Вы тут

Розныя вобразы Бацькаўшчыны


На працягу пяці дзён жыхары, госці Новасібірска мелі магчымасць бліжэй пазнаёміцца з культурай, традыцыямі, звычаямі беларусаў


На сцэне — Анастасія Дзяменцьева

У нашай Радзімы шмат неафіцыйных назваў: “Зямля пад белымі крыламі”, “Сінявокая”, “Краіна замкаў”, “Лёгкія Еўропы”... Для кожнай з іх ёсць падставы, і розныя вобразы Бацькаўшчыны дзякуючы ім з’яўляюцца ў творчасці мастакоў, паэтаў. Даведацца, чаму такія назвы ўзніклі, а таксама шмат чаго іншага пра Беларусь, яе гісторыю й сучаснае жыццё можна было ў Новасібірскай вобласці, калі ў нас з 17 па 21 кастрычніка ладзіліся Дні беларускай культуры.

Урачыстае адкрыццё праходзіла ў камернай зале філармоніі. У холе гасцей свята сустракала Купалінка, якая запрашала ўсіх ахвочых на майстар-клас па выцінанцы. І можна было паспрабаваць свае сілы ў традыцыйным для беларусаў мастацтве ажурнага выразання з паперы. Дарэчы, у беларускай мове дзеяслоў выцінаць — сінонім слова выразаць. А выразалі мы беларускія арнаменты, кожны з якіх меў сваё значэнне. Госці маглі сваімі рукамі зрабіць сувенір і забраць яго з сабой на памяць.

Можна было й паглядзець на “Беларусь вачыма сібірачкі” ў адной з залаў. Аўтарка выставы — доктар філасофскіх навук Алена Ярохіна — фатограф-аматар. Вандруючы па Беларусі, яна здымала тое, што бачыла, часам у нечаканых ракурсах. Хтосьці з беларусаў пазнае на здымках знаёмыя месцы, а нехта проста ў думках падарожнічае па нашай Бацькаўшчыне.

Валянціна Нячаева з гурта “Завіруха”

А пакуль госці асвойвалі выцінанку, аглядвалі фотавыставу, рыхтаваліся да выступлення гурты “Белыя Росы”, “Свята”, “Завіруха”, “Вясёлка”. Забягаючы наперад, скажам: яны падарылі гледачам сапраўднае беларускае свята. Цёплымі словамі грамаду віталі Міністр культуры Новасібірскай вобласці Ігар Рашэтнікаў і дарадца аддзялення Пасольства Беларусі ў Расіі ў Новасібірску Андрэй Гасюк.

А 18 кастрычніка з Новасібірскай абласной юнацкай бібліятэкі выбудаваўся тэлемост у Магілёў. Юныя паэты, чытачы Новасібірска дзяліліся сваёй творчасцю, развагамі з аднадумцамі з магілёўскай бібліятэкі. Гучалі вершы беларускіх паэтаў, так што можна было спасцігаць хараство Беларусі праз паэтычнае слова. Была яшчэ наладжана пазнавальная інтэрактыўная праграма для школьнікаў пра Беларусь у Гарадскім міжнацыянальным цэнтры. Затым госцем Новасібірскага цэнтра беларускай культуры быў дырэктар Дзяржаўнага ансамбля “Песняры” Святаслаў Чарнуха — ён распавёў пра цікавыя старонкі гісторыі знакамітага творчага калектыву, яго дзень сённяшні, адказаў на пытанні гледачоў.

Упрыгожыў Дні беларускай культуры традыцыйны ўжо міжрэгіянальны Фестываль беларускай творчасці “У гасцях у Лявоніхі” — сёлета ён прайшоў у Ардынскім раёне. На сцэне Вагайцеўскага сельскага Дома культуры выступілі вакальныя й танцавальныя гурты, творчасць якіх цесна спалучана з беларускай культурай. Скажам, прыехаў на свята вакальны гурт “Сябрята” з казахстанскага Паўладара — і спявалі юныя артысты на беларускай мове. Нагадаю, Паўладарскі этнакультурны цэнтр “Беларусь” — даўні сябар Новасібірскага цэнтра беларускай культуры. Ці бывалі “Сябрята”-казахстанцы ў Беларусі, ці маюць яны ўсе родавыя беларускія карані — таго не ведаю, аднак ёсць у іх выступах цеплыня, шчырасць беларускай душы.

Вакальны гурт “Сябрята” з казахстанскага Паўладара

Акрамя ж песень ды танцаў беларуская творчасць на ардынскай зямлі былі прадстаўлена й творамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Майстры паказалі працы ў традыцыйна беларускіх тэхніках: бісерапляценне, выцінанка, саломапляценне, вышыванне па тканіне. Была й асобная выстава — з вырабаў на конкурс “Беларуская лялька”, па выніках якога журы выбрала пераможцаў. Як вядома, лялька ў беларускай народнай культуры — гэта не проста дзіцячая цацка. Яна — рэч шматфункцыянальная, мае глыбокія дахрысціянскія карані. У тую пару ў вераваннях, культуры, светапоглядзе продкаў шмат увагі надавалася пошуку гармоніі ў сабе й свеце, а таксама таму, што цяпер называецца: гарманізацыя наваколля. Глыбока вывучаючы законы Сусвету, мудрыя людзі рабілі высновы, імкнуліся выбіраць свой шлях па жыццёвай дарозе такім, каб на ім было як мага меней болю, пакут і цяжкіх страт. Калі ў нашых продкаў з’явіліся першыя абярэгі — ніхто не ведае, аднак майстэрства рабіць іх перадавалася ў спадчыну, мела шмат патаемных законаў. Дык вось, адным з такіх абярэгаў у беларусаў, сцвярджаюць даследчыкі, была лялька. Дакладней, лялькі, бо ў кожнай — свая “зона адказнасці”. “Берагіня”, напрыклад, аберагае дом і абараняе гаспадароў ад ліхіх духаў. А “Пелянушку” падвешваюць над ложкам з немаўляткам: каб яно было здаровым. “Неразлучнікаў” жа дораць маладажонам — каб у сям’і заўсёды былі мір ды згода.

Лявон (злева) і Лявоніха (справа)

Хоць ад Беларусі да Новасібірска звыш 4000 кіламетраў, але за пяць кастрычніцкіх дзён яна стала сібіракам крыху больш блізкай і зразумелай. А Дні беларускай культуры атрымаліся ў нас яркімі, насычанымі — бо ўсе стараліся. Асабліва ж Анастасія Дзяменцьева, кіраўніца Новасібірскага цэнтра беларускай культуры: і аргпытаннямі займалася, і ў канцэртнай праграме цудоўна выконвала беларускія песні. Адчувалі мы й немалую падтрымку ад Міністэрства культуры вобласці — за тое яму вялікі дзякуй!

Таццяна Нялюбіна, Новасібірскі цэнтр беларускай культуры.

Фота: Святлана Логінава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».