Вы тут

Паспяховае прадпрыемства — гарантыя поспеху і дабрабыту кожнай сям'і*


Так лічыць дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Крутагор'е-Петкавічы» Юрый Клімаш

— Вялікі дзякуй калектыву за працу, працоўныя дасягненні. Практычна ўсе задачы, якія былі пастаўлены перад спецыялістамі, работнікамі, выкананы. Поспехаў і дабрабыту нашаму прадпрыемству! Калі будзе поспех у прадпрыемства, то поспех гарантаваны для кожнай сям'і, паколькі дастатак залежыць ад таго, якая сітуацыя ў гаспадарцы. Таму — цярпення, мудрасці, любові адзін да аднаго, да агульнай справы. Праца ў сельскай гаспадарцы — гэта не проста працэс, а лад, стыль жыцця. Для таго каб плённа працаваць на вёсцы, трэба гэтым жыць, а не проста хадзіць на работу. Здароўя ўсім работнікам, іх сем'ям, усім працаўнікам сяла! Не толькі нашай гаспадаркі, але і раёна, вобласці, краіны. Здароўе — гэта галоўнае, астатняе прыкладзецца. Усё можна зарабіць, вырасціць, толькі, каб была мэта. А для выканання пастаўленых задач на сённяшні дзень у нас усё ёсць.

Карэспандэнт «Звязды» пабывала ў адной з самых паспяховых гаспадарак Дзяржынскага раёна і даведалася, як тут працуюць, аб планах на будучыню і перспектывах развіцця.


— Перспектыў і жаданняў зашмат — адначасова не ахопіш. Усё залежыць не толькі ад нас, але і ад кіраўніцтва раёна, вобласці. Нам адназначна неабходна расшыраць сельскагаспадарчыя ўгоддзі, паколькі на сённяшні дзень у гаспадарцы вялікая шчыльнасць жывёлы: 96 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 33 дойныя каровы на гектар сельгасугоддзяў, свіней — больш як 545 галоў на гектар ворыва, — расказвае дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Крутагор'е-Петкавічы» Юрый Клімаш. —
Налета плануем пачаць будаўніцтва новага малочнатаварнага комплексу, ужо прыступілі да ўзвядзення і рэканструкцыі двух памяшканняў для ўтрымання сухастойных кароў. Цяпер уводзім у эксплуатацыю цэх халастых і паросных свінаматак на свінагадоўчым комплексе. На днях пачнём запаўняць памяшканне. Акрамя таго, заканчваем добраўпарадкаванне новага малочнатаварнага комплексу ў Малых Навасёлках, каб здаць яго пад ключ. Пабудавалі яго гаспадарчым спосабам у рэкордна сціслыя тэрміны — роўна за два гады. На сённяшні дзень комплекс запоўнены цалкам сваёй жывёлай.

Варта сказаць, што ў ААТ «Крутагор'е-Петкавічы» пралічваюць свае крокі і дзеянні на перспектыву, як сапраўдныя гаспадары выкарыстоўваюць не толькі кожны гектар зямлі, кілаграм малака, але і нерухомасць. Напрыклад, у адным з памяшканняў, якое прыдатнае для харчовых мэт, пасля рэканструкцыі адкрыюць цэх малочнай перапрацоўкі, дзе плануюць у суткі перапрацоўваць да 20 тон малака ўласнай вытворчасці. У гаспадарцы плануюць павялічыць вытворчасць мясной прадукцыі мінімум у паўтара-два разы, вядзецца рэканструкцыя мяса-каўбаснага і забойнага цэхаў.

«На гэ­тым ка­ме­ні ўвесь ле­та­піс гас­па­дар­кі», —  га­во­рыць ды­рэк­тар Юрый Клі­маш.

— Гэта дазволіць выпускаць у суткі 6—7 тон прадукцыі і перапрацоўваць сыравіну на 90 %. Сёння гэты паказчык на ўзроўні 65—70 %, — канстатуе Юрый Пятровіч. — Усяго ж у месяц выпускаем каля 75 тон каўбасных і мясных вырабаў, штодзень прадаём дзяржаве 43,5 тоны малака. Дарэчы, у летні сезон рэалізоўвалі 48—49 тон «белага золата» ў суткі.

На канчатковы вынік завязаны ўсе сферы дзейнасці, у тым ліку і будаўніцтва. Вядома, гэта не асноўная вытворчасць, але без яе, як кажуць, не будзе руху наперад.

— Мы паставілі перад сабой задачу ўсе плошчы, дзе размешчаны вытворчыя памяшканні, «узяць» у бетон: гноесховішчы, пад'язныя шляхі, пляцоўкі, дарогі. Калі ў мінулым годзе закупілі 343 тоны цэменту, то сёлета ўжо каля 580 тон. Толькі адным перасоўным міні-заводам уклалі 6,5 тысячы тон бетону на розных аб'ектах, — адзначае дырэктар.

Спе­цы­я­ліс­ты гас­па­дар­кі. Зле­ва на­пра­ва: Ганна Іва­но­віч — э­ка­на­міст,  Вік­то­рыя Шаў­цо­ва — бух­гал­тар, Іры­на Кры­ва­рот — на­мес­нік га­лоў­на­га  бух­гал­та­ра, Жан­на Анд­рэй­чы­ка­ва — га­лоў­ны бух­гал­тар (у цэнт­ры), спе­цы­я­ліс­ты па ар­га­ні­за­цыі за­ку­пак Ала Ку­ла­жан­ка і Але­на Паў­лю­чэн­ка,  Ні­на Ло­жач­нік — спе­цы­я­ліст па ар­га­ні­за­цыі пра­цы, Але­на Круг­лік — та­ва­ра­зна­вец, Жан­на Пад­зян­ко­ва — бух­гал­тар,Тац­ця­на Та­ран­ту­хі­на — га­лоўны эканаміст

У гаспадарцы добра разумеюць, што вытворчыя паказчыкі залежаць ад умоў пражывання, быту, адпачынку людзей. Таму і ўдзяляюць значную ўвагу жыллёвым пытанням. Дзяржынскі раённы выканаўчы камітэт перадаў таварыству бясплатна тры будынкі, дзе раней месціліся сельскія клубныя ўстановы. Дзве з іх пасля рамонту прыстасавалі пад інтэрнаты, засялілі людзей. У вёсцы Нявелічы, напрыклад, уладкавалі дзве двухпакаёвыя і тры аднапакаёвыя кватэры з агульнай кухняй, санвузлом. Там усё зроблена па-сучаснаму: душавыя, пліты, цэнтральнае ацяпленне. Пачынаецца рэканструкцыя трэцяга клуба ў вёсцы Дзягільна.

Сёлета зрабілі суперсучасны рамонт сталовай гаспадарчым спосабам усяго за два месяцы, закупілі неабходнае абсталяванне, мэблю. Цяпер вялікая зала здаецца ў арэнду для банкетаў. Словам, усё скіравана на тое, каб зарабляць грошы. Гаспадарка валодае фірменнымі магазінамі: у Фаніпалі, Дзяржынску, вёсцы Петкавічы. У пасёлку Энергетыкаў раней плошчы пад краму арандавалі. Цяпер будынак выкупілі, рамантуюць. Прадукцыю, якая рэалізуецца пад брэндам «Мясны дом», ацанілі не толькі мясцовыя пакупнікі, але і жыхары Мінска, навакольных раёнаў, пра што сведчаць пастаянныя чэргі.

Падрыхтоўка да зімы.

— Сыравіну на перапрацоўку ў старонніх прадпрыемстваў мы не бяром. Выкарыстоўваем толькі сваю, паколькі ведаем, як даглядаем жывёлу, чым кормім і які прадукт атрымліваем на выхадзе. У каўбасных вырабах не выкарыстоўваем сою, эмульгатары. Толькі натуральнае ахалоджанае мяса. Колер сапраўднага мяса павінен быць не чырвоны, а шэры, — канстатуе Юрый Клімаш. — Тое ж самае хочам зрабіць і па малаку. У перапрацоўчым цэху не будзе шырокага асартыменту. Галоўнае, каб прадукты былі натуральныя. Не сакрэт, чым меншы тэрмін захоўвання, тым лепшыя вырабы. І наогул мы ставім перад сабой мэту зрабіць нашу сельгасарганізацыю адной вялікай натуральнай фермерскай гаспадаркай. Інакш кажучы, выпускаць толькі якасную, натуральную прадукцыю. Мы атрымалі сертыфікат адпаведнасці, які дазваляе прадаваць прадукцыю за мяжу. Для гэтага неабходна было выканаць шэраг патрабаванняў, санітарных нормаў, паставіць сістэму ахалоджвання, якая круглы год падтрымлівае тэмпературу 12 градусаў. Але на сённяшні дзень праблем з рэалізацыяй прадукцыі няма, мы нават не можам задаволіць попыт на яе ўсіх спажыўцоў.

Наогул у гаспадарцы ўлічваюць прадукцыю не па вале, а па яе рэалізацыі. Дакладны аналіз, улік даюць свой вынік. Напрыклад, ступень пакрыцця затрат выручкай складае 107 %. Інакш, рубель уклалі, а зарабілі 1,07 рубля. За студзень — верасень рост валавой прадукцыі на ўзроўні 105,9 %, выручка ад рэалізацыі — 111,9 %. Заработная плата павялічылася на 106,7 %. На адзін бала-гектар атрымана прыбытку 12 рублёў — рост 108,6 %. Іншымі словамі, не проста расце выручка, а ўзрастае эфектыўнасць работы з зямлёй. Гэта сведчыць пра тое, што зямля выкарыстоўваецца максімальна, не адзін тэхналагічны сельскагаспадарчы цыкл. Хлебаробы ААТ «Крутагор'е-Петкавічы» паспяваюць пасадзіць прамежкавыя культуры і сабраць ураджай.

Ну, і вядома, у гэтыя поспехі вялікі ўклад уносяць прафесіяналы сваёй справы: спецыялісты, жывёлаводы, механізатары, даяркі. Менавіта ім і роднай гаспадарцы прысвечаны 30-хвілінны фільм, які сёлета знялі. Упершыню частку яго прэзентуюць на Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці.

— Хочам, каб засталася памяць аб нашай гаспадарцы, яе працаўніках, — лічыць Юрый Клімаш. — Мы адшукалі фільм беларускага тэлебачання, сюжэт якога расказвае пра ўвод у дзеянне першых калгасных домікаў. На юбілеі прадпрыемства мы яго дэманстравалі. Цяпер хочам зманціраваць з сучасным фільмам і паказаць усю гісторыю, дасягненні гаспадаркі, у тым ліку і праз інтэрв'ю працаўнікоў, спецыялістаў. На 85-годдзе нашай арганізацыі ўстанавілі таксама вялікі камень у скверы з мемарыяльнай дошкай, дзе напісалі храналогію падзей розных перыядаў з жыцця гаспадаркі. Для гэтага паднялі ўсе архіўныя дакументы, удалося знайсці нават пратакол першага сходу, прозвішчы першых калгаснікаў, хто і якую маёмасць здаў у калектыўную гаспадарку.


Алена Велічава, выконваючая абавязкі загадчыцы сталовай:

— Памяшканне сталовай непазнавальна змянілася як унутры, так і звонку. Літаральна за два месяцы сельгасарганізацыя сваімі сіламі, гаспадарчым спосабам зрабіла еўрарамонт дзвюх залаў, пафарбавала будынак, які цяпер ззяе вясёлымі колерамі. Мала таго, кіраўніцтва закупіла сучаснае кухоннае, халадзільнае абсталяванне, пліты, мэблю, сталы, посуд. Цяпер не сорамна і гасцей запрасіць, і банкеты ладзіць. А людзі арандуюць памяшканне ахвотна для правядзення ўрачыстасцяў, карпаратыўных мерапрыемстваў, памінак. Арэнда, напрыклад, вялікай залы абыходзіцца ў суткі ў 200 рублёў. Гэта з улікам посуду, гатавання.

Ды і так шмат кліентаў прыходзіць, не толькі свае. Нават з Дзяржынска прыязджаюць. Меню ў нас разнастайнае, абеды недарагія — каля 3-4 рублёў у залежнасці ад таго, што выбера чалавек. Свае работнікі харчуюцца па талонах, абед ім абыходзіцца ў 1 рубель 80 капеек, розніцу ў кошце даплачвае прадпрыемства. Даспадобы наведвальнікам выпечка, якую гатуем сваімі рукамі. Адносна недарагі кошт абедаў тлумачыцца тым, што гаспадарка забяспечвае сталовую гароднінай, бульбай, морквай, буракамі, капустай, мясам. Купляем толькі крупы, макарону.

Ра­бот­ні­кі ста­ло­вай ча­ка­юць на­вед­валь­ні­каў.

Падчас асноўных сельскагаспадарчых кампаній механізатараў кормім у полі. Для гэтага спецыяльна абсталяваныя тры машыны з тэрмасамі, рукамыйнікам. Падвячорак даём бясплатна.


Святлана Старавойтава, намеснік начальніка малочнатаварнага комплексу «Малыя Навасёлкі»:

Свят­ла­на Ста­ра­вой­та­ва ў да­іль­най за­ле  з кам­п'ю­тар­най сіс­тэ­май кі­ра­ван­ня.

— Працавала на старой ферме брыгадзірам. Цяпер на новым комплексе дапамагаю Жанне Асіпенцы, працуем з ёй у дзве змены.

Адно памяшканне цалкам запоўнена жывёлай, палова з іх дойныя каровы і цялушкі. Кармы раздаюцца аўтаматызавана, усталявана камп'ютарная дойка. На сённяшні дзень тут працуе тры даяркі, адна з іх падменная. Так што нашы аператары маюць выхадныя дні. Калі памяшканне запоўнім цалкам, то спатрэбіцца яшчэ жанчына. Надоі ў нас добрыя — і 23, і 28 кілаграмаў ад каровы ў суткі. Усё у залежнасці ад ацёлаў, пары года.


Аляксандр Кісіцкі, галоўны інжынер:

У май­стэр­ні вя­дзец­ца пад­рых­тоў­ка тэх­ні­кі да на­ступ­на­га го­да. Зле­ва на­пра­ва: Анд­рэй Га­рач­ка, Аляк­сандр Кі­сіц­кі (га­лоў­ны ін­жы­нер), Ра­ман Брын­дзікаў.

— Пасля асноўных сельскагаспадарчых кампаній рамантуем тэхніку, рухавікі, вузлы трактароў. Усё робім сваімі сіламі. Хлопцы, малайцы, спраўляюцца.У райаграсэрвіс звяртаемся толькі тады, калі паломка адбылася па іх віне. У нас вялікі парк тэхнікі — каля 80 трактароў, 50 сельгасмашын, у тым ліку 12 збожжаўборачных і 7 кормаўборачных камбайнаў.

У дыс­пет­чар­скай. Зле­ва на­пра­ва: на­мес­нік ды­рэк­та­ра па вы­твор­час­ці Дзміт­рый Ста­ра­вой­таў і дыс­пет­чар Ала Лі­са­вец.

Уся складаная тэхніка захоўваецца ў памяшканнях, пад навесам, імкнёмся падтрымліваць яе ў належным стане. У гаспадарцы я працую дваццаць першы год. Прыехаў сюды пасля заканчэння інстытута механізацыі (цяпер Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт). Там жа вучыцца і сын, хоча стаць інжынерам, як і бацька. Жонка працуе ў сістэме сувязі. Гаспадарка выдзеліла дом, у якім жывём ужо трынаццаць гадоў, яго дазволілі прыватызаваць. Словам, прыжыліся тут, глыбока пусцілі карані.Так што нават думкі не ўзнікае наконт горада. У нас, лічы, створаны не горшыя за гарадскія ўмовы працы, быту, адпачынку.


Ларысу Гарачку, старшыню прафкама, мы засталі ў гароднінасховішчы:

Буль­ба­схо­ві­шча. За ад­груз­кай буль­бы. Зле­ва на­пра­ва: Іры­на Ма­зур (за­гад­чы­ца), Ла­ры­са ЛЕ­мя­шэў­ская і Тац­ця­на Бе­ла­вус.

— Перабіраем бульбу, фасуем у сеткі для продажу. Па 300 кілаграмаў клубняў выдаём сваім работнікам, па 150 кілаграмаў — пенсіянерам таварыства. Акрамя таго, даём бясплатна па сетцы капусты. Штомесяц кожны з нашых працаўнікоў атрымлівае па 8 кілаграмаў мяса па сабекошце — тры рублі за кілаграм, 30 літраў малака, коштам 32 капейкі за літр. На 23 лютага і 8 сакавіка ўсім работнікам выдзяляем па дзве базавыя велічыні. Да Дня работніка сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці кожнаму належыць 4 БВ, воінам-інтэрнацыяналістам да дня вываду савецкіх войскаў з Афганістана — па 10. Да Дня маці шматдзетным сем'ям даём па чатыры базавыя, астатнім, хто выхоўвае менш як трох дзяцей, па дзве базавыя. Навагоднія падарункі атрымліваюць усе працуючыя — кожны на суму каля 50 рублёў ад наймальніка і па паўтара кілаграма цукерак — ад прафсаюза. Прадаём людзям яблыкі, гародніну, моркву, буракі. Усе ахвотныя наведваюць бясплатна за кошт прафсаюза канцэрты зорак беларускай і расійскай эстрады. Пабывалі на выступленнях Наташы Каралёвай, Ігара Нікалаева, Стаса П'ехі. Дзяцей возім у цырк, дэльфінарый. Пачынаючы са студзеня ўсім, хто жадае, выдаём па 5 абанементаў у басейн. Па калектыўным дагаворы былому кіраўніку, які адпрацаваў больш за 20 гадоў у гаспадарцы, плацім штомесяц 20 базавых велічынь.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ, Алена ДАЎЖАНОК, Кастусь ДРОБАЎ

УНП 600112675

*На правах рэкламы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

У лётнай кніжцы Сяргея Пацкевіча — 970 гадзін налёту.