Вы тут

«Фефект фікцыі»


Калі гэты выраз чуюць нашы бацькі і бабулі з дзядулямі, то практычна адразу ўспамінаюць іншыя крылатыя дыялогі з фільма «Па сямейных абставінах», а менавіта: «Скажи «февочка». — «Девочка». — «Скажи «ыба». — «Селёдка!» і «фіццаць фе» літары алфавіта. Сучасныя маладыя бацькі большасці гэтых «лагапедычных» цытат не ведаюць — затое, на жаль, шчыльна знаёмыя з самімі лагапедамі. Недаразвіццё маўлення, алалія — маторная ці сэнсарная, афазія, дызартрыя, заіканне, дыслексія, дысграфія — кагосьці гэтыя дыягназы завочна палохаюць, а для кагосьці яны — дадзенасць, з якой трэба нешта рабіць. Перадусім — знайсці добрага лагапеда-дэфектолага, які не толькі мае адпаведную адукацыю і стаж працы, але з якім і дзіця пойдзе на кантакт, і бацькі будуць на хвалі ўзаемаразумення.


Зноў жа прадстаўнікі старэйшага пакалення, па-першае, схільныя перамяншаць значнасць праблемы — што, дзіця не гаворыць ці дрэнна гаворыць? Ат, перарасце, вунь, Леанарда да Вінчы да чатырох з паловай гадоў наогул маўчаў, а Эйнштэйн да сямі гадоў быў коснаязыкім, а якія людзі выраслі! Па-другое, часта нават педыятры лічаць крыніцай усіх маўленчых бед нашу нядбайнасць і «тэхналагізаванасць» — маўляў, юным матулям прасцей даць у рукі дзіцяці смартфон або планшэт, чым пачытаць яму казку, а вось калі б удзялялі малому больш увагі, то і праблем не было б. Аднак неўролагі і лагапеды гавораць, што гэта толькі вяршыня айсберга, бо ўнутраных і знешніх прычын узнікнення маўленчых праблем, цяжкасцяў з чытаннем або пісьмом значна больш. І выяўляюцца яны не толькі ў мноства цяперашніх дзяцей, але нават у дарослых — балазе, сёння дыягностыка працуе ў разы лепей, чым «ццаць» гадоў таму. Але рэч у тым, што чым раней выяўляюць парушэнне, тым больш паспяховай будзе яго карэкцыя. Проста камусьці на «пастаноўку» аднаго-двух гукаў спатрэбіцца некалькі месяцаў, камусьці на выпраўленне больш сур'ёзных праблем — шмат гадоў і бяздонны запас цярпення, камусьці дыягназ атруціць усё жыццё, а хтосьці можа шчасліва картавіць да старасці і ніколькі гэтым не абцяжарвацца.

...У маёй малодшай дачкі, мяркуючы па частаце згадак, улюбёны сябар... Лагапед дзіцячага садка Аліна Уладзіміраўна. Выбягаючы з дзвярэй групы, малая цягне мяне менавіта да яе дзвярэй, а па дарозе дадому расказвае — хоць з большага і на «дзіцячай кітайскай», — што сёння яны чыталі казкі альбо гаварылі пра садавіну, цацкі, сваякоў... І я бязмежна ўдзячная гэтаму педагогу, якая ўмее зацікавіць, разгаварыць нават самае заціснутае і сарамлівае малое, растлумачыць дзецям са звычайных, нелагапедычных груп, што «фефект фікцыі» — гэта не загана і не хвароба, а бацькам не стамляецца даводзіць і нагадваць, што мы ўсе — каманда, ад зладжанасці якой залежыць вынік. «Не чакайце, што ўсё само пройдзе, але і ні ў якім выпадку не стаўце крыж на сваім дзіцяці — чым больш мы працуем, праводзім масаж, фізіяпрацэдуры і гэтак далей, тым лепш. І нават калі вы дрэнна разумееце сваё дзіця, хіба ад гэтага любіце яго менш?» — гаворыць яна на бацькоўскіх сходах. І гэтыя некалькі фраз даюць надзею, што рана ці позна дзіця пяройдзе з «кітайскай дзіцячай» на нармальную мову і наогул усё ў нас атрымаецца.

Так што дзякуй, Аліна Уладзіміраўна. Вам і іншым спецыялістам, якія дапамагаюць дзецям і дарослым гаварыць, чытаць і лепш разумець адзін аднаго, — хай сабе мы і не Эйнштэйны. З Міжнародным днём лагапеда вас!

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.