Вы тут

Перажыць зіму жыхары Гродзенскага раёна могуць у доме з усімі выгодамі


Роўна год таму для адзінокіх пенсіянераў выдзелілі кватэру ў горадзе Скідзелі. У двух пакоях могуць пражываць чатыры чалавекі. Летась такой магчымасцю скарысталіся тры жанчыны. У найбліжэйшы час у дом сумеснага пражывання пераедуць дзве пенсіянеркі з Гродзенскага раёна.


Брыкет не выпісвала

Святлану Віктараўну з невялічкай вёскі Ракіце ўдалося застаць яшчэ дома, якраз напярэдадні пераезду. Яна ўжо сабрала неабходныя, на яе думку, рэчы. Багаж аказаўся не такі і малы — заняў добрую частку пакоя. Тут і пасцельная бялізна, і посуд, і адзенне...

Святлана Віктараўна аказалася ветлівай жанчынай. Сустрэўшы на парозе, адразу зрабіла экскурсію па доме. Больш за ўсё ўразіла печ, бо цягнулася, нібы сцяна, ад аднаго да другога пакоя. Паліць у гэтай печы — справа нялёгкая, асабліва для чалавека, якому за 80. Святлана Віктараўна паказвае на мяшок дроў, які яна прынесла зранку.

— Звычайна дровы прыносіць мая памочніца Галіна, яна ў нас сацыяльны работнік, — расказвае жанчына, — я таксама паціху нашу. Запас... З мінулага года. Сёлета не выпісвала ні дроў, ні брыкету, думаю, што абыдуся без паліва. У новай кватэры і так цёпла.

Усё, што трэба для камфорту

Ацаніць усе выгоды гарадскога жыцця жыхарка вёскі змагла яшчэ летась. Тады яна ў ліку некалькіх навасёлаў трапіла ў дом самастойнага сумеснага пражывання ў Скідзелі. Па сутнасці, гэта асобная кватэра ў жылым доме плошчай 53 «квадраты». У мінулым годзе яе перадалі на баланс раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Як паведаміла загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі дома Валянціна Каскевіч, за бюджэтныя сродкі зрабілі рамонт пакояў, газавага абсталявання, электраправодкі, устанавілі пажарныя апавяшчальнікі, купілі ўсю неабходную мэблю і бытавыя прыборы, у тым ліку халадзільнік і тэлевізар.

— Для сумеснага пражывання можна выкарыстоўваць любое памяшканне, нават чыйсьці дом, — кажа Валянціна Каскевіч. — Але мы пайшлі на тое, каб для гэтых мэт прапанаваць добраўпарадкаваную кватэру, дзе ёсць цэнтральнае ацяпленне, з крана цячэ гарачая вада, недалёка знаходзіцца гандлёвы цэнтр. За жыхарамі такой кватэры абавязкова замацаваны сацыяльны работнік.

— Там вельмі добра, кватэра вялікая, вокны вялікія, светла, цёпла, усё на месцы, хочаш — купайся хоць кожны дзень, а тут толькі па-даўнейшаму — у балеі. А ў яе трэба яшчэ і вады нанасіць. Добра, што сацыяльны работнік дапамагае.

Каб пазбегнуць дэпрэсіі

Дом, у якім зараз пражывае Святлана Віктараўна, ёй выдзеліла мясцовая сельская гаспадарка, дзе зараз працуе сын. За невялікі кошт жыллё дазволілі выкупіць, кажа жанчына. Яна збіраецца зрабіць гэта вясной. Думае і пра рамонт, бо дом даволі стары, у некаторых месцах прасела столь. Жыве ў ім пенсіянерка каля 30 гадоў.

Святлана Віктараўна паказвае свой фотаздымак тае пары і яшчэ сямейнае фота з мужам адразу пасля вяселля. Абое маладыя, прыгожыя, яна — руская, ён — грузін, ваенны. Паехала за ім ажно на Далёкі Усход. Але сумеснае жыццё не склалася, і яна вярнулася назад. Што здарылася з ім далей — так і не ведае, як і пра лёс стрыечных братоў і сёстраў. Затое знаходзіць падтрымку ў сваіх аднавяскоўцаў, мясцовых улад, сацыяльных службаў. Яшчэ і сама калі-нікалі выязджае па прадукты ў суседнюю вёску. Але часцей карыстаецца аўтакрамай, якая заходзіць сюды тры разы на тыдзень. Вёска, хоць і малая, але не апусцела, амаль усе дамы дагледжаны.

Жанчына таксама раней трымала гаспадарку, але зараз ужо не здужае. Каб заняць сябе, шмат чытае, глядзіць тэлевізар, з ёй цікава пагаварыць. Нечакана агучыла і праблему пажылых людзей, якую не вельмі ахвотна прызнаюць пенсіянеры, асабліва вясковыя жыхары.

— Мяне ўвосень мучыць дэпрэсія, няма жадання кагосьці бачыць, чуць, апетыт прападае і жаданне нешта рабіць, рухацца, — прызнаецца жанчына. — А як паехала на зімовую кватэру, адразу другі настрой, быццам іншы чалавек. Таму ізноў хачу туды паехаць. Мы нядрэнна ладзілі з маёй суседкай Марыяй Іванаўнай, разам ежу гатавалі, многа размаўлялі, ёй ужо амаль 90. У нашым узросце ёсць што ўспомніць...

На добрыя адносіны спадзяецца жанчына і зараз. Кожная гаспадыня прыязджае са сваімі кухоннымі прыладамі, а прадукты можна набыць у найбліжэйшым супермаркеце. Па словах пенсіянеркі, там вельмі ветлівыя прадаўцы і суседзі вакол добрыя, гатовыя дапамагчы.

Жыллё як Альтэрнатыва

Згодна са статусам дома сумеснага пражывання на засяленне могуць разлічваць адзінокія жыхары раёна, а таксама тыя, хто аказаўся ў цяжкім жыццёвым становішчы. «Кватаранты» атрымліваюць пенсію, самі ходзяць у краму, гатуюць ежу, самі плануюць свой дзённы распарадак. У гаспадарчых справах ім дапамагае сацыяльны работнік, які замацаваны за кватэрай. Дарэчы, яго абавязак — наведвацца кожны дзень, а калі ёсць патрэба — дапамагчы прыгатаваць страву, суправадзіць у краму альбо паліклініку, дапамагчы прыбрацца ці зрабіць гігіенічныя працэдуры. Плата за пражыванне і сацыяльныя паслугі ў месяц складае 60 рублёў. Дарэчы, у кватэры могуць жыць не толькі зімой, але і круглы год.

— Пакуль паслуга не вельмі вядомая, мы інфармуем нашых адзінокіх пенсіянераў, калі робім абходы, — кажа Валянціна Каскевіч. — У асноўным пажылыя людзі аддаюць перавагу паслугам сацыяльных работнікаў на даму. Гэта даступна ад 1 рубля 10 капеек да 1 рубля 60 капеек за візіт. Але не ва ўсіх вёсках мы можам знайсці людзей працаздольнага ўзросту, якія маглі б даглядаць састарэлых.

Такія кватэры — добрая альтэрнатыва для адзінокіх пенсіянераў з маленькіх вёсак. Засяліцца могуць і мужчыны, якія падалі свае заяўкі і сталі на чаргу. Тады гэта будзе чыста мужчынскі калектыў. Але яны, па словах Валянціны Каскевіч, аддаюць перавагу сацыяльным ложкам, дзе ім забяспечваецца поўнае абслугоўванне. Пакуль інтарэс да кватэр сумеснага пражывання праяўляюць жанчыны, якія з надыходам цяпла імкнуцца вярнуцца дамоў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Адзінокім выдзяляецца... кватэра

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.