Вы тут

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні


Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў назначэнне шэрага старшынь раённых выканаўчых камітэтаў, а таксама двух намеснікаў аблвыканкамаў.


На пасаду першага намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкама ўзгоднена кандыдатура Генадзя Салаўя, які да цяперашняга часу працаваў на пасадзе старшыні Нясвіжскага райвыканкама.

Мікалай Кароцін будзе працаваць першым намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама. Раней займаў пасаду дырэктара РУП "Праектны інстытут Магілёўгіпразём".

Прэзідэнт даў згоду на прызначэнне кіраўнікоў раёнаў.

  • Чачэрскі райвыканкам ўзначаліць Юрый Дзеркачоў.
  • Андрэй Бараноўскі зойме пасаду старшыні Акцябрскага райвыканкама.
  • Старшынёй Шумілінскага райвыканкама стане Алег Быкаў.

Усе яны раней працавалі ў мясцовай вертыкалі ўлады на розных пасадах.

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы ўзгадніў прызначэнне Івана Рабкаўца на пасаду старшыні Пінскага гарвыканкама. Да гэтага часу ён працаваў на пасадзе намесніка міністра транспарту і камунікацый.

Пасля размовы з Прэзідэнтам Іван Рабкавец адзначыў, што горад, якім ён будзе кіраваць, асаблівы: “Пінск уваходзіць у дзясятку найбуйнейшых гарадоў нашай краіны і ў адпаведнасці з праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь да 2020 года вызначаны як цэнтр эканамічнага росту, які мае добрую інвестыцыйную прывабнасць, а таксама магчымасць атрымаць значны эканамічны эфект. Таму кіраўнік дзяржавы даручыў далейшае ўстойлівае і збалансаванае развіццё нашага горада, павышэнне эфектыўнасці вытворчасці, канкурэнтаздольнасці, а таксама ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва і павышэнне яго дабрабыту”. Новы старшыня адзначыў, што яго непакоіць  наяўнасць стратных прадпрыемстваў і нізкая ўдзельная вага інавацыйнай прадукцыі. Над гэтым будуць працаваць у першую чаргу.

Мікалай Кароцін, першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама, таксама падзяліўся сваімі планамі на першы рабочы дзень. Ён расказаў, што мае амаль 20-гадовы вопыт працы ў Магілёўскай вобласці і мае намер спачатку пазнаёміцца з кадрамі. “Прэзідэнт паставіў сур’ёзныя задачы, у першую чаргу, ён агучыў, што найважнейшым прыярытэтам з’яўляецца эканоміка: як у АПК, так і ў прамысловасці. Таму што з яе складаецца наш дабрабыт і развіццё прадпрыемстваў. Вядома, пытанняў вельмі шмат асабліва ў сельскай гаспадарцы. Але даручэнні зразумелыя і задачы, якія стаяць перад кадрамі Магілёўскай вобласці, выканальныя”, — адзначыў Мікалай Кароцін.

Рэктарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі стаў Арцём Шагідзевіч. “Кіраўніком дзяржавы вызначаны ўсе асноўныя задачы па развіцці вышэйшых устаноў адукацыі на Рэспубліканскім педагагічным савеце. І сёння Прэзідэнт падкрэсліў, што мы павінны цесна супрацоўнічаць з заказчыкамі кадраў, у прыватнасці для Акадэміі авіяцыі — гэта Нацыянальны аэрапорт “Мінск”, “Белавія”, “Белавіянавігацыя”. Мы павінны чуць спажыўцоў і рыхтаваць тыя кадры, якія неабходны для ніх. Плюс экспарт адукацыйных паслуг”, — звярнуў увагу Арцём Шагідзевіч. — Акрамя таго, наша ВНУ адзіная ў краіне, што рыхтуе, напрыклад, інжынераў па абслугоўванні беспілотнікаў і кіраванні імі”.

Генеральны дырэктар кіруючай кампаніі холдынга “Бабруйскаграмаш” Надзея Лазарэвіч запэўніла, што ведае, куды весці холдынг. “Прэзідэнт паставіў задачы нарасціць аб’ёмы вытворчасці, знайсці новыя рынкі збыту, скараціць выдаткі і сабекошт, а таксама аб’яднаць усе шэсць заводаў холдынга “Бабруйскаграмаш” у адзінае цэлае, кансалідаваць пытанні закупак”, — патлумачыла новы кіраўнік. Яна адзначыла, што неабходна заняцца імпартазамяшчэннем, і “паказаць новы твар прамысловасці”.

Аляксандр Лукашэнка: Барацьба з карупцыяй — гэта непрыхільныя мае патрабаванні

Падчас сустрэчы з будучымі супрацоўнікамі выканкамаў, Прэзідэнт пацікавіўся, чаму Іван Рабкавец, якога ўзгаднялі на пасаду старшыні Пінскага гарвыканкама, вяртаецца са сталіцы ў гэты горад (раней ён працаваў намеснікам Міністра транспарту і камунікацый). “Я толькі вітаю, калі чалавек вяртаецца на сваю малую радзіму, каб навесці там парадак”, — адзначыў Прэзідэнт і дадаў, што Пінск — вельмі важны горад, “які стаіць у шэрагу тых гарадоў, якія мы сур’ёзна прааналізуем і мадэрнізуем. Чым горшы Пінск за Оршу, за якую мы ўзяліся? Ці за Барысаў, дзе працуем зараз? Ці за Маладзечна? Гэта горад у такім жа радзе. Вам трэба будзе немала там зрабіць, і мы будзем гэты працэс падтрымліваць”.

Што датычыцца Генадзя Салаўя, які стаў першым намеснікам старшыні Гомельскага аблвыканкама, яго рэкамендаваў намеснік прэм’ер-міністра Міхаіл Русы. “Калі віцэ-прэм’ер рэкамендуе вас — гэта вельмі вялікая на вас адказнасць, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Таму што ў Гомелі свежым вокам трэба паглядзець на сітуацыю”.

Размаўляючы з Андрэем Бараноўскім, які цяпер займае пасаду старшыні Акцябрскага райвыканкама, кіраўнік дзяржавы пракаментаваў: “Гэта станоўчая рэч, калі людзі не трымаюцца за вялікія гарады і пэўныя пасады, а ідуць працаваць на месцы”.

Прэзідэнт запытаў у Юрыя Дзеркачова, які ўзначаліў Чачэрскі райвыканкам, што ён думае пра праблемы з будаўніцтвам прадпрыемства ў Добрушы (размова ідзе пра завод на базе папяровай фабрыкі, які пачалі будаваць яшчэ ў 2012-м). Юрый Дзеркачоў спадзяецца, што запусцяць яго налета, зараз вырашаюць праблемы з наладкай абсталявання. Аляксандр Лукашэнка адказаў, што такія праекты павінны быць на кантролі і анансаваў, што на пачатку наступнага года пройдзе нарада па інвестыцыйных праектах. “Трэба, каб мясцовыя органы ўлады былі агорнутыя гэтай праблемай”, — сказаў Прэзідэнт.

“Вы павінны прымаць рашэнні і несці за гэтыя рашэнні адказнасць”, — падкрэсліў Прэзідэнт, звяртаючыся да ўсіх кіраўнікоў і намеснікаў старшынь выканкамаў. “Будучы год — гэта год сур’ёзны. У нас пачынаецца палітычная “вакханалія”, якая працягнецца мінімум паўтары года. І выбары парламента, і выбары Прэзідэнта потым, ці як мы вырашым, як праводзіць нам гэтыя палітычныя кампаніі, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка і дадаў: — Нам трэба ва ўласцівай манеры прайсці гэты этап, не скінуўшы абароты. Народ нам гэта не даруе. Вы ведаеце, што палітычная кампанія — гэта экзамен, таму нам прыйдзецца здаваць адзін і другі экзамен і даваць справаздачу народу”.

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што “барацьба з карупцыяй — гэта непрыхільнае мае патрабаванне і мае дзеянне з першага дня прэзідэнцтва”. Таксама ён звярнуў увагу: “Якія б ні былі беларусы — лепш за нашых людзей няма. Гэта нераспешчаныя, цярплівыя людзі, якія ўмеюць працаваць. Адпаведна і мы павінны паступаць, і мы павінны адпавядаць свайму народу”, — рэзюмаваў Прэзідэнт.


Таксама Прэзідэнт узгадніў пасады рэктара Мозырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта — ім стаў Валерый Наўныка і генеральнага дырэктара “Белэнерга” — Паўла Дразда. Акрамя таго, Кірыл Дабрэга быў назначаны намеснікам старшыні Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь. Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне:

  • Наталлі Карчэўскай — першым намеснікам міністра культуры;
  • Сяргея Шарамецьева — намеснікам міністра культуры;
  • Валянціна Шатраўкі — першым намеснікам міністра лясной гаспадаркі;
  • Уладзіміра Крэча — намеснікам міністра лясной гаспадаркі;
  • Юрыя Селіверстава — першым намеснікам міністра фінансаў;
  • Андрэя Белкаўца — намеснікам міністра фінансаў;
  • Аляксандра Чарвякова — першым намеснікам міністра эканомікі;
  • Дзмітрыя Ярашэвіча — намеснікам міністра эканомікі;
  • Сяргея Раянтовіча — намеснікам міністра энергетыкі;
  • Аляксандра Васільева — членам Гомельскага аблвыканкама.

Надзея АНІСОВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.