база даных транзакцый Vіsа або Mаstеrсаrd. І ўсе аперацыі, якія адбываюцца, адлюстроўваюцца менавіта ў гэтай цэнтральнай базе даных. Праблема цэнтралізацыі ў тым, што ўладальнік базы даных лёгка можа ўнесці ў яе змены. І ніхто пра гэта не даведаецца.

Блокчэйн змяніў месца знаходжання гэтай інфармацыі. Цяпер інфармацыя аб транзакцыях ёсць на ўсіх камп'ютарах. Яна дэцэнтралізаваная — гэта самае галоўнае. Інфармацыя размяшчаецца ў выглядзе спіса. Дык вось у бухгалтарскую кнігу, напрыклад, пасля продажу маёмасці ўносяцца звесткі, якія з'яўляюцца ў вас і ва ўсіх членаў сістэмы. Каб змяніць гэты запіс, трэба, каб яго перазапісалі на ўсіх участках сістэмы. Дазвол на запіс у сістэме (у класічнай сістэме блокчэйна) даецца з дапамогай майнінгу.

— А што такое майнінг?

— Гэта працэс вылічэння. Даецца класічная задача, якая рашаецца шляхам падбору лічбаў. Калі раней аперацыі можна было выконваць на найпрасцейшым камп'ютары без цяжкасцяў, то зараз патрэбны вялізныя вылічальныя магутнасці камп'ютара. Хто першы рашае задачу, той атрымлівае бонус ад сістэмы — пэўную колькасць коінаў (манет).

Хто першы рашае, той мае права запісу. Блок падпісаны, верыфікаваны і размеркаваны на ўсіх кавалках гэтай сістэмы.

І хараство сістэмы блокчэйна ў тым, што яна размеркавана, яе вельмі складана падрабіць. Агульнапрынята лічыць, што падрабіць транзакцыю ў сетцы блокчэйна больш складана, чым у любой іншай. Гэта не зусім праўда, ёсць нюансы, але, сапраўды, падмануць сістэму блокчэйна складана. Усе транзакцыі знаходзяцца ў вольным доступе. Гэта значыць, любую транзакцыю, якую вы здзейснілі ўнутры сістэмы блокчэйн, кожны з удзельнікаў сістэмы можа прагледзець і праверыць.

Выдуманыя грошы

— А ці можа блокчэйн існаваць без крыптавалюты?

— Крыптавалюты без тэхналогіі блокчэйн існаваць не могуць, а блокчэйн можа выкарыстоўвацца не толькі для крыптавалют. Напрыклад, блокчэйн можна выкарыстоўваць для рэгістрацыі нерухомасці, страхавання, а таксама рэгістрацыі юрыдычных асоб. Усе гэтыя рэчы вельмі добра падыходзяць сістэме, і з дапамогай гэтага скарачаецца колькасць пасрэднікаў і памяншаецца цана канчатковага прадукту. У нашы дні гэта дастаткова важна.

— Наколькі выгадна захоўваць свае зберажэнні ў крыптавалюце?

— Калі ты хочаш вывучаць дынаміку, рух курсаў крыптавалют і ў залежнасці ад дынамікі, аналізу пераводзіць з адной валюты ў другую, на гэтым можна добра зарабляць. Гэта дакладна не работа ў стылі «паклаў і забыўся». Бо гарантаваць, што нейкая валюта будзе бясконца расці, нельга. Я веру, што яна будзе расці, але я не буду кагосьці прыцягваць і падбіваць на ўкладанні. Мы робім свае праекты для таго, каб інвестары не баяліся ўкладваць, а саіскальнікі не баяліся працаваць.

Як ідуць справы сёння?

— Пік цікавасці да сістэмы блокчэйн прыйшоўся на 2016—2017 гады. Якая сітуацыя зараз?

— Так, у 2017 годзе быў самы пік, калі браць інфармацыйны складнік. Рост курса быў за кошт капіталізацыі самой сістэмы. Кошт біткойна даходзіў да 20 тысяч долараў. І на гэтай хвалі інфармацыйны фон нарастаў. Калі курс біткойна пачаў паніжацца, здарылася змена ўсіх трэндаў, інфармацыйны фон схлынуў, і цяпер інфармацыі менш.

Але калі суадносіць колькасць прыцягнутых сродкаў з дапамогай першаснага продажу (ІСО), то 2018 год больш плённы, чым 2017-ы, за кошт таго, што на рынак сталі выходзіць вельмі буйныя гульцы. І лічыцца, што крыптавалюты трэцяга пакалення будуць самыя дасканалыя. Гэта можа быць рэвалюцыя на рынку. Калі б не было крыптавалют, пра блокчэйн ніхто б асабліва не казаў. За кошт таго, што на крыптавалютах людзі зарабілі вялізную маёмасць, усе даведаліся пра сістэму, усіх яна зацікавіла, але 90 % людзей пры гэтым не разумеюць, што гэта. І адна з такіх глабальных праблем — велізарная колькасць ашуканцаў, якія спрабуюць на ўсім зарабіць. Чалавек чуе «крыптавалюта», ведае, што там шмат грошай, і вядзецца на падман.

— Якія перспектывы работы ў Беларусі на тэхналогіі блокчэйн?

— Блокчэйн — гэта не краінавая гісторыя, гэта пытанне не Беларусі. У рамкі загнаць гэту сістэму немагчыма. Напрыклад, вельмі актыўна развіваюць сістэму ў арабскіх краінах. Тэхналогія будзе працаваць, і ў Беларусі перспектывы на самай справе велізарныя, таму што ў нас шмат таленавітых праграмістаў. Аб праграмістах у Беларусі ўжо ведаюць. Але крыптавалюта, як і любая валюта, забяспечана даверам. Цалкам магчыма, што пераход на гэтыя валюты будзе хуткім. Людзі будуць разумець, пазнаваць, аналізаваць і прымаць рашэнні ў залежнасці ад сваёй веры.

Ганна ЮНЧЫЦ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.