Вы тут

Прэзідэнт Егіпта мае намер наведаць Беларусь у першай палове 2019 года


Аб гэтым стала вядома падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Арабскай Рэспублікі Егіпет Алі Абдэлем Аль Сайедам.


«Вельмі важны ваш візіт, добра, што вы бліжэй пазнаёміцеся з краінай, звычаямі, нашымі магчымасцямі», — сказаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што наша краіна надае вельмі вялікую ўвагу супрацоўніцтву паміж Беларуссю і Егіптам у кантэксце міжнародных адносін.

Паводле яго слоў, Беларусь вельмі высока цэніць ролю, якую адыгрывае Егіпет на Усходзе, у стабілізацыі абстаноўкі ў гэтым неспакойным рэгіёне і ва ўрэгуляванні адносін паміж Ізраілем і Палестынай.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў апошні візіт, які быў здзейснены беларускай дэлегацыяй у Егіпет, бакам удалося пра многае дамовіцца. Сёння ёсць план дзеянняў, як прынята казаць, дарожная карта развіцця адносін. «Я хачу вас, спадар старшыня, запэўніць, што мы поўныя рашучасці прытрымлівацца гэтай дарожнай карты», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка папрасіў перадаць самыя добрыя словы прэзідэнту Егіпта і адзначыў, што ў Беларусі гатовы прыняць яго ў любы зручны час, каб ён мог бліжэй пазнаёміцца з нашымі магчымасцямі, каб бакі маглі больш прадметна выбудоўваць адносіны.

Прэзідэнт падкрэсліў, што вельмі важнае значэнне надаецца супрацоўніцтву нашых парламентаў. «Будзем заўсёды рады вітаць прадстаўнікоў парламента Егіпта ў Беларусі», — адзначыў ён.

У адказ Алі Абдэль Аль Сайед перадаў Прэзідэнту "сардэчнае прывітанне вашага брата, спадара аль—Сісі". Прэзідэнт Егіпта Абдэль Фаттах аль—Сісі мае намер наведаць Беларусь у першай палове наступнага года. Акрамя таго, старшыня Палаты прадстаўнікоў Егіпта выказаў падзяку Беларусі за пастаянную падтрымку ўсіх ініцыятыў яго краіны на міжнародных пляцоўках. Ён нагадаў, што і Егіпет таксама пастаянна аказвае падтрымку ўсім беларускім ініцыятывам.

Дарэчы, візіт старшыні Палаты прадстаўнікоў Егіпта ў Беларусь з'яўляецца першым у гісторыі міжпарламенцкіх кантактаў паміж дзвюма дзяржавамі.

З улікам зацікаўленасці краін у пашырэнні гандлёва-эканамічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва для парламенцкай дэлегацыі падрыхтаваныя наведванні ААТ "БелАЗ" — кіруючая кампанія холдынгу "БЕЛАЗ-Холдынг", навукова-тэхнічнага цэнтра "ЛЭМТ" БелОМА, навукова-вытворчага цэнтра шматфункцыянальных беспілотных комплексаў НАН Беларусі, Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

Акрамя таго, плануецца, што Алі Абдэль Аль Сайед выступіць з лекцыяй перад прафесарска-выкладчыцкім складам і студэнтамі БДУ. Культурная частка праграмы ўключае наведванне Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, палацава-паркавага ансамбля Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж" і прагляд балета ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета.

* * *

З Алі Абдэлем Аль Саедам таксама сустрэліся старшыні палат беларускага парламента. Разам яны падпісалі пагадненні аб міжпарламенцкім супрацоўніцтве.

На думку Уладзіміра Андрэйчанкі, старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, падпісанне гэтага дакумента «зробіць наша ўзаемадзеянне больш дынамічным, сістэмным, мы зможам суправаджаць асобныя праекты, якія будуць рэалізоўвацца паміж нашымі краінамі». «Дзякуючы сумесным намаганням і актыўным кантактам нашых бізнес-суполак ужо сёлета ў лютым у Егіпце была створана зборачная вытворчасць аўтамабіляў МАЗ, таксама паступае на егіпецкі рынак наша дарожная і будаўнічая тэхніка», — нагадаў Уладзімір Андрэйчанка. Акрамя таго, існуе супрацоўніцтва з «Бабруйскаграмашам». У Беларусі таксама зарэгістраваны шэраг прадпрыемстваў з егіпецкім капіталам.

Разам з тым, па меркаванні старшыні Палаты прадстаўнікоў, існуе вельмі шмат магчымасцяў для нарошчвання ўзаемадзеяння, бо сённяшняе супрацоўніцтва не адпавядае патэнцыялу абедзвюх дзяржаў. Напрыклад, Егіпет зараз развівае гарнарудную галіну, ідзе здабыча карысных выкапняў, беларускі бок можа тут прапанаваць цікавыя праекты, у тым ліку самазвалы, кар'ерную тэхніку. Таксама Уладзімір Андрэйчанка падкрэсліў, што наша краіна гатова стварыць зборачную вытворчасць «БелАЗа» на тэрыторыі Егіпта, арганізаваць навучанне спецыялістаў і сэрвіс гэтай тэхнікі. Акрамя таго, ён звярнуў увагу на тое, што Мінскі маторны завод ужо вядзе перагаворы па арганізацыі зборачнай вытворчасці рухавікоў на тэрыторыі Егіпта.

Міхаіл Мясніковіч, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, звярнуў увагу на тое, што беларуска-егіпецкія міжпарламенцкія кантакты становяцца традыцыйнымі. «Міжпарламенцкі дыялог павінен быць больш актыўным, і нядрэнным інструментам для гэтага з'яўляюцца два кірункі: рэгіянальнае супрацоўніцтва і пытанні, звязаныя з работай міжпарламенцкіх груп дружбы. На жаль, нам асабліва ў актыў няма чаго па гэтым пытанні залічыць», — прызнаў Міхаіл Мясніковіч і прапанаваў абмеркаваць актывізацыю дзейнасці груп дружбы і ўзмацненне сувязяў паміж рэгіёнамі.

Акрамя таго, сенатар акрэсліў яшчэ некалькі пытанняў. У Беларусі навучаецца больш за 10 тысяч замежных грамадзян у ВНУ, а з Егіпта — не больш за 20. Гэта вельмі мала. Міхаіл Мясніковіч прапанаваў абмеркаваць, як магчыма палепшыць двухбаковыя навуковыя і адукацыйныя працэсы. Яшчэ адзін аспект — супрацоўніцтва ў ЕАЭС. «Мы бачым добрыя перспектывы развіцця беларуска-егіпецкіх адносін у выпадку, калі будзе дастаткова актыўны рух па падрыхтоўцы пагаднення аб зоне свабоднага гандлю паміж Егіптам і Еўразійскім эканамічным саюзам, дзе Беларусь адыгрывае ключавую ролю», — падкрэсліў старшыня Савета Рэспублікі і дадаў, што наш бок падтрымлівае падрыхтоўку гэтага пагаднення.

Даведка

  • У студзені-верасні 2018 года на егіпецкі рынак пастаўлены металапрадукцыя, полікарбонавыя кіслоты, трактары, грузавыя аўтамабілі, калійныя ўгнаенні, піламатэрыялы, шыны, запчасткі, малочная прадукцыя. Беларусь імпартуе з Егіпта цытрусавыя плады, свежыя гародніну і садавіну, чай, прадукцыю лёгкай прамысловасці.
  • Узгоднена Комплексная праграма па развіцці супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Егіптам на 2018-2019 гады.
  • У 2016 годзе адкрыта прадстаўніцтва ААТ "МАЗ", зарэгістраваны гандлёвы дом ААТ "МАЗ". У лютым 2018 года адкрыта зборачная вытворчасць кампаніі на базе аднаго з прадпрыемстваў Міністэрства ваеннай прамысловасці Егіпта.
  • Упершыню выведзена на егіпецкі рынак прадукцыя ААТ "Амкадор", "Гомсельмаш" і "Бабруйскаграмаш".
  • Прапрацоўваюцца пытанні стварэння ў Егіпце зборачных вытворчасцей камбайнаў ААТ "Гомсельмаш", сельгастэхнікі ААТ "Бабруйскаграмаш", рухавікоў Мінскага маторнага завода, кампрэсараў ЗАТ "Атлант", электробусаў ААТ "Белкамунмаш".
  • У Беларусі зарэгістраваныя чатыры прадпрыемствы з 100-працэнтным егіпецкім капіталам і два сумесныя беларуска-егіпецкіх прадпрыемства.
  • Перспектыўным з'яўляецца ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва. Вядзецца падрыхтоўка падведамных ДВПК прадпрыемстваў да ўдзелу ў выставе ўзбраення і ваеннай тэхнікі "Иджыпт дыфенс экспа", якая адбудзецца ў Каіры 3-5 снежня бягучага года.
  • Падпісана пагадненне аб стварэнні беларуска-егіпецкага цэнтра па супрацоўніцтве ў галіне навуковай і інавацыйнай дзейнасці паміж БНТУ і Табінскім інстытутам металургічных даследаванняў. Дзейнічае сумесны інжынерны факультэт БНТУ і Табінскага інстытута. На базе БНТУ створаны беларуска-егіпецкі кансалтынгавы цэнтр у галіне адукацыі і гандлю. Аналагічны цэнтр адкрыты ў Егіпце ў 2017 годзе.
  • Развіваюцца адносіны і ў галіне турызму. У 2017 годзе Егіпет наведалі больш за 123 тысячы беларускіх турыстаў.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ, Надзея АНІСОВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.