Вы тут

Калі мы разам, тады – моцныя


Заключны гала-канцэрт Дзён беларускай культуры ў Цюменьскай вобласці сёлета прайшоў у Табольску — духоўнай сталіцы Сібіры


Спяваюць артысты гурта “Бярозка”

Традыцыйныя ўжо для заходнесібірскага рэгіёна Дні беларускай культуры супалі па часе з юбілеем Уладзіміра Габруся, старшыні Табольскай суполкі беларусаў: яму 70 гадоў. Каб свята прайшло, паспрыялі Камітэт па справах нацыянальнасцяў вобласці, дэпартамент культуры, адміністрацыя Табольска. Галоўнымі ж дзейнымі асобамі на гэтым Беларускім форуме былі актывісты, сябры Цюменьскай абласной суполкі “Нацыянальна-культурная арганізацыя «Аўтаномія Беларусь»” і мясцовай Нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Табольска. І свята ўдалося на славу!

Канцэртная праграма па традыцыі ўключала ўрачыстую частку: было ўручэнне ганаровых грамат, падзячных лістоў творчым калектывам, іх кіраўнікам. Віншавалі юбіляраў — з каштоўнымі падарункамі. Затым выступалі харэаграфічныя й вакальныя гурты. Госці свята знаёміліся з выставамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці, прывезенымі з розных раёнаў вобласці, каштавалі беларускія прысмакі. Са святам усіх — а ў зале аншлаг! — віншаваў мэр Табольска Уладзімір Мазур, родавыя карані якога, прызнаўся, з Беларусі. Вітаў грамаду яшчэ адзін вядомы беларус — з Гомеля родам: начальнік аддзела па справах нацыянальна-культурных аб’яднанняў і казацтва Камітэта па справах нацыянальнасцяў вобласці Сяргей Яфімчык. Ён перадаў і віншаванні са святам ад Уладзіміра Шуглі, Ганаровага Генеральнага консула Беларусі ў Цюменьскай вобласці.
А вось ужо на сцэне “Вячоркі” — выдатны народны фальклорна-этнаграфічны гурт, які 30 гадоў таму стварыла заслужаная работніца культуры Расіі Валянціна Міхіенка: беларуска, родам з вёскі Ермакі, празванай сібірскай радзімай беларусаў-самаходаў. Дарэчы, у 2017-м гурт з райцэнтра Вікулава быў сярод удзельнікаў ІІІ Фэсту мастацтваў беларусаў свету. Варта згадаць, што яшчэ ў канцы XІX стагоддзя сем’і беларусаў пакідалі Бацькаўшчыну, шукаючы лепшай долі. Некаторыя пусцілі карані ў глухой тайзе, а духоўныя повязі з культурай продкаў — зберагаюць.

Мікалай Сапега (злева) і Уладзімір Габрусь

І ўжо 25 гадоў у сібірскіх Ермаках жыве народны фальклорна-этнаграфічны гурт “Россияночка”. Спяваюць у ім беларускія песні, запісаныя са слоў бабуль і прабабуль, нашчадкаў самаходаў. На тэлеканале “Белсат” быў створаны фільм “Самаходы”, у здымках якога паўдзельнічаў гэты гурт ды яго кіраўніца Надзея Вычужаніна. Летась самадзейныя артысты з Ермакоў прыязджалі ў Беларусь, на радзіму продкаў. Заўважылі: у хатах ермакоўскіх — такое ж убранне, як і ў беларускай вёсцы Рагінь (цяпер — аграгарадок у Буда-Кашалёўскім раёне Гомельшчыны. — Рэд.), з якой сыходзілі калісьці беларусы ў далёкі свет. У кожнай хаце, дзівіліся, ёсць чырвоны кут, ёсць вышываныя, з арнаментамі ручнікі, а жыхары і ў Ермаках, і ў Рагіні “дзэкаюць” і “цэкаюць”. Нават прозвішчы ў гаспадароў хат, паміж якімі больш за тры тысячы кіламетраў, ёсць аднолькавыя.

З 1998 года прыгажосцю народных беларускіх песень зачароўвае вакальны ансамбль “Лянок”, цяпер ужо народны. Ягоныя самадзейныя артысты вельмі паспрыялі станаўленню Нацыянальна-культурнага таварыства “Аўтаномія Беларусь”. У рэпертуары — абрадавыя, лірычныя, гістарычныя, сучасныя песні беларусаў, творы кампазітараў. Цяпер кіруе гуртом Клаўдзія Зуева, выдатніца народнай асветы Расіі, ветэран педагагічнай працы. Яна стварыла вакальны моладзевы гурт “Верас”, які быў адзначаны ў ходзе імпрэзы. Згадалі яшчэ на ёй, што сёлета ў верасні “Лянок” быў запрошаны й з поспехам выступаў на Міжнародным фестывалі харэаграфічнага мастацтва “Сожскі карагод” у Гомелі, прымеркаваным да Дня горада. Вярнуўшыся ў Цюмень, сябры расказвалі: “Лянок” выступаў у праграме фэсту, меў каласальны поспех — артыстам нават падавалі яблыкі на сцэну, пыталіся, адкуль у Сібіры так добра ведаюць беларускую мову. Клаўдзія Міхайлаўна прызнаецца: “Уразіла добразычлівасць залы, ветлівасць беларусаў і, вядома ж, гэта шчасце: пабываць і выступаць на сваёй Радзіме, радзіме продкаў”.

Народныя традыцыі — гэта прыгожа

Яшчэ адзін каштоўны набытак беларусаў Цюмені — сямейны вакальны гурт “Спадчына” з мастацкай кіраўніцай Надзеяй Падкарытавай. У гурце зберагаюць сямейныя традыцыі, народную культуру продкаў і перадаюць іх у спадчыну ад старэйшых да малодшых: ад бацькоў (Марыя ды Мікалай Піскуны) да дзяцей, унукаў. Усе ў дружнай сям’і (а Марыя Іосіфаўна да таго ж узначальвае цюменьскую суполку “Аўтаномія Беларусь”) цудоўна валодаюць роднай мовай, даюць усім беларусам прыклад шчырай любові да сваёй малой радзімы.

Выдатны вакальны гурт “Бярозка”, якім кіруе Галіна Сітдзікава, прыехаў на свята з Новабярозаўкі, з Арамашаўскага раёна, дзе Мікалай Сальнікаў адкрыў філіял беларускага таварыства. Якраз дзякуючы тамтэйшым беларусам захаваўся ў сібірскім сяле ўнікальны беларускі калядны абрад “Хаджэнне са Звяздой” — яшчэ, кажуць фалькларысты, дахрысціянскі, а ў “сібірскім” варыянце яму больш за 120 гадоў. І Каляды ў сяле заўсёды чакаюць.

Выступаў на канцэрце ў Табольску фальклорны моладзевы гурт “Сузор’е” — яго нядаўна стварыла Алена Перыкава. Прыгожа, ва ўсю паўнату моцнага голасу спявала сольна Юлія Чарапанава, якая ўзначальвае аддзел беларускай культуры Палаца нацыянальных культур “Строитель”. Хораша танцавалі самадзейныя артысты з Табольскага этнаграфічнага ансамбля “Брэвис” (кіраўніца Наталля Баліцкая).

Заключны момант святочнай імпрэзы ў Табольску

Пра моцныя традыцыі, згуртаванасць і пераемнасць пакаленняў у беларускім руху на Цюменьшчыне сведчылі сваёй прыстунасцю на святочнай імпрэзе тыя, хто стаяў ля вытокаў аб’яднання супляменнікаў рэгіёну. Гэта Леанід Іванавіч Ксяндзоў, Сяргей Аляксандравіч Яфімчык, Аляксандр Адамавіч Шульга, Герой Расіі, славуты лётчык Уладзімір Ільіч Шарпатаў, кіраўнік Заводаукаўскага філіяла Мікалай Васілевіч Сапега — цяпер ён яшчэ й старшыня Рэгіянальнай Нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Цюменьскай вобласці. Дарэчы, Марыя Іосіфаўна Піскун, першая жанчына-кіраўніца абласной НКА, працуе натхнёна — таму й застаецца на чале суполкі: у кастрычніку пераабраная на новы трохгадовы тэрмін. У рэгіёне заявіла пра сябе й новая суполка: Цюменьская гарадская грамадская арганізацыя “Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў” — яе старшыня Наталля Габрусь годна працягвае справу бацькі. Сам жа ўраджэнец Беларусі Уладзімір Габрусь жыве ў Цюменьскай вобласці больш за паўвека: яшчэ з 1966 года. А нарадзіўся ён на Магілёўшчыне ў цяжкі пасляваенны час: 18 кастрычніка 1948 года.

Уладзімір Аляксандравіч — вядомая асоба ў сібірскім рэгіёне: ушанаваны многімі дзяржузнагародамі, уключаючы падзякі ад Прэзідэнта Расіі ды Пасольства Беларусі ў Расіі. Працаваў за савецкім часам першым сакратаром райкама камсамола ў Ісецкім раёне, а з 1979 па 2001 год узначальваў калгас “40 лет Октября”, які па асобных паказчыках уваходзіў у дзясятку лепшых гаспадарак Расіі, быў занесены на Усесаюзную Дошку гонару ВДНГ СССР. На пытанне журналістаў, што спрыяла поспеху, адказвае, што ў яго заўсёды быў перад вачыма прыклад перадавых гаспадарак рэгіёна й Беларусі — бо непадалёк ад родных яго Казуліч (Кіраўскі раён Магілёўшчыны) ёсць вёска Мышкавічы: цэнтр знакамітага калгаса “Рассвет” імя Кірылы Арлоўскага (цяпер адкрытае акцыянернае таварыства “Рассвет им. К. П.-Орловского”. — Рэд.), і беларус пераймаў каштоўны досвед землякоў. Да таго ж заўсёды любіў вучыцца.

Уладзімір Габрусь — заслужаны работнік культуры Расіі, удзельнік 15-ці з’ездаў Аграрнай партыі, кандыдат біялагічных навук, выкладчык Сучаснай гуманітарнай акадэміі (г. Масква) ды Цюменьскага дзяржуніверсітэта, саветнік кіраўніка горада Табольска, старшыня гарсавета ветэранаў. Так што, як бачым нават з такога пераліку, мае заслужанае грамадскае прызнанне, высокі аўтарытэт. Кожны, хто знаёмы з ім, скажа: гэта чалавек інтэлігентны, добразычлівы, гасцінны, ураўнаважаны — сапраўдны беларус, у якога ўсё атрымліваецца добра-складна. І мы, супляменнікі, ведаем яго цярплівым і няспешным, грунтоўным, надзейным. Да месца будзе згадаць, што былы камсамольскі важак Габрусь з павагай ставіцца да людзей, хто вядзе духоўныя пошукі. А ў вёсцы Слабада-Бешкіль пры-ягоным-непасрэдным удзеле быў адноўлены храм і ў 1999 годзе адкрыўся прыход Хрыста-Раждзественскай царквы. Само ж сяло заснавана у 1668-м: сёлета ў яго юбілей. У 1850-м там была ўзведзена каменная царква ў гонар Раства Хрыстова з пасадамі ў імя свяціцеля Мікалая і ў гонар Узвышэння Крыжа Гасподняга. У 60-х гадах мінулага стагоддзя храм зачынілі, у ім размяшчаўся калгасны склад мінеральных угнаенняў. А ў 1999-м яго вярнулі вернікам.

Цёплай, сяброўскай атрымалася вечарына ў Табольску. Калі ж выступалі беларускія гурты, то ў зале ім крычалі: “Брава!”, “Біс!” ды роднае нам “Дзякуй!”. І вельмі спадабалася ўсім песня “Калі мы разам, тады мы — моцныя”,-якую-напрыканцы выканаў Сяргей Сцяцкевіч.

Людміла Бакланава, 

Табольск — Цюмень. 

Фота: Святаслаў Вінакураў

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.