Вы тут

На лячэнне і паляванне. Што прыцягвае замежнікаў у Беларусі?


Беларускія санаторыі перасталі быць месцам адпачынку пераважна пажылых людзей. Замежнае медыцынскае абсталяванне, сярод працэдур — не толькі звыклыя лячэбныя і аздараўленчыя, але і спа, і вэлнес-праграмы. Дадайце сюды шведскі стол і беларускую гасціннасць разам з нашымі маляўнічымі краявідамі, гаючымі мінеральнай вадой і гразямі — і сапраўды, чаму б не адпачыць?


Той факт, што нашы санаторыі імкнуцца трапіць у трэнд еўрапейскай медыцынскай, аздараўленчай і спа-індустрыі, прыцягвае да іх не толькі беларусаў, але і гасцей з блізкага і далёкага замежжа. Колькасць апошніх, як у нашай краіне ў цэлым, так і ў санаторна-курортных і аздараўленчых установах, паступова расце. Паводле слоў начальніка аддзела арганізацыйна-прававой работы і забеспячэння пуцёўкамі Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Іны Палуянавай, сёлета з пачатку года (за дзевяць месяцаў) у беларускіх здраўніцах адпачыла больш за 190 тысяч замежных гасцей. Летась за такі ж перыяд іх было крыху больш за 154 тысячы. Рэалізацыя паслуг замежным грамадзянам за гэты час павялічылася на 14,4 %, а ў нашых санаторыях яны пакінулі больш за 151 мільён рублёў.

— Аздараўленне ў Беларусі грунтуецца на прымяненні прыродных фактараў. Наша мінеральная вада, напрыклад, не саступае па складзе той, якую ўжываюць на сусветна вядомых курортах. У нас укараняецца новы фармат паслуг — вэлнес і антыэйдж (антыўзроставыя. — Аўт.) праграмы, ствараюцца сучасныя спа-цэнтры. Напрыклад, санаторый «Юнацтва» за некалькі апошніх гадоў атэставаны па крытэрыях еўра-спа і медыкал-спа (як медыцынскі спа-гатэль), — расказала Іна Палуянава.

Сярод лідараў у развіцці такіх сучасных кірункаў спецыяліст назвала санаторыі «Юнацтва», «Альфа-Радон», «Спадарожнік», «Прыазёрны». Увогуле ж спа-тэхналогіі ўкаранілі каля паўсотні беларускіх здраўніц. Пры гэтым кошт пражывання даволі ўмераны — 53 рублі ў суткі (за двухмесны аднапакаёвы нумар).

Аднак не столькі паляпшэннем саміх санаторыяў, колькі змякчэннем візавага рэжыму тлумачаць эксперты цікавасць да нашай краіны гасцей з замежжа.

— Дзякуючы таму, што бязвізавае знаходжанне ў нашай краіне турыстаў, якія прыбываюць праз аэрапорт Мінск, павялічана да 30 дзён, іх колькасць паступова расце, — заўважыла кансультант аддзела планавання і арганізацыі турыстычнай дзейнасці Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Марына Масташова. — З лютага мінулага года па лістапад гэтага з 69 краін свету да нас прыехала амаль 169 тысяч замежных грамадзян.

Акрамя гэтага, у бязвізавым рэжыме замежныя турысты могуць наведваць Аўгустоўскі канал і Белавежскую пушчу. Аўгустоўскі канал (з 26 кастрычніка 2016 года яго можна наведаць без візы) прыехала паглядзець больш за 126 тысяч турыстаў. Гэта грамадзяне Літвы, Польшчы, Латвіі, Германіі і іншых краін. Белавежскую пушчу з моманту ўстанаўлення бязвізу (чэрвень 2015 года) наведала больш за 14 тысяч турыстаў, сюды, як правіла, едуць на паляванне. Усяго ж з пачатку бягучага года ў Беларусь прыехала больш за 3 мільёны 620 тысяч замежнікаў (3 мільёны 328 тысяч за такі ж перыяд летась).

— Павелічэнне працягласці бязвізавага знаходжання садзейнічае таму, што турысты наведваюць не толькі раскручаныя славутасці, але і іншыя нашы прыгожыя мясціны — нацыянальныя паркі, запаведнікі, аграсядзібы, — расказала Марына Масташова.

Поспехі і дасягненні беларускай медыцыны таксама прывабліваюць замежных гасцей. Найбольшым попытам у клініках Беларусі карыстаюцца стаматалагічныя, рэпрадуктыўныя, кардыяхірургічныя, а таксама паслугі па пластычнай хірургіі, акушэрстве, транспланталогіі, дыягностыцы і рэабілітацыі.

— У нас створаны цэнтры, якія займаюцца арганізацыйнымі пытаннямі лячэння замежных грамадзян. Напрыклад, «Мед Трэвэл Беларусь» штогод прывозіць у нашу краіну каля 700 замежнікаў, — адзначае Марына Масташова.

Як падкрэсліў прадстаўнік інфармацыйнага партала «Клінікі Беларусі» Аляксандр Ільяшэвіч, з пачатку года па лячэнне ў Беларусь звярнулася больш за 98 тысяч замежных грамадзян са 121 краіны свету. Найчасцей гэта прадстаўнікі Расіі, Казахстана, Украіны, Азербайджана, Літвы, ЗША і Кітая. Праект «Клінікі Беларусі» створаны на базе Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі для рэкламы медыцынскіх паслуг за мяжой.

Пераважную большасць турыстаў складаюць прадстаўнікі Расіі, Украіны, Казахстана, Азербайджана, Грузіі, Малдовы, Сірыі, Ізраіля, Германіі, Італіі, Емена і іншых краін. Менавіта расіяне пераважаюць і ў ліку замежных гасцей нашых здраўніц (80—87 %), і апошнія гады гэта лічба застаецца больш-менш стабільнай.

Сёння ў Беларусі працуе 307 санаторна-курортных (105) і аздараўленчых (202) устаноў. Пераважная большасць іх знаходзіцца ў Мінскай вобласці — 155, у Віцебскай вобласці размешчана 109 устаноў, у Брэсцкай — 69 здраўніц.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.