Вы тут

Я добра помню свой мацярык


Там сонца па зямлі хадзіла…

З бабышкаўскіх прыпамінак


Ніна Янсанэ ля бабышкаўскай жульвіцы. Жнівень 2007 г

Родавыя мае карані — з Віцебшчыны, паблізу Мёраў і Дрысы — цяперашняга Верхнядзвінска. Даўней уся зямля на бабышаўскіх хутарах нашых была не безаблічная — названая. Скажам, на Пяткевічавы стаўкі хадзілі паласкаць вытканае палатно: вада там была дужа чыстая. Пайсці ў Вераб’і? Зналі куды: перайсці рэчку Волту, абагнуць Стручкі й Прорвы, гаёк Букет — і набраць у пушчы арэхаў. А частка пушчы й называлася так: Гарохаўе.

Каля нашай хаты ішла Французкая дарога: ад Слабады, дзе за Дзвіной стаяла Дрыса, ад Дрысенскага лагера 1812 года — на Друю. Ля гэтай Французкай дарогі непадалёку ад сядзібы Косціка Адамовіча расла купа таполяў. Глянеш у кусты — і ўбачыш збуцвелы крыж. Ці не ў 1920-м, падчас руска-польскай вайны, забрыў сюды паранены салдат-расеец. Сканаў ваяка ў канаве. Пахавалі “бальшавіка” па-праваслаўнаму. Таму й хадзіла я ў школу “каля Бальшавіка”. Пыталіся: “Куды бацька пайшоў абкошваць канаву?” Чулі: “Да Бальшавіка!” 

Па ўкатанай дарозе можна ехаць з Мёраў праз Даўгінава, Кісьлякі, Латышы, Пуцінава ў Лявонпаль і далей на Слабаду. Наўпроць нашых Бабышак — поле. Яго акраец называўся Лядамі. А было даўным-даўно так. Наш сусед Стапан Ліннік купіў надзел, парослы густым лесам. Стаў карчаваць. Гібеў, пакуль не высвецілася чыстае поле, на якім ён і харом свой паставіў. Яшчэ ў 50?я гады на тых Лядах можна было пазнаць абрысы былой заможнай гаспадаркі.

Калі мама саліла гуркі (з ураджайных насёнаў, вымененых калісьці ў немца за сала), дзяцей адсылала ў Петракоў сад — насморгаць вішнёвага лісця для расолу. Петракоў сад стаяў на прыгожым узгорку над руччом. Гаспадарку ў глыбіні саду я заспела яшчэ паглядзець: дом, ток… Там жыў чалавек, якога звалі Петрачком, а яго жонку — Аўдоляй. Пасля іх смерці хата развалілася, а ток разабралі, калі ў нас у 1940-м пачыналіся калгасы. У садзе было многа яблынь, сліў, вішань. У 1943–44 гадах многія дрэвы далікатныя вымерзлі. Захаваўся вішняк у Петраковым садзе, які паслужыў і нам.

Пад ракою Волтай у Бабышках надзелы зямлі былі нарэзаны палосамі. Дзе жылі Грышка з Раманам (Панізьнікі) — была й бацькава паласа. Адна паласа называлася там: Ксяндзоў Луг. Надзел той належаў чалавеку з гумарам. Не помню, як яго звалі. Ён на вяселлях, хрэсьбінах выдумляў з сябе ксяндза. З пацешкамі, прыбабунькамі па-свойму браўся “вянчаць” маладых. Або ладзіў смешныя “ксціны”, ад чаго госці нападпітку рагаталі ад прыдуманай ім забавы. На адным з вяселляў, калі адзін з гасцей “набраўся” й заснуў, дык гэты дзядзька “паніхіду” па ім адслужыў. Вось і пайшла прызыўка — “Ксёндз”. Пазней гэты гаспадар сваю паласу прадаў Кісьляку Сяргею з Поплава над Дзвіной. А назва “Ксяндзоў Луг” так і засталася. “Куды гоніш статак пасьвіць?” — крычыць сусед суседу. Той адгукаецца: “На Ксяндзоў Луг!”. Усе ведаюць, дзе яшчэ атава не выскубаная.
Калі я наведала пазней свае “былыя” Бабышкі, пабачыла: дзе была наша хата – зарослы быльнягом стугур: так у нас называюць узлобак, узгорак, узвышша... Прытулілася да роднай жульвіцы (вярба, ракіта. Кажуць таксама: жалівіца. Слова літоўскага паходжання. — Рэд.), яна яшчэ харахорылася на былой мяжы з соткамі бабулькі Альжбеты. Воддаль відаць была хата даўняга суседа Белавуса Васіля (“Магіром” празывалі). Сцены абадраныя, а вывезці на дровы бярвенні з бабышкаўскай “ямы”, пэўна, было немагчыма. На месцы агародчыка мамінага з урадлівым чарназёмам праз іржавыя пласты гліны праступае аер. Даўно ў сцюбурах пустазелля і Французкая дарога. І не скажаш: “Дзе была ніўка, там пожанька стала”…

Бацькі мае жылі пры першых саветах, пры паляках, пры другіх саветах, пры немцах… Такі ў нас мелі заходне-беларускі чысьленнік (каляндар). Вайной наша бабуля Ганэта хавалася пад Мёрамі ў балоце “Мох”. Каб прагнаць яе сына-партызана з ягоным атрадам, карнікі пайшлі праз балота на гумовых лыжах. Бабуля сядзела ў твані й дыхала праз чарацінку — так і ўратавалася. А многіх нашых сваякоў, якія сядзелі на купінах, і выстаўленыя наперад іконы не ратавалі. Тое ўрочышча пад назвай Гулякі запомнілася бабулі ад вокрыку суседкі: “Загарэліся Гулякі ззаду, спераду, з бакоў…” 

Мацярык наш цікавы. Родзічы жылі на хутары Латышкі, я хадзіла ў школу ў вёску Латышы. А й пры немцах вучылі нас там па-беларуску. Знала на памяць усю паэму Якуба Коласа “Новая зямля”. І цяпер магу ўспомніць урыўкі. Пазней вучылася ў мястэчку Лявонпаль. Ад млына Пяткевіча ў Смульках міналі бор, за якім пачыналася Пажарка. Чаму такая назва? Бо канец мястэчка спалілі яшчэ шведы. Людзі запомнілі няшчасце.

У Лявонпалі ж любілі хадзіць на Міколкаву гару, дзе калісьці былы гаспадар Лявонпаля трымаў звярынец. Праз былую аранжарэю графа Лапацінскага траплялі на прыбераг Дзвіны — Заборку, Паплавы. Калісь славутае мястэчка шырылася ад Пажаркі да ручая Каменка пад Грудзінавам. Там і па сёння стаіць славуты помнік — гэта Калона ў гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 года. (Тую Канстытуцыю называюць яшчэ: Ustawa rzadowa. Гэта быў асноўны закон Рэчы Паспалітай, прыняты Чатырохгадовым соймам 1788–91 гадоў у Варшаве. Яна абвясціла суверэннасць Рэчы Паспалітай як унітарнай дзяржавы, ліквідавала падзел на Карону й Вялікае Княства Літоўскае. Адначасова кароль захаваў тытул Вялікага князя Літоўскага. У ВКЛ засталося асобнае судаводства, свой скарб, прадугледжвалася роўнае прадстаўніцтва ў сойме й ягоных камісіях. Месцам правядзення соймаў вызначана Варшава, але яны маглі адбывацца раз на 3 гады ў Гародні. Канстытуцыя складалася з 11 артыкулаў. Першы тычыўся рэлігіі, тры наступныя вызначалі стан шляхецтва, мяшчанства й сялянства, астатнія — месца і ўзаемнае размежаванне заканадаўчай, выканаўчай і судовай улад. Згодна з Канстытуцыяй 3 мая адмяняліся “ліберум вета”, выбары караля шляхтай і абавязковасць соймікавых “інструкцый” для паслоў, уводзілася спадчынная манархія, у якой выканаўчая ўлада перадавалася каралю і ўраду, падпарадкаванаму сойму. Канстытуцыя 3 мая абвясціла таксама, што бярэ сялянства “пад апякунства ўрада”, даючы надзею на паляпшэнне ягонай долі. — Рэд.) Праўда, у школе не давалі нам веды па гісторыі роднага берага. Але пазней дазналася, што калісьці на месцы Лявонпаля стаялі Лількі. 450 гадоў назад была пазначана ў нейкіх дакументах новая назва: Чурылавічы. 215 гадоў таму ўзнікла найменне Лявонпаль: хто называў яго Леванполем, хто — Люмполем…

І мой род мае даўнюю гісторыю. Бацька — Сцяпан Панізьнік, мама ў дзявоцтве — Нюра Сялюн, а яе мама Ганэта ў дзявоцтве — Падабыцька. Былі ў маім родзе й таемныя Танайны. Да сваячкі Домны Танайны мы хадзілі ў Дварчане. Міналі Прудзінкі. Цікава, што сама вёска мела прызыўку — Гіня (“г” у слове ўзрыўное). Бо там калісьці стаяла карчма. “Куды палез, у карчму? То й загінеш там…” — асцярожвалі людзі няўстойлівага суседа. Адсюль і Гіня.

Бабышкі мае засталіся ў памяці велічальнымі Велікоднымі песнямі, “Алялюем”, Калядкамі… А таксама жывымі прыбабунькамі, павучаннямі, вясёлашчамі. Памятаю з таго часу: “Хто мяняіць — па тым хамут гуляіць” (у беларусаў яшчэ ёсць варыянты гэтай прымаўкі: “Хто мяняе, у таго хамут гуляе” і “Хто часта коні мяняе, у таго хамут гуляе. — Рэд.), “З галавой не дагаварыўся, то й да ног ня сунься”, “Якое дрэва, такі й клін; які бацька, такі й сын”…

Помніцца мне ўсё такое гучальнае наваколле з вёскамі Брыжалюбкі, Брэдзева, Буралом, Дарожкі, Званкі, Карандышы, Кульвока, Мальцы, Панізьнікі, Пятрэлева, Сташулі, Тараракі… Прычым усе словы былі ў мяккім маўленні, з неперакручанымі азначэннямі. У Міхасінках, расказвалі, калісьці мужыкі скінулі ў рэчку Волту 15 забіякаў-французаў. Так ім было й нада! А сястрыцай Волты лічу і Влтаву ў Чэхіі, ды й раку Олт у Румыніі… Мае продкі збіраліся да Волты з рознага свету, а потым адтуль — ужо нас — параскідаў лёс па розных прагалах. З 1951 года я жыву ў Латвіі. Калі ў 1998-м надавалі мне латвійскае грамадзянства й трэба было прамаўляць прысягу дзяржаве, я з тае нагоды папрасіла прабачэння ў Беларусі: бо я ж па-ранейшаму дачка сваёй Бацькаўшчыны, свайго Радаводнага Мацерыка. То й сягоння застаюся ягонай крэўнай.

Ніна Янсанэ, г. Рыга 

Ад рэдакцыі. Цікавыя радзімазнаўчыя нататкі сястры, Ніны Янсанэ з дому Панізьнікаў, даслаў нам даўні сябар газеты паэт і краязнаўца Сяргей Панізьнік. Нарадзілася ж Ніна Сцяпанаўна 21 лістапада 1933 года у вёсцы Бабышкі — цяпер Мёрскі раён Віцебшчыны. Яна дасканала валодае латышскаю мовай ды шмат спрыяе беларуска-латышскаму сяброўству. Яе пераклады з мовы братняга народа публікаваліся ў штогодніку “Ветразь”, часопісе “Вожык”, у газетах “Набат”, “Наша слова”, у кнізе “Ян Райніс” (у серыі “Скарбы сусветнай літаратуры”), дзе яна і аўтар падрадковых перакладаў, а таксама ў кнізе “Крывіцкія руны: Беларускія пісьменнікі Латвіі”.
Біяграфічную нататку пра Ніну Янсанэ можна знасці ў энцыклапедычных даведніках “Хто ёсць хто сярод беларусаў свету” і “Сузор’е беларускага памежжа”. Даведка пра яе, паведамляе брат, і верш Ніны Янсанэ “Зорная пошта” на сайце Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”. Дадае: “Сястра Ніна дапамагае мне ў запісах народных песень, лексічных скарбаў з нашага Прыдзвінскага мацерыка. У многіх маіх паэтычных зборніках ёсць вершы, прысвечаныя ёй”. Сярод іх і такі: “Сястра, зажурынка мая!/ І мне ты кладачкі масціла./ Вясной пакормім салаўя,/ Каб сонца па зямлі хадзіла./ Са сцежак тчэцца радавод. Радню зара падмаладзіла. Каб разам быць — глядзі на ўсход,/ Дзе з сонцам па зямлі хадзіла”.

Сваякі і родзічы Панізьнікаў на ганку ў Бабышках. 1950 г.

Шмат цікавага даведаліся чытачы пра Ніну Янсанэ і з публікацыі Сяргея Панізьніка “Паклон Табе, мая сястрыца! Хоць ураджэнка беларускай вёскі Бабышкі Ніна Янсанэ мае латышскае грамадзянства й надзел зямлі на Рыжскім узмор’і, аднак сэрцам яна застаецца з Беларуссю” (ГР, 5.11.2015). У прыватнасці, пра плённую супрацу Ніны Сцяпанаўны з Мірдзай Абала, доктарам філалогіі: актыўным кансультантам знанай вучонай беларуска была й тады, калі тая пачала працаваць над стварэннем “Беларуска-латышскага, латышска-беларускага слоўніка”. Слоўнік той падарыла ў рэдакцыю старшыня Саюза беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова, ён пабачыў свет у 2010-м у тым ліку й дзякуючы намаганням СБЛ.

Фота Сяргея ПАНІЗЬНІКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.