Вы тут

Учарашнія катлеты — настаўнікам


Купіў днямі кніжку «Лірыка Сярэбранага веку». Ляжу, чытаю Ясеніна з Мандэльштамам. Міма праходзіць сын:

— Калі гэта быў Сярэбраны век?

— У сэнсе?

— Ну спачатку ж быў каменны век, потым жалезны.

— А гэта. Дык адразу пасля бронзавага.

— Да нашай эры?

— Ну так, да нашай з табой эры.

P. S. Хай дзіця думае, што тата на сон чытае зборнік наскальнай паэзіі. Глядзіш, і паважаць пачне.

* * *

Званок на мабільны:

— Добры дзень! колькі каштуе кранштэйн для нумарнога знака?

— Якая машына?'

— Аўдзі Б4.

— Ужо прададзена.

— Прабачце.

Можна было б яму сказаць, што ён не туды трапіў, але тады б давялося адказваць яшчэ на кучу пытанняў.

* * *

Сын учора прыйшоў з трэніроўкі:

— Тата, у нас сёння было дзесяць раўндаў вольнага бою, з іх два з чэмпіёнам Беларусі.

Паглядзеў на яго непабіты твар і кажу:

— Нешта па табе незаўважна, што ты з чэмпіёнам спарынгаваў.

— Дык ён акуратна працаваў.

А сёння ранкам выходзіць з пакоя ў майцы. Гляджу: а ў яго ўсё плячо ў ранках.

Кажу:

— Ну вось цяпер бачу, што ты ўчора спарынгаваў.

Сын:

— Ды не, гэта мы ранкам з Мартай пабіліся.

— З якой прычыны?

— Каму першым у ванну ісці.

Ну не вучаць у тайскім боксе, як абараняцца ад пазногцяў сястры.

P. S. Трэба папрасіць яе наступны раз надзяваць пальчаткі — каб хоць крыху зраўняць шанцы.

* * *

Дзеці ўбачылі па тэлеку кабрыялет. Вера нахмурылася:

— Што гэта?

— Машына.

— А чаму без даху?

— Каб летам ездзіць.

Вера абурана:

— Гэта што, для зімы яшчэ адна патрэбна?!

Практычнасць — наш канёк.

* * *

— Тата, а «параход» так называецца таму, што ён на пораху працуе?

— Так.

— А «паравоз»?

— Таксама.

— Абалдзець.

Сам у шоку.

* * *

Малодшыя расказалі: абедалі сёння ў школе, на раздачы абедаў стаяла маладая дзяўчына-кухар. Калі дайшла іх чарга, кухар адкрыла каструлю, каб пакласці ім катлету. І тут раптам іншая жанчына, старэйшая, таксама, як я зразумеў, кухар, сказала ёй: «Закрой, гэта для настаўнікаў, для дзяцей у іншай каструлі».

І вось у дзяцей узнікае слушнае пытанне: якая розніца, з якой каструлі даваць дзецям катлеты?

Ну што я, як сапраўдны патрыёт Беларусі і школьнага харчавання ў прыватнасці, мог адказаць? Вядома, што катлеты для дзяцей нашмат больш смачныя, а настаўнікам пакідаюць тое, што дзеці не даелі ўчора.

(Толькі не кажыце мне, што я вучу дзяцей хлусіць. Я цалкам шчыра ў гэта веру.)

Гэта была рубрыка «ўсё найлепшае — дзецям».

* * *

Хачу купіць сабе дамоў сістэму электроннай чаргі. Бо ранкам, калі чацвёра дзяцей адначасова збіраюцца ў школу, трапіць у туалет практычна немагчыма (і гэта прытым, што ў нас іх два). А кошка наогул без чаргі пастаянна лезе.

А так выбраў на маніторы патрэбную табе аперацыю ("пагаліцца", "пачысціць зубы", "узяць расчоску" і гэтак далей), атрымаў талончык і спакойна займаешся сваімі хатнімі справамі. Потым чуеш строгі металічны голас: "Кліент нумар тры ў туалет нумар два", — і без усякай таўкатні і лаянкі праходзіш у туалет. Цудоўна!

P. S. Адзіная праблема — як навучыць кошку браць талончык?

Павел ХОЛАД

Выбар рэдакцыі

У свеце

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Да Кiтая ўвага ўсёй сусветнай супольнасцi прыкавана з розных прычын.

Грамадства

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Са сваёй жонкай аўтар папулярных песень знаёмы амаль паўстагоддзя.

Грамадства

Збiраемся ў школу. У жнiўнi адна з галоўных задач мам i татаў — «экiпiроўка» дзяцей да 1 верасня

Збiраемся ў школу. У жнiўнi адна з галоўных задач мам i татаў — «экiпiроўка» дзяцей да 1 верасня

Першае i галоўнае правiла — яшчэ дома вызначыцеся з тым, што вам трэба.