Вы тут

Надзвычайная місія


Беларусы і ўкраінцы на Форуме ў Гомелі гаварылі не толькі пра гандлёва-эканамічныя стасункі, але і пра пашырэнне, паглыбленне сяброўскіх кантактаў у розных сферах жыцця

Народная дыпламатыя — гэта калі сэрцамі людзі адкрываюцца, цягнуцца насустрач адзін аднаму. Калі гавораць — і на самым высокім дзяржаўным узроўні — ад душы, а не па вывераных паперках. І калі ад шчырасці тае, высокіх эмоцый — дух захоплівае. Хоць дыпламаты й палітыкі, вядома ж, умеюць “настрой душы” прыхоўваць, калі трэба, і крыху стрымліваць-кантраляваць яго, ды сапраўды сяброўскія пачуцці спецыяльна не “сфабрыкуеш” — як і не схаваеш, калі хваля цеплыні ўсіх побач ахінае.


Сустрэчы ля стэнда Мікалаеўскай вобласці

А дружалюбны настрой панаваў на нядаўнім першым Форуме рэгіёнаў Беларусі ды Украіны, што праходзіў 25-26 кастрычніка з удзелам прэзідэнтаў абедзвюх краін: Аляксандра Лукашэнкі й Пятра Парашэнкі. Пасля вельмі насычанага на падзеі дня кіраўніца беларускай суполкі “Голас Радзімы” Таццяна Дзяменнікава якраз, як гаворыцца, з цэнтру падзей пісала мне па вайберы ўвечар 26-га, напрыканцы гомельскіх сустрэч: “Пашчасціла пабыць на Форуме рэгіёнаў — дэлегатам ад Мікалаеўскай вобласці: дырэктар нашага дэпартамента ўзначальвае дэлегацыю, дык і мяне ўзялі. Я вельмі ўражана такім высокім узроўнем арганізацыі Форуму, прыёмам на беларускай зямлі. Плакала, бо стрымацца не магла, тры дні — ад радасці за Бацькаўшчыну. За нас быў адказны Калінкавіцкі раён. Колькі ж мы за гэтыя дні ад сяброў беларускіх атрымалі ўвагі, цяпла, дабрыні! Сустрэлі нас яшчэ 23-га вечарам на мяжы — з караваем ды песнямі беларускімі, у прыгожых народных строях. Проста супер! Такая сустрэча, гасціннасць беларусаў былі неспадзяванкай ды вельмі ўразілі ўсіх нас. А 24.10 ладзілі для нас цэлы дзень розныя экскурсіі, сустрэчы. І паўсюль суправаджалі потым. І сягоння толькі паехалі ад нас — а заўтра ўранні прыедуць: праводзіць”. 

Такія цёплыя эмоцыі, мяркую — таксама вельмі важная частка той вялікай плыні, што яднае Беларусь і Украіну. Бо не сакрэт: калі ёсць прыязнасць, давер паміж людзьмі, то можна й будаваць смелыя планы па супрацоўніцтве — у розных сферах. І якраз такую надзвычайную місію ў наладжванні кантактаў паміж народамі выконваюць беларускія суполкі ў замежжы. Па ўсім свеце — не толькі ва Украіне. Калі ж, бывае, часам у некага ўзнікаюць пытанні пра дзяржаўныя грошы на падтрыманне дыяспары, то варта мець на ўвазе: зарплату за сваю беларускасць гэтыя шчырыя людзі, як правіла, не атрымліваюць. А справы робяць — дзяржаўнай важнасці.

Ужо з дому Таццяна Дзяменнікава скінула спасылкі на тэксты, з якіх вынікае: з украінскага боку дэлегацыя з Мікалаеўшчыны аказалася самай маштабнай, найбольш рознабакова прадставіла патэнцыял рэгіёну пад час працы першага Форуму. Паколькі ж асноўнай мэтай яго было развіццё палітычных, эканамічных і гуманітарных сувязяў паміж дзвюма краінамі, а таксама пашырэнне міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, прадстаўленне эканамічнага патэнцыялу рэгіёнаў, то дэлегацыю ўзначаліла дырэктар Дэпартамента эканамічнага развіцця й рэгіянальнай палітыкі Мікалаеўскай аблдзяржадміністрацыі Марына Васільева. І наша супляменніца Таццяна, дарэчы, працуе ў тым жа Дэпартаменце: намесніцай начальніка ўпраўлення па пытаннях рынкавых адносін.

Фрагмент выставачнай экспазіцыі

Дзякуючы зямлячцы мы ведаем: арганізатары запрасілі ўкраінскіх сяброў прыехаць у Беларусь раней, каб яны мелі магчымасць больш пабачыць, і не толькі ў Гомелі. Так што форум дожыўся фактычна з 23 па 27 кастрычніка. У нэце ёсць відэа пра гасцяванне дэлегацыі з Мікалаеўшчыны ў Калінкавіцкім раёне. З хлебам-соллю, з песнямі ў сталіцы гумару — аграгарадку Малыя Аўцюкі — сустракалі гасцей, прычым з удзелам адразу двух намеснікаў старшынь райвыканкама. Потым гасцям зрабілі экскурсію на Калінкавіцкі мэблевы камбінат: паказалі саму сучасную вытворчасць, знаёмілі з асартыментам, геаграфіяй паставак. Далей была мясцовая дзіцяча-юнацкая спартыўная школа алімпійскага рэзерву па грэка-рымскай барацьбе. Яе выхаванцы, дарэчы, вядомыя не толькі ў Беларусі — працуюць і ў іншых краінах. У школе да гасцей далучыўся і глава раёна Сяргей Гвоздзь. Потым ім яшчэ паказвалі малочны камбінат, мясакамбінат — з дэгустацыяй прадукцыі. А далей павезлі ў Юравічы, была экскурсія ў краязнаўчы музей мясцовай школы, наведванне першабытнай стаянкі чалавека, мясцовага мужчынскага манастыра.

Цікавая дэталь. У свой час газета “Голас Радзімы” пісала, што кіеўскі беларус Аляксандр Драгун, сам з Калінкавіччыны, узводзіць у Аўцюках аграсядзібу, а таксама й Музей гумару. Я пацікавіўся ў Таццяны: што бачылі? Аказваецца, праект працуе! “Вечарам нас прымалі на сядзібе гумару “Аўцюкі”: з канцэртам, гумарыстычнымі нумарамі, сяброўскай вячэрай на высокім узроўні. Сядзіба ўсім вельмі спадабалася. З Аляксандрам Драгуном, які сам сустрэў нас, я таксама размаўляла, — удакладніла зямлячка. — Расказаў, як будавалася тая садзіба, і рады быў вельмі пабачыць мяне ў складзе дэлегацыі. Госця прасіла перадаць усім гаспадарам Форуму: “Вялікі дзякуй, дарагія сябры, за вашу ўвагу, клопаты, шчодрасць, дабрыню, чысціню! Народ беларускі — гасцінны народ! А ў Калінкавічах, як мы пераканаліся, — самы гасцінны! Ганаруся вамі, дарагія землякі”.

З хлебам-соллю гасцей з Мікалаеўшчыны сустракалі ў Аўцюках

У першы, афіцыйны, дзень Форуму прайшло 7-е пасяджэння Беларуска-Украінскага кансультацыйнага Савета дзелавога супрацоўніцтва. Ішла праца ў секцыях, былі сустрэчы з кіраўніцтвам Гомельскага гарвыканкама. Разгарнулася й вялікая выстава рэгіёнаў Беларусі ды Украіны. Насычаны, прадуктыўны першы дзень Форуму завяршыўся вялікім канцэртам дружбы. Прычым было гэта сапраўднае свята талентаў, прафесіяналаў, дружбы, душэўнасці й сямейнай цеплыні.

А 26 кастрычніка ў пленарным пасяджэнні Форуму прынялі ўдзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка й Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка. Яны, выступаючы, адзначылі вялікую важнасць для абедзвюх краін разнастайных кантактаў. Гаворка ішла найперш пра тое, каб развіваць міжрэгіянальнае гандлёва-эканамічнае, інвестыцыйнае супрацоўніцтва, пра агульныя праекты ў галіне культуры, адукацыі, навукі. Аляксандр Лукашэнка зрабіў важныя заявы з нагоды праблем вайны і міру ва Украіне. Ён лічыць, што мэта цяпер адна — спыніць вайну, захаваць адзінай і непадзельнай Украіну: “І нельга гэтую праблему пакінуць нашым дзецям для вырашэння. Гэта будзе злачынства нашага пакалення перад тымі, хто прыйдзе пасля нас”. Аднак тут мала дамовіцца Расіі ды Украіне, звярнуў увагу беларускі лідар. Ён так абазначыў пазіцыю Беларусі: “Мы гатовы ўключыцца ў гэты канфлікт там, дзе складана і дзе няма таго даверу, які павінен быць. Мы гатовы гэта зрабіць, але толькі дзеля аднаго — дзеля міру”. Прэзідэнт падкрэсліў, што, на яго думку, праблему павінны вырашыць тры славянскія народы: “Гэта наша бяда. Гэта наша праблема. Ні еўрапейцы, ні амерыканцы, ніхто іншы, а мы павінны вырашыць яе, каб яна не была замарожана па прыкладзе іншых некалі “гарачых” кропак на постсавецкай прасторы”.

У сваю чаргу Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка выказаў вялікую ўдзячнасць беларускаму боку за стварэнне ўмоў для работы Мінскай перагаворнай пляцоўкі. Ён расказаў, як беларускі лідар пайшоў яму насустрач у адказ на просьбу арганізаваць у Мінску перагаворы па спыненні ваеннага канфлікту. Нагадаў, што “ў Мінску былі падпісаны дакументы, якія назаўсёды ўвойдуць у падручнікі дыпламатыі. Яны называюцца Мінскімі пагадненнямі”. “Ці давяраю я Лукашэнку?” — задаваў пытанне Прэзідэнт Украіны і сам адказваў: “На 100 адсоткаў”. І далей: “Ці важная яго місія? Надзвычай важная. Як і місія Беларусі”.

Іван ЖДАНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.