Вы тут

Крычаў выходзіць на міжнародны ўзровень


Беларускі горад Крычаў усё часцей становіцца цэнтрам увагі замежных інвестараў. Нядаўна тут быў рэалізаваны праект аўстрыйскага інвестара па вытворчасці драўняна-стружкавых пліт і створана 134 працоўныя месцы. У райцэнтры зарэгістраваны кітайскі праект ТАА «Інфэн», мэтай якога з'яўляецца вырошчванне грыбоў. А нядаўна ў Паднябеснай пабывала дэлегацыя з Крычава на чале са старшынёй райвыканкама Дзмітрыем Бачковым. У размове з ім мы даведаліся, якія яшчэ перспектыўныя праекты плануе рэалізаваць горад з гэтай дзяржавай, што робіцца для таго, каб прыцягнуць да прадпрымальніцкай дзейнасці мясцовае насельніцтва і што ў найбліжэйшым будучым будзе створана для развіцця бізнесу ў раёне.


— Дзмітрый Уладзіміравіч, раскажыце падрабязней пра ваш візіт у Кітай, наколькі прадукцыйнай аказалася паездка?

— У рамках візіту адбылася сустрэча з кіраўніцтвам павета Гуаньюнь правінцыі Цзянсу.
Паміж народным урадам гэтага павета і нашым райвыканкамам было падпісана рамачнае пагадненне па пашырэнні міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў сферы прадпрымальніцтва, адукацыі і турызму. Цэнтр развіцця прадпрымальніцтва ААТ «Крычаўскі рынак» будзе наладжваць стасункі з упраўленнем камерцыі павета Гуаньюнь, а сярэдняя школа № 8 абменьвацца вопытам са школай пры Нанкінскім педагагічным універсітэце. Крычаўскі раённы цэнтр турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі пачне супрацоўнічаць з упраўленнем па турызме павета Гуаньюнь у рамках абмену турыстычнымі групамі. Мы праінфармавалі кітайскіх калег аб інвестыцыйным патэнцыяле нашага раёна і прапанавалі рэалізаваць праекты кітайскіх інвестараў. Таксама наведалі кампанію «Інфэн», якая рэалізуе праект у нашым раёне. Старшыня праўлення ТАА «Інфэн» Пэн Жэньюн запэўніў, што кампанія і далей будзе інвеставаць у Крычаўскі раён.

— Летась у райцэнтры прайшоў форум ініцыятыўных людзей Крычаўшчыны. Раней праводзіўся марафон мясцовых ідэй «Крычаў — горад будучага». На тэрыторыі раёна рэалізоўваецца рэгіянальны праект «Крычаў — малы разумны горад. Развіваемся разам». Што гэта дало?

— Гэта дазволіла вылучыць людзей, якія здольны стаць рухавікамі развіцця нашага раёна. Галоўнай мэтай праекта «Крычаў — малы разумны горад. Развіваемся разам» з'яўляецца павышэнне ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва. У яго рамках запушчана адзіная дыспетчарская служба з кароткім нумарам 115. Усе сельскія амбулаторыі падключаныя да інтэрнэту і забяспечаны праграмай «Урач агульнай практыкі». Плануецца падключэнне да сістэмы «Электронны рэцэпт», прапрацоўваецца пытанне ўкаранення запісу на прыём да ўрачоў праз інтэрнэт. У перспектыве — укараненне электроннай чаргі ў паліклініках. Летась была ўведзена ў эксплуатацыю сярэдняя школа № 8, абсталяваная па апошнім слове тэхнікі. Усе камп'ютарныя класы маюць высакаскорасны доступ да інтэрнэту. У адукацыйным працэсе побач са звычайнымі падручнікамі навучэнцы выкарыстоўваюць мультымедыйныя навучальныя дапаможнікі і спецыялізаваныя базы даных. Новыя тэхналогіі ўкараняюцца ў экскурсійную дзейнасць. З мінулага года працуе афіцыйны сайт раённага музея, пастаянна распрацоўваюцца мультымедыйныя экскурсіі. Плануецца зрабіць яшчэ больш. Усё гэта паслужыць асновай для стварэння ў Крычаве цэнтра кампетэнцый па засваенні лічбавых тэхналогій і далейшага іх развіцця ў нашым рэгіёне. Летась удзел у форуме ініцыятыўных людзей прынялі дэпутаты, прадстаўнікі раённай улады, грамадскіх арганізацый, органаў самакіравання, рэлігійных суполак, індывідуальныя прадпрымальнікі і рамеснікі. У нас ёсць пэўныя дасягненні ў спорце. У раёне праводзіцца рэспубліканскі турнір па вольнай барацьбе памяці братоў Івановых, адным з арганізатараў якога выступае наш зямляк, які жыве ў Вялікабрытаніі. Ёсць у нас добрыя вынікі ў культурнай сферы, адукацыі. Юныя крычаўляне неаднаразова станавіліся пераможцамі інтэлектуальных турніраў, а нашы майстры адраджаюць традыцыі вырабу глінянай цацкі. Крычаў наогул можа стаць добрай пляцоўкай для адраджэння айчыннай аўтэнтыкі. У нас рэалізуюцца праекты, падтрыманыя Міжнародным фондам развіцця сельскіх тэрыторый, якія фінансуюцца па Праграме малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонду. Летась мы рэалізавалі міні-праекты «Па гістарычных мясцінах гарадзішча» і «Стараселле. New Lіfe». Зараз рэалізуецца праект «Палацава-паркавы ансамбль — тэрыторыя экатурызму і чыстай экалогіі». Летась былі намечаны планы, над якімі працавалі на працягу года. Хутка будзем падводзіць вынікі. Чарговы форум ініцыятыўных людзей адбудзецца ў нас 23 лістапада.

— Якая плануецца праграма форуму?

— Мы будзем разглядаць, як ідзе рэалізацыя мясцовых ініцыятыў у нашым раёне і пілотнага рэгіянальнага праекта «Крычаў — малы разумны горад. Развіваемся разам». Таксама адбудзецца прэзентацыя інвестыцыйнага патэнцыялу раёна і будзе разгледжана пытанне, як адбываецца садзейнічанне занятасці і самазанятасці насельніцтва ў раёне. Плануецца адкрыццё бізнес-інкубатара, што дасць магчымасць насельніцтву атрымліваць карысную інфармацыю для рэалізацыі сваіх ініцыятыў.

Пытанні задавала Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.