Вы тут

Сын-Герой Анастасіі Купрыянавай


У Скрундскім краі Латвіі — на ваенных брацкіх могілках ля хутара Ліекні, дзе пахаваны беларус, Герой Савецкага Саюза Пётр Купрыянаў, — ушанавалі яго памяць


Удзельнікі цырымоніі ўскладаюць кветкі да помніка Герою

Многія ведаюць пра знакаміты помнік “Маці-патрыётка” ў беларускім Жодзіне: яго бачыць кожны, хто праязджае праз горад. У тае жанчыны, што стаіць пры дарозе й праводзіць удалеч сыноў, былі рэальныя прататыпы: пяцёра сыноў Анастасіі Фамінічны Купрыянавай, мясцовай жыхаркі, у гады Вялікай Айчыннай вайны пайшлі на фронт. І не вярнуліся. Усяго ж яна ўзгадавала сямёра дзяцей. Шасціфігурная скульптурная кампазіцыя ў бронзе ў памяць пра маці-пакутніцу й яе дзяцей-герояў была узведзена ў 1975 годзе. Прычым стаіць яна пры шашы Мінск — Масква таксама сімвалічна: па той дарозе беларусы ішлі на фронт, па тым шляху прыйшло й Вызваленне ў 1944-м.

Кажуць, Пётр, малодшы сын Анастасіі Фамінічны — найбліжэй да яе ў кампазіцыі, якраз ён аглянуўся. Што нам вядома пра яго? Пётр Іванавіч Купрыянаў нарадзіўся ў 1926 годзе ў Жодзіне, і яшчэ падлеткам з мая 43-га па ліпень 44-га быў сувязным, затым — кулямётчык партызанскай брыгады “Разгром”. Займаўся й разведкай, падрыўной справай, удзельнічаў у разгромах нямецкіх гарнізонаў. У ліпені 1944-га, калі Чырвоная армія выгнала фашыстаў з Беларусі, Пётр удзельнічаў у партызанскім парадзе 16 ліпеня. Потым пайшоў на фронт. А 2 лістапада 1944-га ў баях па ліквідацыі акружанай фашысцкай групоўкі ў Прыбалтыцы юнак па-геройску загінуў за пасёлак Нікраце: закрыў грудзьмі амбразуру варожага дзота, каб уратаваць таварышаў ад варожых куль. Праз некаторы час малодшы сын Анастасіі Купрыянавай атрымаў званне Героя Савецкага Саюза пасмяротна.

Выступае Васіль Марковіч

У пятніцу, 3 лістапада, Амбасадар Беларусі ў Латвіі Васіль Марковіч з прадстаўнікамі Ліепайскай беларускай суполкі “Мара”, прадстаўнікамі Амбасады Расіі ў Латвіі, дэпутат Ліепайскай гарадской думы Гірт Кронбергс і старшыня Скрундскага самакіравання Ларэта Рабежніецэ, на вайсковых брацкіх могілках ля хутара Ліекні Нікрацкай воласці Скрундскага краю ўшанавалі памяць Героя Савецкага Саюза, яфрэйтара Пятра Купрыянава. Пад час цырымоніі Васіль Марковіч падзякаваў усім за ўдзел ва ўшанаванні памяці Героя, выказаў надзею, што такая дзея будзе цяпер праходзіць штогод, прычым надалей — з удзелам землякоў Героя. Васіль Марковіч адзначыў, што брацкія могілкі, на якіх пахаваны наш зямляк, у добрым стане — як самі помнікі, так і мемарыяльныя сцены, памятныя пліты.

Амбасадар нагадаў: памяць Пятра Купрыянава ўшаноўваюць у многіх гарадах Беларусі. У Слуцку, напрыклад, усталяваны бюст Героя, у Жодзіне ёсць мемарыял “Маці-патрыётка”. Жыццю ды подзвігу беларуса прысвечаны дакументальны фільм “Пётр Купрыянаў”. Школа ў Жодзіне, вуліцы ў Мінску, Слуцку, Смалявічах, Полацку, Жодзіне, Вілейцы носяць яго імя.

Манумент “Маці-патрыётка” ў Жодзіне

Падзяку ўдзельнікам цырымоніі выказала старшыня Скрундскага самакіравання Ларэта Рабежніецэ: “Дзякуй, што вы сёння з намі, што шануеце памяць свайго земляка. Для нас памяць пра яго — юнака, які быў і на нашай зямлі, таксама важная. Хачу яшчэ падзякаваць за тое, што мы можам з Латвіі прыязджаць на беларускую зямлю. Нам ёсць чаму ў вас павучыцца, і мне прыемна, што мы можам супрацоўнічаць”.

Каля памятнай пліты ў гонар подзвігу Героя Савецкага Саюза яфрэйтара Пятра Купрыянава былі ўскладзены кветкі, яго памяць ушанавалі Мінутай маўчання.

Анжэла Фаміна, г Ліепая

Фота: Анжэла Фаміна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».