Вы тут

Трансфармацыя адукацыі: поўнае паглыбленне... у лічбу


Ці спросціць «Электронная школа» жыццё педагогам і як гэта адаб'ецца на якасці ведаў?

У канцы мінулага года кіраўніком дзяржавы быў падпісаны Дэкрэт № 8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі». Як пабудаваць лічбавае грамадства? З чаго пачынаць? Якая роля ў гэтым працэсе адводзіцца школе? А можа быць, лічбавая трансфармацыя — проста модны трэнд ці часовая з'ява? Каб знайсці адказы на гэтыя пытанні, мы накіраваліся ў галоўны інфармацыйна-аналітычны цэнтр (ГІАЦ) Міністэрства адукацыі...


Платформавы падыход

— ...І не мода, і не часовая з'ява, а працэс, у які трэба паглыбіцца як мага раней, каб атрымаць максімальную карысць, — запэўнівае дырэктар ГІАЦ Павел ЛІС. — Прычым хуткасць прыняцця рашэнняў у гэтай справе прынцыпова важная. Менавіта сістэма адукацыі з'яўляецца падмуркам для лічбавай эканомікі. Свет вакол нас кардынальна змяняецца, а свядомасць людзей, на жаль, не заўсёды паспявае за зменамі. Сёння патрабуецца, каб сістэма адукацыі не проста рыхтавала кадры для інавацыйнай эканомікі, але і прагназавала змяненне кваліфікацыйных рамак, з'яўленне новых прафесій, была больш гнуткай. Не даганяла, а апераджала...

— «Мы будзем або першыя, або ўжо не мае сэнсу, якія мы будзем» — гэта вашы словы, сказаныя паўгода таму. Скажыце, што ўжо зроблена для стварэння рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя? Ці не адстае нарматыўная база ад вашых планаў і задум?

— Магу з упэўненасцю сцвярджаць, што ў нас ёсць дакладнае разуменне, куды і як нам рухацца далей. Падрыхтаваны шэраг важных дакументаў, ад якіх напрамую залежыць лічбавая трансфармацыя адукацыі. Яны будуць рэгламентаваць і стандартызаваць інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе, каб усё было зразумела і празрыста, асабліва з улікам нашага міжведамаснага ўзаемадзеяння. Працэсы трансфармацыі закрануць не толькі змястоўную частку адукацыі, але і сістэму кіравання. Вельмі вялікае значэнне мы надаём разуменню і прыняццю новых правіл усімі прафесіяналамі, якія працуюць у сістэме адукацыі. Каб гэтага дасягнуць, арганізуем канферэнцыі і форумы, прыцягваем найлепшых спецыялістаў з усяго свету, каб тыя падзяліліся сваім досведам.

Рэспубліканскае інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе прапісана як частка мерапрыемства ў Дзяржаўнай праграме развіцця лічбавай эканомікі і інфармацыйнага грамадства на 2016—2010 гады. Заўважу, што рэгламенты дзеяння падобнага асяроддзя будуць адкрыты і для дзяржаўных, і для прыватных партнёраў. Уся інфраструктура павінна быць празрыстай і зразумелай як нам (тым, хто ёй кіруе), так і тым, хто ёй карыстаецца.

Мы ўжо падалі на ўзгадненне калегам у іншыя міністэрствы праект указа кіраўніка дзяржавы, які «ўзаконіць» стварэнне інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя, парадак узаемадзеяння і кіравання. Наш выбар — платформавы падыход, дзе ўваход у сістэму будзе адзіны. Гэта значыць, што з яго можна будзе трапіць на інфармацыю любога ўзроўню: ад простага даведачнага тэксту да складаных сэрвісаў. Прычым гэта можа зрабіць любы ўдзельнік адукацыйнага працэсу: ад школьніка да прадстаўніка найвышэйшага менеджменту ў адукацыі. Толькі ўзровень доступу да інфармацыі будзе адрознівацца ў розных катэгорый. Адзіная платформа ахопіць усе ўзроўні адукацыі, стане часткай электроннага ўрада, адпаведна, закрые ўсе патрэбы ў зборы і апрацоўцы даных.

Да 2020 года праект «Электронная школа» павінен ахапіць ужо 80 працэнтаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Навучальныя ўстановы аб'яднаюць у адзіную інфармацыйную сістэму з элементамі статыстычнага аналізу. На кожным узроўні прадугледжана свая спецыфіка. Так, для школ будзе дзейнічаць адзіная платформа па электронным журнале, а ўласнікам інфармацыі стане Міністэрства адукацыі.

Аналітыка для кіраўнікоў

— Усе кажуць, што настаўнікаў даўно трэба вызваліць ад руцінных запытаў і вялікай колькасці нікому не патрэбных звестак, якія толькі загружаюць педагогаў. А «Электронная школа» зможа разгрузіць педагогаў? Ці паралельна з электронным журналам яны па-ранейшаму будуць вымушаны весці і папяровы яго варыянт?

— Канчатковая мэта менавіта так і выглядае — настаўнік павінен займацца найперш педагагічнай дзейнасцю, а электронны журнал будзе генерыраваць справаздачнасць. Але паколькі ў ім фігуруюць персанальныя звесткі навучэнцаў, такія журналы павінны быць атэставаныя па бяспецы, і тое, што не атэстуюць, будзе забаронена. Я разумею, што пазбегнуць пераходнага перыяду ў нас не атрымаецца, хоць бы таму, што для засваення педагогамі патрэбных навыкаў і кампетэнцый патрабуецца пэўны час, трэба паклапаціцца і аб праграмах павышэння кваліфікацыі для настаўнікаў. Нягледзячы на лічбавізацыю працэсаў, у цэнтры ўсіх перамен усё роўна знаходзіцца чалавек — з яго і трэба пачынаць.

Я, напрыклад, вельмі хачу, каб папяровых журналаў увогуле не было, але па нашым заканадаўстве папяровы журнал з'яўляецца юрыдычным і бухгалтарскім дакументам, які здаецца ў архіў. А ўнясенне карэкціровак — не вельмі хуткі працэс. Сёння мы не кіруемся прынцыпам «а давайце аблічбуем усё». Трэба ацаніць усе працэсы і непатрэбныя ўвогуле выключыць з нашай практыкі. Паколькі ГІАЦ займаецца інфармацыйнымі тэхналогіямі, мы можам толькі прапанаваць спецыялістам, якія адказваюць за арганізацыю адукацыйнага працэсу, шмат ад чаго адмовіцца. Трэба задаць сабе пытанне, што трэба адкінуць, каб з дапамогай лічбавых тэхналогій з новай хуткасцю рушыць наперад.

— Ведаю, што ўжо створаны рэгістр навучэнцаў. А якая інфармацыя пра школьнікаў будзе ў ім акумулявацца?

— Я прыхільнік таго, каб збіраць усе звесткі, бо невядома, што ў патоку вялікіх даных можа аказацца заканамернасцю. Наша задача — максімальна спрасціць працэс іх збору, забяспечыць іх праўдзівасць, а потым укараніць сістэму аналітыкі, якая дапаможа выявіць самыя розныя заканамернасці. І ўжо на іх падставе будуць прымацца хуткія рашэнні, як змяніць сістэму адукацыі і з пункту погляду кіравання, і ў плане яе змястоўнага напаўнення. Мы можам уносіць у наш рэгістр самыя розныя даныя, збіраць звесткі пра навучэнца, пачынаючы з дашкольнай установы і да выпуску з універсітэта: пра яго спартыўныя і алімпіядныя поспехі, прагназаваць, куды далей ён можа паступіць з улікам яго паспяховасці і схільнасці да тых ці іншых навук. Маючы звесткі пра паспяховасць навучэнцаў у засваенні тых ці іншых прадметаў па ўсёй краіне, можна будзе прымаць кропкавыя кіраўніцкія рашэнні па карэкціроўцы, напрыклад навучальных праграм, па дапамозе пэўным рэгіёнам і пэўным навучальным установам.

Пры стварэнні рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя мы вывучалі вопыт вельмі многіх краін: Кітая, Расіі, Германіі, Аўстрыі, Англіі, Польшчы, Фінляндыі, Эстоніі... Электронныя сістэмы кіравання ў тым ці іншым выглядзе дзейнічаюць паўсюдна, але са сваімі нюансамі, якія залежаць і ад узроўню лічбавых кампетэнцый у кіраўніцкага і педагагічнага звяна, і ад маштабаў краіны, і ад колькасці ўстаноў, ахопленых гэтымі сістэмамі. Прычым мы вывучалі не толькі дзяржаўны досвед, але і досвед буйных прыватных кампаній, у якіх ёсць уласныя адукацыйныя цэнтры і акадэміі з дзясяткамі тысяч супрацоўнікаў. Яны таксама займаюцца прагназаваннем і маніторынгам. Рэспубліканскае інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе мы стваралі з улікам чужога досведу, чужых памылак і, канешне, з улікам нашых рэалій і патрэб.

Узяць тую ж Эстонію, якая лічыцца адной з самых «прасунутых» краін у развіцці лічбавых тэхналогій, — яна ў дзесяць разоў меншая за Беларусь. Там лічбавую трансфармацыю распачыналі з фармулявання асноўнай ідэі: доступ у інтэрнэт — гэта канстытуцыйнае права кожнага грамадзяніна, як доступ да вады ці паветра. У сярэдзіне нулявых гадоў гэта насамрэч гучала вельмі інавацыйна. Але сёння ў нас доступ да інтэрнэту з мабільных прылад — амаль паўсюдны, і педагогам трэба з гэтым лічыцца. Усе хатнія заданні ўжо ёсць у сеціве, там можна знайсці праграмныя прадукты, якія дапамагаюць рашыць любыя задачкі.
І ўзнікае заканамернае пытанне: як рэагаваць на такую рэчаіснасць? Маючы доступ да ўсіх даных свету, проста недаравальна гэтым не скарыстацца.

Каб не перавозіць паветра...

— Але сёння педагогі і псіхолагі кажуць ужо пра «эфект Гугл» — калі запамінаецца не змест, а месца знаходжання інфармацыі, шлях да яе. Заўважана, што сярэдняя працягласць канцэнтрацыі ўвагі ў сучасных дзяцей значна меншая, чым была раней, у пакалення «гугл» знікае здольнасць чытаць і разумець вялікія тэксты, арыентавацца без інтэрнэт-картаў на мясцовасці. Гэта ўсё пабочныя эфекты сучаснай цывілізацыі...

— Сто гадоў таму не ўсе людзі ўмелі чытаць, а сёння ўсе ўмеюць чытаць, але не ўсе хочуць гэта рабіць. На жаль, я нават за сабой заўважыў, што спажыванне інфармацыі моцна змянілася: калі дзесяць гадоў назад я шмат чытаў, то цяпер шмат гляджу: напрыклад, праглядаю тыя ж лекцыі ў інтэрнэце, відэа, дзе аўтары кніг зачытваюць урыўкі са сваіх твораў. Для эканоміі часу нават мой слых адаптаваўся да перамоткі: я гляджу ўсё на падвоенай хуткасці. Гэта рэчаіснасць, якую можна або адмаўляць, або прыняць. Таму я лічу, што дзяцей трэба вучыць новым кампетэнцыям: уменню арыентавацца ў вялікіх патоках інфармацыі, уменню здабываць яе, структураваць, адфільтроўваць важную і карысную ад другаснай, непраўдзівай ці ўвогуле фэйкавай. Калі чалавек у стане сфармуляваць праблему і знайсці яе рашэнне, не мае значэння, як ён спажывае інфармацыю. Нельга стаць адукаваным, проста робячы запыты ў «Гугл».

На маю думку, школьны курс інфарматыкі трэба прывязаць да набору кампетэнцый, якія вучань павінен атрымаць пасля яго засваення. Самы неэфектыўны спосаб навучання — калі настаўнік ці выкладчык расказвае, а школьнікі і студэнты слухаюць, таму што пачутае хутка забываецца. І зусім іншая рэч — візуалізацыя... Нацыянальны інстытут адукацыі актыўна працуе над стварэннем праграмных прадуктаў для школы, каб не атрымалася так, што мы пракладзём рэйкі, запусцім цягнікі, але тыя будуць перавозіць у вагонах паветра. Разам з тым думаем, як прыцягнуць у нашу школу міжнародныя праграмныя прадукты, напрыклад па прыродазнаўчых навуках, таму што законы фізікі — аднолькавыя для ўсіх...

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Ёсць думка, што адукацыя павінна развіваць толькі тое, з чым не можа справіцца штучны інтэлект: гэта творчасць, крэатыўнасць, навыкі праектнай дзейнасці, планавання, расстаноўкі прыярытэтаў, уменне прымаць рашэнні, фарміраваць каманду, здольнасць рызыкаваць, эксперыментаваць, прыдумляць, мысліць крытычна. Абавязкова трэба развіваць у дзяцей праектнае мысленне і ўменне працаваць у камандзе. Калі клас дзеліцца на праектныя групы, ты ўжо не можаш проста спісаць у суседа па парце — вы ўсе разам павінны дасягнуць пэўнага выніку.

— У канцы лістапада пройдзе ўжо другая міжнародная спецыялізаваная выстаўка-форум «Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі». Што вы рыхтуеце для яе наведвальнікаў?

— Мерапрыемствы форуму будуць праходзіць на пляцоўках Fаlсоn Сlub Mіnsk тры дні — з 28 па 30 лістапада. ІTЕ 2018 абяцае стаць адным з самых маштабных мерапрыемстваў года ў адукацыі. На яго запрошаны 72 спікеры — вядучыя беларускія і замежныя спецыялісты ў інфарматызацыі: член Савета па развіцці лічбавай эканомікі, старшыня экспертнага савета ПВТ Аляксандр Курбацкі, рэктар БДУІР Вадзім Богуш, кіраўнік прадстаўніцтва «Майкрасофт» у Беларусі Антон Мякішаў, эксперт у галіне Wеbоmеtrісs Энрыке Ордуна-Мале (Іспанія), адукацыйны тэхнолаг Талінскай цэнтральнай рускай гімназіі Людміла Раждзественская (Эстонія), старшы дырэктар па распрацоўцы праграмнага забеспячэння кампаніі «Эпам Сістэмс» Павел Лібер і іншыя. Дзелавая праграма форуму ўключае канферэнцыі «Лічбавы ўніверсітэт», «Менеджмент універсітэцкіх бібліятэк». Пры падтрымцы Сусветнага банка пройдзе міжнародная канферэнцыя «Інфармацыйная сістэма кіравання ў сектары адукацыі: найлепшыя сусветныя практыкі для Беларусі». Асацыяцыя «Адукацыя для будучыні» арганізуе панэльную дыскусію на тэму «Якая школьная інфарматыка патрэбная для ІТ-краіны». Будуць абмяркоўвацца STЕM-падыходы ў адукацыі. Запланаваныя таксама круглыя сталы «Лічбавы каледж», «Інфармацыйная бяспека ў адукацыі». Пройдзе фінал рэспубліканскага конкурсу праектаў «Інфармацыйныя і мабільныя тэхналогіі для адукацыйнага працэсу».

Адначасова будуць дзейнічаць пяць пляцовак: вялікая, разлічаная на тысячу чалавек, і чатыры — на 100 чалавек. І вызначыцца з выбарам, каго вы хочаце паслухаць, будзе даволі складана. Напрыклад, эксперт з Іспаніі раскажа, як беларускім ВНУ ўвайсці у топ-100 Wеbоmеtrісs, а адукацыйны тэхнолаг з Талінскай цэнтральнай рускай гімназіі падзеліцца сваім досведам і вынікамі ўкаранення ІТ-тэхналогій у краінах замежжа і СНД. Мы плануем, што форум збярэ за тры дні каля пяці тысяч удзельнікаў. Далучыцца да яго можа кожны, каго цікавіць тэма і хто жадае павысіць сваю лічбавую адукаванасць. Удзел ва ўсіх мерапрыемствах — бясплатны. Але пажадана папярэдне зарэгістравацца на сайце іtе.unіbеl.bу.

Афіцыйнымі партнёрамі ІTЕ 2018 выступаюць беларускія і замежныя кампаніі — лідары ў сферы інфармацыйных і тэлекамунікацыйных тэхналогій. Інавацыйныя партнёры — Парк высокіх тэхналогій і ІT-Асаdеmу.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.