Вы тут

Якія парушэнні пажарнай бяспекі сустракаюцца ў гаражах


Часта для жыхара шматпавярховага дома гараж — нешта большае, чым проста крытае месца для захоўвання і рамонту аўтамабіля. Дзе-нідзе іх пераабсталёўваюць пад склады, майстэрні ці нешта іншае. Але калі гэта робіцца цішком, то, як гаворыцца, збан носіць ваду да пары. Любая іскра, якая можа праскочыць з няспраўнай электраправодкі ці з падпольна падключанай печкі, — і вось ужо сям-там пачынаецца тленне. А калі гаражы аб'яднаны ў адзін масіў, то заўважыць, што недзе воддаль курыцца дымок, можна далёка не заўсёды. Асабліва цяжка гэта зрабіць зімой, калі светлавы дзень мінімальны па даўжыні. Менавіта таму супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях перыядычна наведваюцца ў гаражныя кааператывы з прафілактычнымі рэйдамі. У адзін з такіх выездаў адправіўся і карэспандэнт «Звязды».


Дровы і «шэрыя» майстэрні

...Позняя восень на цяпло не вельмі шчодрая. І калі раніцай слупок тэрмометра знаходзіцца каля нулявой адзнакі, то круці не круці, а чымсьці ў гаражы абагравацца трэба, калі там нехта знаходзіцца даволі доўгі час. Нормы пажарнай бяспекі дазваляюць гэта толькі для электрычнага радыятара. Але прыборы гэтыя, як вядома, даволі-такі пражэрлівыя. А 1 кілават-гадзіна для гаража каштуе амаль 19 капеек — па эканамічна абгрунтаваным тарыфе. Вось і ідуць уладальнікі і арандатары гаражоў на хітрыкі, каб сэканоміць грошы. Як правіла, у ролі ацяпляльніка яны выкарыстоўваюць класічную печку-«буржуйку». Дымаход з яе падключаецца да агульнай сістэмы вентыляцыі. І так над гаражамі пачынае курыцца дымок...

— Гэта яшчэ паўбяды, калі мы натыкаемся на звычайную «буржуйку», — заўважае старшы інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі Фрунзенскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях горада Мінска Мікалай Туравец. — Зараз у моду ўваходзяць самаробныя печкі, якія працуюць на адпрацаваным маторным масле. На першы погляд, гэта вельмі зручна. Выдаткі на эксплуатацыю «буржуек» мінімальныя, ну а адпрацаванае масла можна з лёгкасцю знайсці ў любым гаражным масіве. Небяспека такіх печак у тым, што яны часта зроблены не ў заводскім цэху, таму не прайшлі ніякіх выпрабаванняў. Яны могуць выбухнуць ці атруціць гаспадара пры няспраўнасці ў гаражы вентыляцыйнай сістэмы.

І вось над адным з гаражоў весела курыцца дымок. «Запеленгаваць» яго вельмі проста — калі на вуліцы ўсяго адзін градус цяпла, то парушальнік выдасць сам сябе.

Стукаемся ў дзверы гаража. Адтуль выходзіць мужчына гадоў сарака.

— Ага, вось тое, аб чым я і думаў, — кажа Мікалай Туравец. — У кутку гаража прытулілася печка, якую так лёгка і не заўважыш. Чаму парушаеце?

— Дык дорага электрычнасцю атапляць! А дровы танныя. А ў чым праблема, уласна кажучы? Печка ж заводская, вы паглядзіце.

— Праблема ў тым, што карыстацца імі нельга з-за таго, што яны пажаранебяспечныя. Вось выскачыць іскра — і што вы рабіць будзеце?

— Дык у мяне вогнетушыцель ёсць.

— А пакажыце яго, дарэчы.

Мужчына ідзе ў іншы куток гаража і дастае адтуль вогнетушыцель. Усё б нічога, але ён аказаўся пратэрмінаваны ажно на пяць гадоў.

Небяспека пажару ў гаражы ў тым, што агонь даволі хутка распаўсюджваецца па суседніх пабудовах, а вось заўважыць дымок адразу даволі цяжкавата. Да таго ж гараж можа быць зачынены. За гэты час будзе папсавана маёмасць коштам у тысячы долараў.

— Напрыклад, у гаражы можна захоўваць да 20 літраў паліва, — кажа Мікалай Туравец. — Але змяшчацца яно павінна толькі ў металічных каністрах. Дапускаецца таксама выкарыстанне пластыкавых антыстатычных ёмістасцяў. Гэта патрэбна для таго, каб падчас пералівання не праскочыла іскра. У апаратах электрычнай аховы часам выкарыстоўваюцца самаробныя плаўкія ўстаўкі — гэта калі магутнасць падключаных агрэгатаў такая, што не вытрымліваюць засцерагальнікі. Праўда, калі адбудзецца кароткае замыканне, то «жучок» сваю місію не выканае. Яшчэ адна сур'ёзная праблема — уладкаванне «шэрых» рамонтных майстэрань у гаражах. Законным шляхам перааформіць гараж для гэтай справы можна. Але збор неабходных заключэнняў будзе вымагаць часу. Некаторыя ж так і працягваюць працаваць неафіцыйна. Даводзілася бачыць, як сістэму асвятлення перарабляюць на манер «лямпачкі Ільіча» — гэта значыць, вісіць простая лямпачка на шнуры. А вогнетушыцель мусіць мець аб'ём не менш за пяць літраў.

Быў гараж — стаў склад

Падчас праверак ратавальнікі часта сутыкаюцца з тым, што гаражы выкарыстоўваюцца ў якасці склада якіх-небудзь тавараў. Рабіць гэта іх уладальнікам або арандатарам катэгарычна забаронена. Але, як казаў адзін вядомы літаратурны персанаж, глядзець трэба ў корань. Напрыклад, у Мінску кошт квадратнага метра складскіх памяшканняў даволі высокі. Арандаваць жа гараж можна за невялікія грошы — напрыклад, на інтэрнэт-пляцоўках за пабудову плошчай стандартным памерам 6 на 3 метры просяць менш за 100 рублёў у месяц. А калі ў гаражы ёсць падвал, то плошча яго павялічваецца ледзь не ўдвая.

— Асабіста я падчас праверак сустракаў такія імправізаваныя склады з агароднінай, садавіной і бытавой тэхнікай. Проста іх вельмі цяжка выявіць. Машына прыехала, загрузілася за пару-тройку дзясяткаў хвілін і тут жа з'ехала. Таму пабачыць гэта можна толькі падчас непасрэдных загрузачных работ... Пачакайце, а што гэта тут робіцца?

І з гэтымі словамі Мікалай Туравец тармозіць аўтамабіль. Парушальнікаў знайшлі ў гэты раз выпадкова — з аднаго з гаражоў выносілі цюкі з нейкім таварам і грузілі ў мікрааўтобус. Адразу відаць, што тут знаходзіцца склад, — нейкімі скруткамі быў забіты нават падвал. Грузчыкі асабліва гаманкімі не аказаліся, але тэлефонны нумар уладальніка гаража ўсё ж паведамілі. Гаспадар прыехаў праз 10 хвілін. Праўда, факт парушэння прызнаў адразу і паабяцаў усё ліквідаваць.

— Паверым, але праверым, — кажа Мікалай Туравец.

Будзь у курсе

Першачарговая мэта ратавальнікаў падчас правядзення пажарнага нагляду ў гаражах — не выпісаць шмат штрафаў, а растлумачыць, чаму нельга парушаць правілы бяспекі. Праўда, за выкарыстанне самаробных печак і некалібраваных плаўкіх уставак гаспадар рызыкуе атрымаць штраф на месцы. Для фізічнай асобы санкцыі складаюць да 30 базавых велічынь. Але ўсё залежыць ад абставін канкрэтнай справы.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: «Буржуйка» ў гаражы

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.