Вы тут

Дух спаборніцтва — не лішні


Юныя мастакі з мінскай Дзіцячай мастацкай школы №1 імя Віталя Цвіркі, якая святкуе сёлета 60-я ўгодкі, не аднойчы займалі прызавыя месцы ў міжнародных конкурсах.


Андрэй Адамчык. Стары аўтамабіль.

Гэтая школа, што па вуліцы Валадарскага, 21, непадалёк ад Нацыянальнага гістарычнага музея, — сапраўды першая сярод падобных устаноў мастацкага профілю ў Мінску, і доўгі час была ўвогуле адзінаю. Пачалі ў ёй навучаць юных мастакоў яшчэ ў 1958-м. Пра тое мне расказвае дырэктар Андрэй Адамчык, ён жа й мастак, вядомы і ў краінах Заходняй Еўропы: ягоныя творы ёсць у зборах тамтэйшых калекцыянераў. Яго карціны “Венецыя”, “Танец у Парыжы”, “Горад каля мора”, “Стары аўтамабіль”, пісалі мастацтвазнаўцы, выкананы ў стылі нетрадыцыйным, новым для сучаснага мастацтва. Так што мой суразмоўца яшчэ й педагог, які шчодра дзеліцца з вучнямі сваім досведам у жывапісе й кампазіцыі. Зрэшты, для яго, як дырэктара й педагога, найважнае — каб дзецям падабалася займацца маляваннем.

Школа, якой кіруе Андрэй Адамчык, адметная: сюды юныя мастакі прыходзяць пасля заняткаў у школах агульнаадукацыйных. А значыць — нярэдка прытомленыя, перагружаныя інфармацыяй. Ды лепшы адпачынак, як вядома, — перамена дзейнасці. Пры тым педагогу важна ўмець вучняў разняволіць, “перамясціць” у свет мастацтва. На думку дырэктара, кожны з нас ад нараджэння мае пэўныя таленты. Але як іх адшукаць? У кагосьці ўсё атрымліваецца з ходу, некаму ж, каб атрымаць добрыя вынікі, трэба вельмі пастарацца. І час патрэбен. Таму цяга дзяцей да творчасці, да прыгажосці тут усяляк заахвочваецца. “Нам хочацца, каб выхаванцы імкнуліся да прыгожага — не да “прыгожанькага”, — удакладняе Андрэй Адамчык. — Патрохі фарміруем тое, што называецца мастацкім густам, адводзім ад кічу, мас-культуры, якой шмат вакол нас. Бывае, і забараняем перамалёўваць яркія карцінкі ці мульцяшных герояў з розных інтэрнэт-рэсурсаў. Чаму? Бо таму, хто жадае нешта спасцігнуць у жывапісе, варта павучыцца й свет успрымаць па-свойму, не па чужых шаблонах, і тое, што бачыш, па-свойму выяўляць — вось гэта й будзе сапраўдная творчасць”.

На пленэры ў польскім Влацлавеку

Яшчэ адна тонкая мяжа на шляху ў мастацтва: уменне бачыць, разумець розніцу паміж шаблонам і традыцыяй. А ў “Школе Цвіркі” высокая і якасць выкладання, і мастацкі ўзровень тых карцін, якія малююць вучні. Хоць і “свой почырк” тут педагогі падштурхоўваюць — кожнага! — шукаць, аднак і традыцыі акадэмічнага рэалістычнага малюнка імкнуцца захаваць, і дамагчыся таго, каб дзіцячыя мастацкія ўвасабленні былі максімальна прыбліжанымі да рэчаіснасці. Графіка, жывапіс, кампазіцыя, гісторыя выяўленчага мастацтва — вось асноўныя прадметы, якія асвойваюць дзеці на працягу пяці гадоў навучання. Напрыканцы апошняга класа яны робяць эскізы, замалёўкі, шукаюць каляровае вырашэнне сваёй першай дыпломнай працы... Вялікая карціна ў раме й пад шклом — так выглядае дыпломная праца выпускніка, якую ён абараняе перад камісіяй прафесійных мастакоў. У такі момант юны творца, пэўна, як ніколі раней усведамляе: ну, нарэшце я стварыў штосьці такое...

Аднак як жа важна ў мастацтве (ды й не толькі...) быць самакрытычным! Бывае, згадвае школьныя гісторыі Андрэй Адамчык, юны мастак трошкі заганарыўся: маўляў, лепш за ўсіх малюе ў класе. А на выставе ці конкурсе заўважае, што побач з яго карцінай — зусім не горшая, мо нават лепшая. “Калі побач хтосьці мацнейшы ў нейкіх прафесійных момантах за цябе, то, вядома ж, хочацца старацца, дацягнуцца да яго, — акрэслівае важны этап мастакоўскага шляху суразмоўца. — Тым і каштоўная школа! У творчым асяродку ёсць больш стымулаў, каб развіваць здольнасці, шукаць новыя спосабы самавыяўлення і расці. Дух спаборніцтва ніколі не лішні ў мастацтве, як у любой іншай прафесіі”.

Улада Аляксандрава — вучаніца Андрэя Адамчыка

Вядома ж, у жывапісе важны вынік, а не толькі працэс. Таму й да конкурсаў, самых розных, тут ставяцца з цікавасцю: перамогі — заўважаюць, пераможцаў —ушаноўваюць.Толькі сёлета вучні “Школы Цвіркі” занялі прызавыя месцы на І Мінскім гарадскім адкрытым конкурсе выяўленчага мастацтва, V Міжнародным конкурсе-выставе дзіцячага выяўленчага мастацтва “Вальс кветак”, ІІ Міжнародным фестывалі-конкурсе дзіцячай-моладзевай творчасці “Асамблея мастацтваў “Кубак Беларусі па мастацкай творчасці”. Былі яны таксама сярод лаўрэатаў і на Міжнародным конкурсе і выстаўцы пленэрных прац “Земли родной очарованье” ў Маскве, ХХ Міжнародным конкурсе дзіцячай творчасці “Экалогія душы” ў Калінінградзе, Міжнародным конкурсе-пленэры юных мастакоў імя Міхаіла Сеўрука ў Нясвіжы... І ўжо неаднаразова юныя мастакі з Мінска перамагалі на Міжнародным конкурсе дзіцячай творчасці “Гранд Фестываль” у горадзе Пезара (Італія). А летась адразу чатыры вучні Мастацкай школы №1 сталі лаўрэатамі Спецфонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі. Гэта Валерыя Праслава, Апанас Отчык, Кацярына Алясюк ды Ілья Мурашка, якія займалі першыя месцы на рэспубліканскіх мастацкіх конкурсах.

Важна, што пад час навучання ў школе юныя мастакі маюць магчымасць пазнаёміцца з замежнымі сваімі равеснікамі ды нечаму і ў іх павучыцца. Вельмі добрыя стасункі ў школы сёння з польскай мастацкай школай у Влацлавеку. Мінчане былі й на Міжнародным пленэры ў Казімеж-Дольным. Могуць дасылаць яны свае працы й на міжнародныя бінарыі, якія праводзяцца польскім бокам адзін раз на два гады. А “Школа Цвіркі” са свайго боку дапамагае ладзіць выставы польскіх вучняў у Беларусі. Адна з іх прайшла ў Нацыянальным гістарычным музеі. Цяпер у Мінску чакаюць яшчэ адну выставу з Польшчы, прысвечаную знакамітаму мастаку-пейзажысту Фердынанду Рушчыцу. Такія стасункі з замежнымі калегамі, упэўнены Андрэй Адамчык, пашыраюць творчыя магчымасці юных мастакоў. Бо ў кожнай школе — сваё стаўленне да мастацтва, жывапісу. І дзецям вельмі цікава даведацца: як яно там, у іншых?

Дырэктар Андрэй Адамчык

Напрыканцы размовы згадваем выхаванцаў школы, што заявілі пра сябе як мастакі: Раман Заслонаў, Ігар Лыскавец, Юры Гарох, Дзіма Бікашоў, Сяргей Корхаў, Андрэй Мінін... І гэта няпоўны пералік. Многія творцы з цеплынёй, удзячнасцю згадваюць Уладзіміра Аляксандравіча Ткачэнку, першага настаўніка. “Наогул, нам, тады дзецям, здавалася, што ў дзіцячай мастацкай школе выкладчыкі — зусім іншыя, чым у агульнаадукацыйнай, — Андрэй Адамчык таксама з ліку яе выхаванцаў. — Гэта была іншая каста, нібы людзі з іншай планеты. Яны ніколі нас не прымушалі нешта рабіць па-свойму, а пад час заняткаў маглі разважаць пра жыццё, прыводзіць цікавыя прыклады з уласнага досведу. І цяпер я памятаю тую творчую, сяброўскую атмасферу. Доўгія гады гэтыя ўспаміны  пра мае дзяцінства былі найлепшыя”.

І былыя вучні школы, і былыя настаўнікі збяруцца ў лістападзе на юбілейную выставу: яна пройдзе ў Гарадской мастацкай галерэі імя Леаніда Шчамялёва.

Ганна Лагун

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».