Вы тут

Як сацыяльная рэклама змяняе стаўленне да бяздомных жывёл


«Не кідай мяне на лецішчы», «Я таксама хачу сустрэць Новы год дома» — такія кранальныя словы бачылі жыхары Масквы на білбордах з сацыяльнай рэкламай пра бяздомных жывёл. Падобныя акцыі праходзяць там пастаянна на працягу многіх гадоў, бо пытанне з вулічнымі катамі і сабакамі застаецца адкрытым і патрабуе дапамогі грамадскасці. У нас сітуацыя з бяздомнымі жывёламі не лепшая, але такой сацыяльнай рэкламы вы ў сталіцы, на жаль, не ўбачыце. Падобны праект з'явіўся сёлета ў Кобрыне. Ён прыцягнуў увагу як жыхароў горада, так і зоаабаронцаў з усёй краіны. Гэта не першы праект у гэтым горадзе, накіраваны на дапамогу, як той казаў, братам нашым меншым.


Шляхі да мэты

Летась, напярэдадні халадоў, ньюсмейкерам у тэме аховы жывёл таксама быў Кобрын. Упершыню там мэтанакіравана і з дапамогай кіраўніцтва раёна ўсталявалі цёплыя домікі для катоў. Было пяць, сёлета дадалі яшчэ шэсць. Падобныя праекты сталі магчымыя, калі неабыякавыя грамадзяне аб'ядналіся з адміністрацыяй горада і аўстрыйскім цэнтрам «Лісабона», які займаецца аховай жывёл. Дырэктар гэтай арганізацыі Алекс ФОЛАН расказаў, якія ідэі яны дапамагаюць увасобіць у нашай краіне.

Домікі былі другім праектам у Кобрыне. Яны ствараліся па прыкладзе Польшчы, Румыніі, Італіі, дзе падобныя месцы жыхарства вельмі папулярны сярод вусатых-паласатых. Яны дапамагаюць бяздомным катам выжыць, саграваючыся ўзімку.

Першым жа праектам — і на погляд зоаабаронцы найбольш эфектыўным — была льготная стэрылізацыя катоў і сабак. Інакш скараціць колькасць бадзяжных жывёл на вуліцах практычна немагчыма. Акцыя прадугледжвае бясплатную стэрылізацыю «дварнякоў» і зніжкі да 90 % для малазабяспечаных гаспадароў, у тым ліку для пенсіянераў, інвалідаў.

Трэці праект — стацыянарныя кармушкі і паілкі. Для таго каб накарміць жывёл, жыхары часта выкарыстоўваць ці нейкі састарэлы хатні посуд, ці пластыкавыя кантэйнеры, ёмістасці ад ёгуртаў і гэтак далей. Гэта стварае пэўныя праблемы для ЖКГ, паколькі забруджвае двор. Дворнік усё прыбірае — а яны з'яўляюцца зноў. Каб задаволіць абодва бакі, валанцёры зрабілі стацыянарныя кармушкі, пафарбавалі іх у жоўты колер, намалявалі лапкі. Атрымалася прыгожа і карысна.

І вось з'явіўся праект па сацыяльнай рэкламе. Алекс Фолан гаворыць, што ў першы ж дзень па рэкламе на білбордзе з прыватнага прытулку забралі сабаку, які ўжо доўгі час не мог знайсці сабе дом. Прапаганда гуманнага стаўлення да сваіх жывёл і адказнасці за іх, бадай што, адна з найважнейшых рэчаў. Пра гэта на практыцы ведае Ларыса СЛАБАДА. Яна ездзіць да сваіх жывёл у розныя куткі горада, дзе яны знайшлі часовы прыстанак. «Калі прыязджаеш увечары дадому, у першую чаргу едзеш гэтых сабак карміць, а потым ужо думаеш пра сябе», — гаворыць жанчына. Яна працуе загадчыцай у прадуктовай краме, і часта непатрэбных кацянят і шчанюкоў скідваюць пад яе дзвярыма. Маўляў, людзей тут шмат, хтосьці пакорміць. Атрымліваецца, сваю кошку стэрылізаваць шкада, а пакінуць малых без даху і ежы — гэта нармальна. Думаюць, што нехта пра іх паклапоціцца, і быццам бы не ўяўляюць, што яны могуць трапіць пад колы аўтамабіля, пацярпець ад сабакі ці проста загінуць з-за голаду...

Каб змяняць такое стаўленне на больш гуманнае, у Кобрыне запусцілі яшчэ адзін праект «Мы адчуваем». Гэта фотаздымкі жывёл, якія таксама адчуваюць боль, здраду, страх... Ён «вандруе» па школах горада і раёна, спыняючыся ў кожнай на два месяцы, каб усе дзеці ведалі, што жывёла — гэта не цацка.

Дапамагаюць і дзеці

Ларыса гаворыць, што пасля ўсёй працы, што была зроблена, на вуліцах горада сапраўды стала менш бяздомных жывёл. Адзінае, яны застаюцца на месцы былога ваеннага аэрадрома, дзе зараз ідзе будаванне жылых дамоў. Гэта таксама наша «традыцыя»: даглядаць сабаку, пакуль ён будоўлю ахоўвае, а пасля заканчэння работ з'ехаць і пакінуць яго на волю лёсу.

Акрамя прыватных прытулкаў, у горадзе бяздомнымі жывёламі займаецца ЖКГ. Як і ў большасці нашых гарадоў, у іх сродак фактычна адзін — адстрэл. Але Ларыса гаворыць, што зараз і яны, калі магчыма знайсці гаспадара, прытрымліваюць сабаку і даюць яму шанец, што нехта звернецца і забярэ. Шчанюкоў ловяць і тэлефануюць валанцёрам — іх хутчэй магчыма ўладкаваць. Вось разам неяк і спраўляюцца.

Дапамагае і мясцовая ўлада. Намеснік старшыні райвыканкама Валянцін ТРУБЧЫК гаворыць:

— Не ўсе сацыяльныя праекты, якія нараджаюцца ў грамадзянскай супольнасці, ідуць у мінус бюджэту. Часта яны ўвогуле патрабуюць не бюджэтных уліванняў, а палітычнага адабрэння. Мы знайшлі ініцыятыву дапамогі бяздомным жывёлам цікавай, карыснай, гуманнай і з лёгкасцю дазволілі паставіць домікі ў тых месцах, дзе традыцыйна жывуць каты. Грамадзяне нармальна ўспрынялі гэты падыход. І сёння мы і на прыпынках, і ў раёне парку іх бачым. Часам узнікаюць пытанні ад суседзяў, што шмат жывёл там збіраецца. Але пераважае меркаванне, што гэта справа патрэбная і правільная. Не толькі ЖКГ займаецца бяздомнымі жывёламі: далучаюцца валанцёры, падрастаючае пакаленне... Дзеці актыўна дапамагаюць у прыватным прытулку, чысцяць клеткі. Гэта выхаванне любові да жывёл, і яно працуе. Мы рады, што склалася такая сістэма разам з грамадзянскай супольнасцю.

Да работы з насельніцтвам падключыўся і аддзел ідэалогіі райвыканкама. Яны разаслалі па прадпрыемствах рэкламкі пра стэрылізацыю і гуманнае стаўленне.

Замежны вопыт

Алекс Фолан лічыць, што найлепшы шлях да вырашэння праблемы жывёл на вуліцы — кааперацыя абаронцаў жывёл і ўлад. Кропкава арганізацыя «Лісабона» дапамагае валанцёрам і ў іншых гарадах, але Кобрын быў абраны як горад, у якім магчыма адпрацаваць комплексны падыход.

Дарэчы, у дырэктара цэнтра мы спыталі і пра тое, якая сістэма працуе ў Еўропе. Па яго словах, у Германіі і Аўстрыі гэтай праблемы няма на працягу апошніх 20 гадоў. У іх прытулках знаходзяцца жывёлы з іншых краін: Румыніі, Італіі, Харватыі... Правы жывёл у Еўрасаюзе абараняюцца канвенцыяй. У Германіі — яшчэ і Канстытуцыяй. Там існуе асобная прафесія ахоўніка жывёл і асобны магістрат (выканаўчы орган). Калі ў чалавека ёсць кошка, можа прыйсці правяраючы і паглядзець, у якіх умовах яна жыве. У законе прапісана ўсё да дробязяў. Неабходна, каб у ката было акно, якое выходзіць на вуліцу, сетка на ім, каб выпадкова ён не выпаў, міска павінна быць заўсёды чыстай. Для прытулкаў ёсць нормы, колькі квадратных метраў павінна прыходзіцца на адну жывёлу, што можна выкарыстоўваць для ачысткі сцен і падлогі: бытавыя хімічныя сродкі пад забаронай — дазволена мыць толькі спецыяльнымі.

У Аўстрыі сацыяльная рэклама, накіраваная на ахову жывёл, круціцца ва ўсім грамадскім транспарце кожныя пяць хвілін. Стаяць білборды, газеты пішуць на гэту тэматыку. Такая прапаганда, лічыць Алекс Фолан, вельмі дзейсная. Людзі пачынаюць задумвацца. Калі нехта прачытае слоган «сяброўства не мае пароды», у ягоным  сэрцы можа нешта ёкнуць, і ён падумае, што, сапраўды, галоўнае дапамагчы і, як той казаў, выратаваць чалавека ў сабе.

На гэтых праектах Кобрын не спыняецца. Не так даўно там зрабілі першую ў краіне пляцоўку для выгулу сабак, абсталяваную па ўсіх еўрапейскіх правілах.

Надзея АНІСОВІЧ

Загаловак у газеце: Сяброўства не мае пароды

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.