Вы тут

Аднойчы ў лістападзе...


Аднойчы ў лістападзе давялося на сабе адчуць,  што такое славутая восеньская дэпрэсія. Было гэта ўжо гадоў не помню колькі назад, карацей, у мінулым тысячагоддзі. Прычына была самая што ні ёсць дзявоча-банальная: той, хто абяцаў прыйсці, не прыйшоў. Здараліся такія неспадзяванкі і раней, але тут, як кажуць, накрыла. А яшчэ лістапад тады быў самы што ні ёсць паскудны — суцэльны надвячорак без адзінага сонечнага праменьчыка, амаль кожны дзень хляпаў мокры снег або халодны дождж. Я хадзіла па пустых вуліцах, падстаўляючы гэтаму халоднаму мокраму твар, і думала пра тое, як бы добра было нікуды не прыйсці. Але дома чакала пухнатая шэрая жывёлінка, яна цалкам ад мяне залежала. Таму з тых бязмэтных вячэрніх вандровак я заўсёды вярталася ў сваю здымную хрушчоўку, амаль усю застаўленую пасляваеннай цяжкой мэбляй, з цяжкімі бронзавымі статуэткамі герояў Грамадзянскай вайны, з вясёлкавымі ад старасці хрустальнымі келіхамі ў пукатым серванце. Кошка церлася аб ногі, спявала сваё курну, утульна ўладкоўвалася на каленях... І адкрылася тады дзівосная карункавая паэзія Цвятаевай і Янішчыц, глыбіня Дастаеўскага, шчырасць Караткевіча — кнігі сталі найлепшымі спадарожнікамі па вечарах, іх можна было прымаць замест снатворнага. Асабліва калі ў шыбу барабанілі кроплі і галіны старой бярозы і завываў пранізлівы перадзімовы вецер...


З таго часу я вельмі люблю лістапад. Чакаю яго насцярожана, як пэўна, і кожны чалавек у гэтых шыротах, з нейкай падсвядомай трывогай назіраючы, як імкліва змяншаецца дзень, як роспачна трапечуцца апошнія лісты на клёне, спрабуючы яшчэ хоць колькі пратрымацца, як находзяць з усходу ці з поўначы цяжкія шэрыя хмары. Але калі ён, лістапад, становіцца безумоўнай рэальнасцю, з задавальненнем ныраеш у яго з галавой, паглыбляешся ў яго цягучую самоту, сам становішся яго часткай. Успамінаеш, што на паліцы стаяць любімыя кнігі — не спампаваныя на смартфон, а сапраўдныя, жывыя, у якіх шалясцяць старонкі, загнутыя вугалкі, падкрэсленыя алоўкам радкі, якія зачапілі калісьці цябе ці кагосьці іншага, хто чытаў. Набіраеш нумар сяброўкі, якая за тысячы кіламетраў, — не пішаш у месенджары, як звычайна, у пераездах на розных лініях метро, а ўладкоўваешся на крэсле ці канапе, каб спакойна пагаварыць аб усім-усім, каб пачуць голас, каб сагрэцца цёплымі ўспамінамі.

Дастаеш з далёкага закутка ў шафе старыя фотаальбомы. Там чорна-белыя картачкі далёкіх і блізкіх сваякоў, клапатліва падпісаныя на адвароце мамай (каб ведалі, хто). У іх заспакоеныя твары, яны з тых пажаўцелых здымкаў глядзяць прама табе ў вочы, нібы ведаюць нейкую найвялікшую таямніцу жыцця і хочуць з табою ёй падзяліцца. Кожны раз (раз на год — у сярэдзіне лістапада), гартаючы тыя альбомы, думаеш, што вось жа трэба раздрукаваць і пакласці туды новыя фота, што ціснуцца на экране смартфона бяздушнай каляровай мазаікай. (Лістапад мінае, ідэя забываецца, альбомы вяртаюцца на месца з тым жа напаўненнем...) Здзіўляешся і радуешся любові хатняга гадаванца, якая — зусім не так, як у нас, найвышэйшых істот, — не ставіць ніякіх умоў: цябе проста любяць такім, які ты ёсць, і табе ніколі не здрадзяць. Сам адчуваеш дзівосную пяшчоту да гэтага насамрэч вельмі нават шкадлівага стварэння — мяккага кавалачка цяпла ў халодным раўнадушным свеце.

Зноў і зноў, кожны вечар, набіраеш нумары родных людзей (а ў іншы час звоніш ім, бывае, раз на тыдзень), уяўляеш, як цёпла і ўтульна ў іхнім далёкім доме, як яны здымаюць трубку, як зручна ўладкоўваюцца з кубачкам гарбаты, каб пагаварыць з табой — пра навіны, якіх за тыя суткі, што не сазвоньваліся, не так шмат і набралася, пра «як на рабоце», пра дождж і пра тое, што абяцаюць замаразкі. Святлееш душой ад гэтых размоў і ведаеш, што ім таксама гэта патрэбна, што яны адчуваюць тое самае, што мы адно аднаму жыццёва неабходныя...

Лістапад са сваім холадам, цемрай і пранізлівым адчуваннем самоты вяртае нас да саміх сябе. Лістапад — насамрэч дзівосны месяц, калі мы становімся сапраўднымі, калі пачынаем заўважаць і адчуваць нешта вельмі важнае, калі становімся больш шчырымі ў сваіх памкненнях, калі вельмі хочам цяпла і як ніколі гатовыя дзяліцца ім самі. Можа, так і задумалі Нябёсы — кожны год наладжваць нам гэткі ледзяны душ, каб ачомаліся ад суцэльнай вар'яцкай гонкі, спыніліся, агледзеліся, зразумелі, што насамрэч важна ў жыцці наогул і ва ўласным лёсе... Дзякуй ім, што даюць нам такую перадышку.

«У лістападзе кожны прыстойны чалавек павінен ад 3 да 10 дзён праваляцца ў дэпрэсіі. Калі вы чамусьці не валяецеся, гэта сведчыць аб недастаткова тонкай душэўнай арганізацыі. Таму хаця б нікому не прызнавайцеся, не ганьбіце сябе...» Сяброўка ў сацыяльных сетках сезонным жартам падзялілася.

Стаўлю лайк са смайлікам і іду перачытваць  Дастаеўскага.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пераможца «Жанчыны года-2018»: З трыма дзецьмі можа справіцца кожная пара

Пераможца «Жанчыны года-2018»: З трыма дзецьмі можа справіцца кожная пара

Тры гады таму прозвішча Трыкоза ўжо было на слыху.

Грамадства

Мэр Брэста Аляксандр Рагачук: Дзеці ў пясочніцах на касцях гуляць не будуць

Мэр Брэста Аляксандр Рагачук: Дзеці ў пясочніцах на касцях гуляць не будуць

Кіраўнік Брэсцкага гарвыканкама адмеркаваў рэзанансную тэму раскопак на тэрыторыі гета.

Культура

Як  мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Як мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Наватар, «шасцідзясятнік», ваяўнічы аптыміст — гэта ўсё пра яго.