Вы тут

Музыка ў яе душы


Нішто не прадракала бяды. Стабільнасць была дома і на рабоце. І раптам жыццё перавярнулася. Без усялякіх папярэджванняў, без намёкаў на тое, што зладжаная сістэма раптам дасць збой. Глеба выслізнула з-пад ног — як тады, дваццаць гадоў назад, калі Яня выходзіла з машыны, што спынілася насупраць бацькоўскага дома, за шыбамі якога замест яркага святла трапятаўся язычок свечачкі. Яе, цяжарную, падхапілі, занеслі ў пакой, дзе ў труне апошняга «прабач-бывай» чакала маці. Стрэс быў такі моцны, жалоба такая глыбокая, што той, каго яна насіла пад сэрцам не вытрымаў душэўнага болю...


...Цяпер яна сама задыхалася ад роспачы, кідалася ў розныя бакі, прадчуваючы непапраўнае, рвала на сабе валасы: як жа так, як не дагледзела, не адчула, чаму яе мацярынскі інстынкт маўчаў?

Ах, гэта спрадвечная мацярынская звычка — ва ўсім вінаваціць найперш сябе! Дзеці, пакуль не стануць самі бацькамі, нават уявіць не могуць, што, аберагаючы матуль ад хваляванняў і хаваючы праўду, толькі яшчэ больш шкоды прыносяць. Муж Мар'ян, хоць і сам учарнеў ад невядомасці, але супакойваў Яніну, абнадзейваў. Ды хіба можна супакоіць чулае мацярынскае сэрца? Яе вуліца з прыгожай назвай Сонечная ўмомант ператварылася ў змрочнае безаблічнае сутарэнне, якім ёй трэ было ісці на працу, а ногі неслі некуды ў іншы бок, вочы шукалі абнадзейлівага знаку. Тыя дні жанчына жыла толькі малітвамі. І Бог вярнуў ёй малодшага сына. Руслан знайшоўся гэтак жа нечакана, як і прапаў.

Як часта на адлегласці часу многія здарэнні ўспрымаюцца намі зусім без трагічных прыўкрас, іншы раз нават з гумарам. А тады было не да смеху. Сацыяльны педагог Сыраваткінскай школы Яніна Пашук, якая шмат гадоў запар была «наглядчыцай» за сем'ямі сацыяльна небяспечнымі, а як дэпутат сельсавета мусіла ведаць і надзённыя праблемы свайго электарату, раптам усвядоміла, што самае галоўнае ў жыцці — уласная сям'я. Як чалавек шчыра веруючы, яна не ўкленчвала да Госпада «За што?». Імкнулася зразумець — ДЛЯ ЧАГО?

Па-настаўніцку прыдзірліва, ажно да прадузятасці, аналізавала кожны свой крок. Успамінала педагагічныя метады сваіх бацькоў. Якія там метады?! У мнагадзетнай сям'і, дзе гадаваліся тры сястры і два браты, само сялянскае жыццё выхоўвала і загартоўвала. Але ў Ваўкавыскай вёсачцы Талькаўцы ніхто слова дрэннага не сказаў у іх бок. Мала того што працавітыя, сумленныя, добразычлівыя Свістуны былі, дык яшчэ надзвычай таленавітыя, здольныя да музыкі і спеваў. Калі Яня са старэйшым братам заяўляліся ў вясковы клуб, чулася радаснае: «Ого! Будзе весела, бо Свістуны прыйшлі!» Гэта натхняльнае прывітанне суправаджала яе ўсё жыццё. Радаснымі агеньчыкамі ў вачах яе прыход сустракалі і пасля таго, калі сваё дзявочае прозвішча Свістун яна памяняла на Пашук, пабраўшыся шлюбам з працавітым шафёрам, прыгожым гарманістам з Сыраватак Мар'янам. Працуючы ў школах ці ў дзіцячым садку, Яніна большую частку свайго часу аддавала мастацкай самадзейнасці. Цяпер сама здзіўляецца, як хапала здароўя і сілы па чатыры разы на тыдзень ладзіць танцы ў клубе. Ды гэта вам не цяперашнія дыскатэкі! Гучала жывая музыка мясцовага інструментальнага ансамбля, Яня іграла на гітары і на іоніцы, якую хутка замяніў электраарган.

У такім далёкім 1977 годзе разам з сяброўкай Вацлавай Гіль яны прыехалі на Смаргоншчыну пасля заканчэння Гродзенскага музычна-педагагічнага каледжа. Тады, праўда, ён называўся вучылішчам. Яніна выкладала ў школе вёскі Паляны музыку і спевы, працавала піянерважатай. З Вацлавай, якая працавала ў Жодзішках, яны рэгулярна сустракаліся на рэпетыцыях у Жодзішкаўскім ДК. Праз нейкі час школу зачынілі, а ёй прапанавалі месца выхавальніцы ў дзіцячым садку. Працавала ў Сыраваткінскім клубе. Потым перайшла ў Сыраваткінскую СШ. Гадавала сваіх сыноў і выхоўвала чужых дзяцей, якім іншы раз удзяляла больш увагі, чым сваім... Яніна Чаславаўна не цягнула на сцэну ні Максіма, ні Руслана. Хіба што ў тых выпадках, калі без іх дапамогі нельга было абысціся. Да конкурсаў і аглядаў рыхтавала іншых, сціпла мяркуючы, што сваіх піярыць не вельмі па-хрысціянску. Бянтэжачыся перад матуліным аўтарытэтам, маленькі Максімка пагаджаўся спяваць, толькі схаваўшыся ў шафу. Але ж, нездарма кажуць, што талент у зямлю не закапаеш, тым больш — у шафу не зачыніш. І старэйшы сын пайшоў па матуліных слядах. Хто сёння не ведае таленавітага, адоранага прыгожым голасам і прываблівай знешнасцю смаргонскага спевака і пастаяннага вядучага шматлікіх імпрэз!

Меншы, Руслан, не асмеліўся «канкурыраваць» і абраў свой шлях — закончыў Маладзечанскі політэхнічны каледж. У параўнанні з Максімам ён цішэйшы, спакайнейшы, адным словам — не публічная асоба. Але толькі аднакласнікі ды самыя блізкія людзі ведаюць пра яго вялікае і добрае сэрца. Можа таму, яго інакш, як Руслік, не называюць. Ці не праз сваю празмерную дабрыню і боязь парушыць матулін спакой некалі наіўна вырашыў малодшы сын справіцца сам-насам з сітуацыяй, якую трэба было вырашаць усім разам? Што ж, як кажа Яніна Чаславаўна, усё да лепшага, праз памылкі навука даецца больш грунтоўная...

Ці ведаеце вы найлепшы сродак пазбаўлення ад стрэсу? Насамрэч, гэта творчасць. І не важна, у якой галіне мастацтва ці рамяства праяўляць сваю індывідуальнасць, сваё бачанне, сваё адчуванне прыгажосці. Музыка, спевы дапамагаюць, як нішто іншае, аднавіць гармонію ў душы. А душа, прайшоўшы праз выпрабаванні, іншы раз нараджае сапраўдныя творы мастацтва... Музыка Яніны да школьнага гімна атрымалася шчыра-сонечнай. А крыху пазней мясцовы кампазітар даведалася, што яе сын Максім таксама піша песні — і вершы ды музыку да іх. Не дзеля славы — дзеля душы і ўдзячнасці Таму, хто надзяліў талентам.

Ала КЛЕМЯНОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».