Вы тут

У «Мінск-Арэне» завяршыўся мантаж сцэны для дзіцячага «Еўрабачання-2018»


16-ы міжнародны дзіцячы конкурс стартуе на наступным тыдні, але ўжо сёння на пляцоўцы пачнуцца першыя рэпетыцыі са статыстамі. Напярэдадні "Звязда" пабывала на сцэне і ў закуліссі будучага шоу і даведалася, чым арганізатары дзіцячага "Еўрабачання-2018" плануюць уражваць гасцей і гледачоў.


Дзве круглыя сцэны і ад іх — тры масты-промні проста на танцпляцоўку, двухузроўневы грын-рум на 5-метровай вышыні, адкуль канкурсанты з розных краін будуць бачыць сапернікаў і публіку, упрыгожаная зоркай-сімвалам "Еўрабачання" ложа для журы, секцыйныя і тэлескапічныя тэлекраны пад "зорнай" столлю. Галоўная пляцоўка спартыўна-відовішчнага комплексу, разлічаная на 15 тысяч гледачоў, змянілася да непазнавальнасці. "Калі б вы зазірнулі сюды на дзень раней, убачылі б каля 100-150 чалавек, а цяпер ужо ціха", — заўважае тэхнічны дырэктар шоу, эстонец Тармо Крым.

Ён жа не без гонару гаворыць, што па ўзроўні тэхнічнага аснашчэння тут хоць заўтра можна праводзіць не тое што дзіцячы, а дарослы міжнародны конкурс, і пералічвае светлавое абсталяванне, выкарыстанае для афармлення сцэны і глядзельнай залы. Гэта тоны разнастайных прылад, дзякуючы якім уся прастора то пагружаецца ў цемру касмічнай бясконцасці, то ўспыхвае, зіхаціць і пераліваецца ярчэй за жнівеньскае зорнае неба. Касмічная тэма стане асноўнай для дзіцячага "Еўрабачання-2018", удзельнікі якога ўжо на наступным тыдні выпрабуюць сцэну.

Некаторыя рэчы, як расказваюць нам тэхнічныя спецыялісты Белтэлерадыёкампаніі, будуць выкарыстаныя ўпершыню. Напрыклад, светладыёднае пакрыццё для фантастычных мастоў дазволіць стварыць асобныя яркія пастаноўкі, некалькі ліній светлавых прыбораў над сцэнай знаходзяцца на інтэлектуальным кіраванні і таму могуць хутка ўздымацца, апускацца і ўтвараць розныя дынамічныя канструкцыі, а глядзельныя трыбуны стануць часткай агульнага прадстаўлення дзякуючы "ўпісаным" у іх светлавым канструкцыям.

— Мы пастараліся, захоўваючы спецыфіку дзіцячага конкурсу, зрабіць яго як мага больш дасканалым у тэхнічным, тэхналагічным сэнсе, — зазначае мастак-пастаноўчык дзіцячага "Еўрабачання" ў Мінску Галіна Гоманава. — Якая ступень гатоўнасці? Ніколі не кажы "ўсё гатова", пакуль не здасі сцэну, а ў нашым выпадку гэта адбудзецца толькі падчас генеральнага прагону 24 лістапада. На дадзены момант магу сказаць, што мантаж святла і гуку скончаны, ідзе тэхнічная наладка і рэпетыцыі з вядучымі. Мы працуем у шчыльнай звязцы з міжнароднай камандай Еўрапейскага вяшчальнага саюза, і ўлічваем іх заўвагі і пажаданні. Дарэчы, карыстаючыся выпадкам, хачу праз вас загадзя выбачыцца перад публікай, якая набыла білеты і прыйдзе глядзець шоу жыўцом. Разумееце, у гэтага праекту свая спецыфіка: ён перадусім тэлевізійны, такім яго ўбачаць гледачы ў 20 краінах свету, таму мы працуем на экранную "карцінку", і, магчыма, тэлевізійныя вежы і аператарскія пляцоўкі будуць замінаць некаторым гледачам у зале.

Кіраўнік тэхнічнай дырэкцыі Белтэлерадыёкампаніі Юрый Калячка тлумачыць лагістыку будучага шоу: паказвае, дзе ў "Мінск-Арэне" будзе працаваць міжнародны прэс-цэнтр і пляцоўкі для інтэрв'ю, у якім памяшканні размесціцца так званы delegation bubble — агульная ўніверсальная зала з грымёркамі і гардэробам для ўсіх удзельнікаў, кавярняй, зонай адпачынку і месцам для прагляду тэлетрансляцыі. Пакуль што гэта выглядае досыць заблытаным лабірынтам, але нас запэўніваюць, што ўжо з наступнага панядзелка тут будзе працаваць вялізная каманда валанцёраў, і заблукаць проста няма шансаў.

Заўважаем пад самай сцэнай Хелену Мерааі — летась яна прадстаўляла Беларусь на дзіцячым "Еўрабачанні" ў Грузіі, а сёлета ў кампаніі з Яўгенам Перліным і маладой спявачкай Зенай (Зіна Купрыяновіч) стане вядучай шоу, дзеля чаго нястомна ўдасканальвае англійскую і дысцыплінавана наведвае рэпетыцыі.

— Не магу раскрываць падрабязнасцяў сцэнарыя, усё ўбачыце непасрэдна на шоу, — папярэджвае яна, — але запэўніваю, што сцэнарый проста "бамбічны"! Збольшага ён на англійскай мове, але звяртацца да публікі ў зале будзем пераважна на беларускай.

— Як наогул пачуваецеся з іншага боку сцэны, у якасці вядучай, а не канкурсанткі?

— Шчыра кажучы, летась было лягчэй. Тады за мной стаяла каманда. Яна ёсць і цяпер, але ўсё ж галоўная адказнасць за працу з камерамі і з аўдыторыяй — на мне самой, і хоць вопыт вядзення розных мерапрыемстваў ёсць, дый леташняе "Еўрабачанне" стала добрай школай, але хвалююся неверагодна. Да таго ж прыедзе многа маіх сяброў і знаёмых — з Казахстана, з Украіны, з Мальты, і хочацца перакінуцца хоць некалькімі словамі, як у іх жыццё, і пры гэтым не забываць удзяляць увагу ўсім іншым удзельнікам — тым больш, Казахстан і Уэльс прыедуць на "Еўрабачанне" ўпершыню. А яшчэ хочацца падтрымаць нашага прадстаўніка Даніэля Ястрэмскага, з якім мы таксама даўно сябруем і прыслухоўваемся да меркавання адзін аднаго. Калі пасля нацыянальнага адбору ён прызнаў, што ў выступленні былі пэўныя хібы, я нагадала Дэну, што мы ўсе ў яго верым і ў лістападзе будзе шанс зрабіць усё магчымае і выкласціся — на сто, на дзвесце працэнтаў.

 

 

Пажадаўшы ўсім канкурсантам удачы — "я праслухала ўжо 19 песень з 20, і не разумею, як можна пісаць такія класныя песні, з кожным годам лепш за папярэднія", — Хелена рэціравалася прагаворваць з сувядучымі сцэнарый шоу. А выканаўчы прадзюсар дзіцячага "Еўрабачання-2018" Вольга Шлягер расказала, што графік ва ўдзельнікаў будзе надзвычай шчыльны: з 16 лістапада ў Беларусь пачнуць прыбываць першыя дэлегацыі, Еўратыдзень  афіцыйна стартуе 19 лістапада ў НВЦ "БелЭкспа", а далей у плане — штодзённыя рэпетыцыі, запіс сумеснай песні, экскурсійная праграма.

Адна з экскурсій, дарэчы, запланавана ў музей Янкі Купалы, дзе падлеткі з розных краін змогуць не толькі бліжэй пазнаёміцца з беларускай культурай, але ў прамым сэнсе дакрануцца да яе: выканаць народныя песні і танцы, уласнаручна зрабіць нацыянальны сувенір і пакаштаваць традыцыйную кухню.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.