Вы тут

Лячэбнае малако, «падстрыжаныя» сенажаці і задаволеныя зайцы «Фалько-Агра»*


Кандыцыянеры ў трактарах, жыллё для кожнага работніка, мясныя бонусы... Гэтыя і іншыя выгоды прадпрыемства «Фалько-Агра» прывабліваюць да насамрэч даволі цяжкай сельскай працы спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй і нават гарадской прапіскай. А ўсё таму, што тыя, хто імкнецца працаваць і ўдасканальвацца, бачаць аддачу і падтрымку ад гаспадаркі. А яшчэ — разуменне і спагаду яе кіраўніка, які заўжды гатовы, здаецца, да любых раптоўнасцяў: сюрпрызаў прыроды ці нечаканых гасцей любога рангу.


Не хваліся травою, а хваліся сенам

Ды­рэк­тар «Фаль­ко-Аг­ра» Ва­дзім Кунц.

«Галоўнае, каб здароўе не падводзіла, а справіцца з астатнім мы сваім работнікам дапаможам», — сцвярджае Вадзім КУНЦ, дырэктар філіяла «Фалько-Агра» адкрытага акцыянернага таварыства «Агракамбінат «Дзяржынскі», пакуль вязе наш звяздоўскі дэсант на адзін з малочнатаварных комплексаў (МТК) гаспадаркі. Па шляху бачым палі, ужо цалкам падрыхтаваныя да зімы.

Сёлета тут сабралі чатыры ўкосы люцэрны і тры ўкосы злакавых траў. Прычым сенажаці так дбайна і чыста прыбралі, што яны выглядаюць як «падстрыжаныя».

— Адыходзім на зімоўку ідэальна. Па вясне не будзе ўчасткаў, дзе камусьці прыйдзе ў галаву падпаліць леташнюю траву, бо яе проста не засталося, — кажа дырэктар. — Сёлета да вясны падрыхтавана значна больш зямлі, чым у папярэднія гады. Калі не здарыцца катаклізмаў, наступны год стане больш ураджайным, чым гэты.

Нягледзячы на засушлівае лета, з-за чаго недалічыліся рапсу і збожжа, спрацавалі ў гаспадарцы нядрэнна. Аб'ём кармоў дабралі кукурузай. Зернем атрымалі ад яе ўраджайнасць 144 цэнтнеры з гектара, а сіласам — 425. А па сухім рэчыве на агульнай корманарыхтоўцы сёлета назапасілі на 1250 тон больш, чым летась. Так што карміцца жывёлам будзе чым, зрэшты, як і заўжды. Скаціна «Фалько-Агра» корміцца тым, што нарыхтавана на ўласных палетках. Купляць дадатковае харчаванне не прыходзіцца, бо аб'ём свайго разлічаны з запасам на паўтара года. Па валавой вытворчасці тут мяркуюць выйсці на 101 %.

Да прафесійнага свята амаль на ўсе палі «Фалько-Агра» ўжо ўнеслі арганіку і зааралі зямлю. Азімыя таксама ўсе пасаджаны. Наступнае поле весела зелянее лісцем — гэта рапс, які з-за цёплай восені крыху перабуяў, як яго ні стрымлівалі рэгулятарамі росту. Ён паспеў набраць цукроў і павінен добра перазімаваць, бо пункт росту яго непадалёк ад зямлі, так што градусаў 15 марозу перанясе.

— Затое як мясцовыя зайцы задаволеныя: для іх жа рапс — гэта капуста. Яны да зімы тут атлусцеюць. У ваколіцы іх шмат, і людзей без стрэльбы зусім не баяцца, — смяецца дырэктар, каментуючы навакольную карціну.

Гараджане з вышэйшай адукацыяй і будучыя кіраўнікі

То­кар 5-га раз­ра­ду  Іван Ка­ся­нік  вы­раб­ляе дэ­таль  для гру­за­во­га пры­чэ­па.

Многія работнікі трапляюць у гаспадарку пасля вытворчай практыкі ў «Фалько-Агра», падчас якой яны не толькі набіраюцца вопыту, але і зарабляюць грошы. Штогод тут працуюць студэнты з БДЭУ і БАТУ. Вось і зараз два бухгалтары вучацца і працуюць.

— Я адразу кажу студэнтам: практыка простая, што вы ўмееце? Нічога? Значыць, навучым. Можаш кіраваць трактарам? Будзеш кіроўцам. Хочаш быць памочнікам камбайнера? Калі ласка, — расказвае Вадзім Кунц. — Сёлета чалавек сем у нас было. З ліпеня па канец кастрычніка працавалі без адпачынку. За гэты час яны і шмат ведаў атрымалі, і асвоілі розныя напрамкі сельскай гаспадаркі. А ў мяне ёсць магчымасць адабраць сабе з практыкантаў самых лепшых на працу. Хтосьці застаецца, хтосьці вырастае з нашых рамак і ідзе далей. Нікога не трымаю, рыхтуем новых. Мая задача — паказаць, што сёння рэальна рабіць прадукцыю ў гаспадарцы і зарабляць. І чым больш іх будзе, тым лепш яны будуць гэта разумець.

Апошнім часам з Дзяржынска сталі прыходзіць жанчыны з вышэйшай інжынернай ці будаўнічай адукацыяй, каб стаць у гаспадарцы аператарамі машыннага даення.

— Магчыма, іх прываблівае і зарплата, і наш сацыяльны пакет, — мяркуе дырэктар. — На комплексах ужо выйшлі на стандартны васьмігадзінны рабочы дзень у тры змены, так што ўмовы палепшыліся. А калі ў гаспадарцы працуе пара, то яны ўжо мяса ў краме амаль не бяруць: хапае паўфабрыкатаў, якімі чатыры разы на год заахвочваюць супрацоўнікаў.

Штогод з гэтай невялічкай кузні кадраў стабільна выходзяць адзін-два кіраўнікі. А большасць спецыялістаў — з вышэйшай адукацыяй. Кіраўнік сцвярджае, што яму гэта выгадна:

— Такія людзі здольны вучыцца. Два-тры разы растлумачыў, што трэба рабіць, і справа пайшла. Я вучу таму, чаго не пішуць у кнігах, тлумачу даступнай, зразумелай мовай.

Ме­ха­ні­за­тар Ге­надзь Ха­фі­заў.

А яшчэ кіраўнік адпускае людзей у адпачынак не толькі ўзімку, а і летам, падчас «гарачай» пары, не прымушае працаваць без выхадных, каб людзі не валіліся з ног. «Нават вялікі заробак не ўтрымае чалавека, калі няма адпачынку», — разумее ён і клапоціцца яшчэ пра камфорт і бяспеку працы.

Налета большасць машын, нават старых трактароў, плануюць абсталяваць кандыцыянерамі, каб людзям было бяспечна і камфортна працаваць.

— На спёцы ў кабіне пад 50 градусаў — знаходзіцца там вельмі цяжка, таму я раю хлопцам больш піць і абавязкова паспаць падчас перапынку, — кажа дырэктар. — Часта моладзь таму і не хоча заставацца працаваць, бо няма належнага камфорту, а ў неспрыяльных умовах у чалавека вялікі знос. У сельскай гаспадарцы ўвогуле цяжка працаваць, не ў кожнага здароўя на гэта хопіць.


Працоўны камфорт дае эканамічныя выгады

На пад'ездзе да МТК «Вязынка» бачым замілавальную карціну: каровы ходзяць па двары паміж двума будынкамі, сцены іх з густам распісаны малюнкамі з выявамі рагуль ды кветак. Любата ды і годзе! Далей — болей. Мясцовы мастак упрыгожыў і плот, і сцены ледзьве не ўсіх пабудоў комплексу. На ўваходзе ў адміністрацыйны будынак сустракае кароўка, а ўнутры па сцяне пляцецца вінаград. Далей цэлае памяшканне запоўнена матылькамі, праўда, не намаляванымі, а прыклеенымі да сцен. Такая прыгажосць навокал падымае настрой, і, думаецца, прыходзіць сюды на працу прыемна.

З такім меркаваннем не можа не пагадзіцца Аляксандр КАМЗОЛАЎ, памочнік начальніка малочнатаварнага комплексу «Вязынка», які працуе тут чацвёрты год, прайшоўшы шлях ад рознарабочага да намесніка кіраўніка комплексу. Мужчына родам з Данецкай вобласці. На радзіме быў інжынерам-будаўніком аўтамабільных дарог і аэрадромаў. Прыехаў у Беларусь адзін, тут знайшоў жонку, займеў дзетак, цяпер атрымлівае адукацыю заатэхніка.

Па­моч­нік на­чаль­ні­ка ма­лоч­на­та­вар­на­га комп­лек­су «Вя­зын­ка» Аляк­сандр Кам­зо­лаў з да­па­мо­гай кам­п'ю­та­ра кант­ра­люе ра­бо­чы пра­цэс.

— Трэба было паказаць сваё стаўленне да работы і свае ўменні, і гэта заўважылі і ацанілі. Ужо пусціў карані ў гаспадарцы і вельмі ўдзячны за адносіны і дапамогу, — кажа ён.

Калектыў «Фалько-Агра», кажуць, увогуле інтэрнацыянальны. Раней было шмат перасяленцаў з Казахстана, многія з якіх цяпер ужо на пенсіі. Шмат украінцаў, якія працуюць на самых розных пасадах. Ёсць малдаване, татары, расіяне. «Я ж бяру на працу чалавека, які хоча рабіць, а не падбіраю па нацыянальнасці», — заўважае Вадзім Кунц.

З клопатам пра чалавека будуецца і ўся работа тут. Супрацоўнікі атрымліваюць у карыстанне жыллё, якое праз 15 гадоў работы ў гаспадарцы можна прыватызаваць. Нават пасля выхаду на пенсію людзі застаюцца жыць у выдзеленых дамах ці могуць набыць іх ва ўласнасць.

Нягледзячы на сучаснае абсталяванне МТК, тэхналагічна расці заўжды ёсць куды, упэўнены кіраўнік «Фалько-Агра»:

— Прагрэс не стаіць на месцы, а палепшаныя ўмовы працы даюць эканамічныя выгады. І мы заўжды вучымся: і я, і мае спецыялісты.

На будаўніцтва папярэдняга комплексу гаспадарка ўзяла крэдыт, які выплачвае дагэтуль. Каб знізіць нагрузку на бюджэт прадпрыемства, наступны МТК узводзяць сваімі сіламі, выкарыстоўваючы ўласныя сродкі і тэхніку. Наймаюць толькі бульдозер ды каток і бяруць крэдыт на абсталяванне. Налета новы аб'ект, разлічаны на 600 дойных кароў і цялушак, мяркуюць запусціць.

Як пакорміш — так і падоіш

Сле­сар Сяр­гей Ар­наут  кант­ра­люе ра­бо­ту да­іль­на­га аб­ста­ля­ван­ня.

Малако «Фалько-Агра» не кісне, і гэта не жарт! Зрабіць з яго смятану ці тварог без закваскі немагчыма нават пасля трох дзён на сонцы ці тыдня ў халадзільніку. Пры гэтым у прадукт не дадаюць ніякіх рэчываў.

— Звычайна малако стэрылізуецца ці пастэрызуецца, каб пазбавіць яго ад бактэрый, а наша застаецца жывым, і ў ім няма ніякіх бактэрый. Яно фактычна лекавае, і яго выкарыстоўваюць для гатавання дзіцячага харчавання, — тлумачыць Вадзім Кунц. — Мы проста вытрымліваем тэхналогію, а якасць кармоў правяраем двойчы на месяц.

Дзякуючы павелічэнню надояў, а сёлета будзе каля 9600 кілаграмаў з каровы, прыбытак ад здачы малака ў гаспадарцы таксама крыху павялічыўся, нягледзячы на тое, што закупачны кошт на прадукцыю зменшыўся да 62 капеек за літр.

Памеры надояў залежаць не толькі ад харчавання, а і ад генаў жывёл.

— Паляпшаючы генетыку, мы штогод атрымліваем усё больш малака. Мы скрыжоўваем жывёл, якія даюць 8-9 тон малака на год з тымі, хто дае 13—15 тон, — тлумачыць дырэктар. — Каб атрымаць добры вынік, трэба, каб былі падрыхтаваныя кадры, здольныя ўлічваць генетычныя паказчыкі жывёл, тэхналагічныя магчымасці, якасць кармоў і своечасовасць усіх складальнікаў працэсу.

Апе­ра­та­ры ма­шын­на­га да­ен­ня Але­на Ра­маш­ка  і Ак­са­на Іва­но­ва  за ра­бо­тай.

«Фалько-Агра» атрымлівае прыбытак і ад ялавічыны, якая сёлета дазволіла атрымаць рэнтабельнасць. Звяно гаспадаркі — сямейная пара тэхнікаў-асеменатараў Ганна і Сяргей Манахавы і заатэхнік-селекцыянер Таццяна Шчадро — заняло другое месца на рэспубліканскіх спаборніцтвах па ўзнаўленні.

Ірына Сідарок, Алена Даўжанок, Андрэй Сазонаў

УНП 601064189

На правах рэкламы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.