Вы тут

Як дзяржава падтрымлівае сем'і, што выхоўваюць дзяцей


Тры пытанні да Міністэрства працы і сацыяльнай абароны

Раскажыце, калі ласка, на якую дапамогу па доглядзе дзіцяці да 3 гадоў могуць разлічваць жанчыны — індывідуальныя прадпрымальнікі і рамеснікі? Можа, у найбліжэйшы час плануюцца нейкія заканадаўчыя змены, якія іх закрануць?

Юлія Цынкевіч, г. Віцебск


Адказвае кансультант упраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны
Святлана КОВАЛЬ:

— Памер дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў вызначаецца ў залежнасці ад колькасці дзяцей, якія выхоўваюцца ў сям'і, і занятасці асобы, што ажыццяўляе догляд дзіцяці.

Поўны памер дапамогі ўсталяваны для сем'яў, у якіх адзін з бацькоў, які ажыццяўляе догляд дзіцяці, страчвае ў сувязі з гэтым прыбытак або працуе па працоўным дагаворы (кантракце) на ўмовах не больш за палову месячнай нормы працоўнага часу альбо дома.

Дзейнасць індывідуальных прадпрымальнікаў і рамеснікаў прадугледжвае самастойную арганізацыю сваёй занятасці і не рэгулюецца нормамі заканадаўства аб працы (не прадугледжвае нармавання рабочага часу, давання працоўных і сацыяльных водпускаў, устанаўлення мінімальнага ўзроўню аплаты працы).

Калі ў перыяд догляду дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў асобы ажыццяўляюць прадпрымальніцкую ці рамесніцкую дзейнасць, то дапамогі ім прызначаюцца і выплачваюцца ў памеры 50 % ад поўнага памеру.

Разам з тым індывідуальныя прадпрымальнікі і рамеснікі маюць такія перавагі, як магчымасць самастойна арганізоўваць рабочае месца і рабочы час; карыстацца правам выплаты абавязковых страхавых унёскаў у бюджэт Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва пры жаданні мець дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне — гэта значыць, выплачваць унёскі ў бюджэт фонду ў добраахвотным парадку.

Акрамя таго, у іх ёсць магчымасць атрымліваць дапамогу ў поўным памеры ў выпадку прыпынення адпаведнай дзейнасці, у тым ліку ў сувязі з доглядам дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў, а таксама неажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці ў сувязі са знаходжаннем у працэсе спынення дзейнасці. Пры гэтым індывідуальныя прадпрымальнікі і рамеснікі не абмежаваныя ў працягласці і перыядычнасці прыпынення дзейнасці ў сувязі з доглядам дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў.

Працэдура прыпынення і аднаўлення дзейнасці ў сувязі з доглядам дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў максімальна спрошчана і заключаецца ў падачы адпаведнай заявы ў падатковыя органы.

У выпадку прыпынення дзейнасці ў сувязі з доглядам дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў дапамога ў поўным памеры выплачваецца з першага чысла месяца, наступнага за месяцам прыпынення дзейнасці. Пры аднаўленні дзейнасці пераразлік дапамогі ў памеры 50 % ад устаноўленага памеру здзяйсняецца з першага дня месяца, наступнага за месяцам, у якім дзейнасць была адноўлена.

Што датычыцца ўнясення змяненняў у заканадаўства, у цяперашні час яны не плануюцца.

* * *

Куды звяртацца па прызначэнне дапамог на дзяцей, калі бацькі працуюць у некамерцыйнай арганізацыі з сярэдняй колькасцю работнікаў да 15 чалавек?

Аляксандр Іўчанка, г. Бяроза.

— Парадак прызначэння і выплаты дзяржаўных дапамог сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей, рэгулюецца нормамі Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей».

Месца прызначэння дзяржаўных дапамог вызначана ў арт. 21 закона. Дзяржаўныя дапамогі жанчынам, якія сталі на ўлік у арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, у сувязі з нараджэннем дзіцяці, па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў, а таксама сем'ям на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў, у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў і на дзяцей, старэйшых за 3 гады, з асобных катэгорый сем'яў прызначаюцца ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў выпадку, калі:

1) абодва бацькі ў поўнай сям'і ці адзін з іх у няпоўнай сям'і, усынавіцель (удачарыцель), апякун (папячыцель) дзіцяці:

  • працуюць у камерцыйных арганізацыях з сярэдняй колькасцю работнікаў да 15 чалавек уключна;
  • працуюць у рэлігійных арганізацыях;
  • з'яўляюцца святарамі;

2) маці (мачаха) дзіцяці ў поўнай сям'і працуе ў камерцыйнай арганізацыі з сярэдняй колькасцю работнікаў да 15 чалавек уключна або ў рэлігійнай арганізацыі.

Калі арганізацыя з сярэдняй колькасцю работнікаў да 15 чалавек уключна некамерцыйная, і пры гэтым яна не адносіцца да рэлігійнай арганізацыі, дзяржаўныя дапамогі выплачваюцца не ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, а ў самой арганізацыі.

* * *

У нас у сям'і дзіця-інвалід (старэйшае за 3 гады), мая жонка не працуе, даглядае яго і атрымлівае ў органах сацыяльнай абароны дапамогу па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў. Ці можна мне прызначыць па месцы працы яшчэ адну дапамогу на дзіця-інваліда?

Сяргей, г. Мінск.

Начальнік упраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Вера ЛАБКОВІЧ:

— Калі ў сям'і выхоўваецца дзіця-інвалід, па месцы працы аднаго з бацькоў выплачваецца дапамога на дзяцей, старэйшых за 3 гады, з асобных катэгорый сем'яў, якая назначаецца штогод пры выкананні ўмоў занятасці бацькі (айчыма) у поўнай сям'і ці аднаго з бацькоў у няпоўнай сям'і. Дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў прызначаецца толькі ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Права на яго прызначэнне разглядаецца незалежна ад атрымання на дзяцей, у тым ліку на дзіця-інваліда, іншых відаў дзяржаўных дапамог.

Таму, калі ў поўнай сям'і маці атрымлівае ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне дапамогу па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, а бацька працуе, па месцы працы бацькі прызначаецца іншы від дзяржаўнай дапамогі — дапамога на дзяцей, старэйшых за тры гады, з асобных катэгорый сем'яў. Пры гэтым дапамога на дзяцей, старэйшых за 3 гады, з асобных катэгорый сем'яў прызначаецца на кожнае дзіця, старэйшае за 3 гады: на дзіця-інваліда ў памеры 70 % бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, на іншых дзяцей — 50 % (пры выкананні бацькам умоў занятасці).

Падрыхтавала Святлана БУСЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».