Вы тут

Макей: Латвія для Беларусі - добрая суседка, важны і надзейны партнёр


Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей адзначае гістарычную сувязь народаў Беларусі і Латвіі, а таксама падкрэслівае дружалюбны і партнёрскі характар двухбаковых адносін. Аб гэтым ён заявіў сёння на адкрыцці ў Нацыянальным мастацкім музеі выстаўкі "Латвіі - 100. Гісторыя, мастацтва, традыцыі" і прыёме пасольства Латвіі з нагоды 100-годдзя абвяшчэння Латвійскай Рэспублікі, перадае БЕЛТА.


Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства канстатаваў, што мінулыя гады былі напоўнены як дрэнным, так і добрым і выказаў меркаванне, што добрага ўсё ж такі было больш. "Сёння Латвія - гэта сапраўды паважаная еўрапейская дзяржава з моцнай эканомікай, якая займае дастойнае месца на міжнароднай арэне. Але для Беларусі Латвія - у першую чаргу добрая суседка, надзейны і важны партнёр", - падкрэсліў Уладзімір Макей.

Паводле яго слоў, Беларусь і Латвія, народы дзвюх краін маюць шмат агульнага, разам з тым захоўваюць сваю самабытнасць і ўнікальнасць. Веданне гісторыі і культуры, разуменне традыцый, паважанне інтарэсаў адзін аднаго служыць добрым фундаментам для развіцця сапраўды добрасуседскіх, узаемавыгадных і партнёрскіх адносін.

Міністр згадаў малавядомы гістарычны факт, які добра характарызуе адносіны паміж беларусамі і латышамі. Так, нават у пачатку станаўлення ўласнай незалежнасці ў 1919 годзе Латвія ўдзяляла значную ўвагу працэсам станаўлення дзяржаўнасці Беларусі. У красавіку 1919 года на мірнай канферэнцыі ў Парыжы, якая падводзіла вынікі Першай сусветнай вайны і вырашала лёсы пасляваеннага свету, дэлегацыя Латвійскай Рэспублікі распаўсюдзіла мемарандум, прысвечаны беларусам. У дакуменце ў прыватнасці гаварылася, што мэтай Латвіі было падтрыманне дружалюбных адносін "з гэтай выдатнай краінай", мелася на ўвазе Беларусь.

"Мне здаецца, што стагоддзе, якое мінула з часу напісання гэтых слоў, цалкам пацвердзіла, што стаўленне нашых народаў адзін да аднаго і мэты, якія стаяць перад намі, зусім не змяніліся. Жывую сувязь стагоддзяў пацвярджаюць і лёсы людзей", - адзначыў Уладзімір Макей.

Ён назваў сімвалічным той факт, што мерапрыемства ў Мінску наведаў Гунціс Улманіс - першы прэзідэнт Латвіі пасля аднаўлення незалежнасці ў 90-я гады XX стагоддзя і ўнучаты пляменнік старшыні Часовага ўрада, які ўдзельнічаў у абвяшчэнні Латвійскай Рэспублікі ў лістападзе 1918 года, Карліса Улманіса.

Міністр нагадаў, што ў мінулым годзе краіны адзначылі 25-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж сучаснымі Беларуссю і Латвіяй. За гэты перыяд сумеснымі намаганнямі ўдалося шмат чаго дабіцца - ёсць багаты багаж паспяхова рэалізаваных праектаў, праведзеных візітаў і сустрэч, падпісаных пагадненняў і дакладна абазначаных задач на перспектыву.

Уладзімір Макей падкрэсліў, што адносіны з Латвіяй цяпер выйшлі на якасна новы ўзровень, актыўна развіваюцца гандлёва-эканамічныя сувязі. Аднак ён адзначыў, што існуючы ўзровень яшчэ не мяжа і бакам ёсць над чым працаваць. "Добрая аснова створана. Наша задача заключаецца ў тым, каб і далей яе ўдасканальваць", - заявіў міністр.

Самым галоўным міністр назваў той факт, што створаны неабходныя ўмовы для простых грамадзян. Жыхары прыгранічных тэрыторый Беларусі і Латвіі з 2008 года маюць магчымасць у спрошчаным парадку без віз наведваць адзін аднаго. Акрамя таго, Беларуссю было прынята рашэнне аб 30-дзённым бязвізавым уездзе ў нашу краіну праз Нацыянальны аэрапорт, у тым ліку і ў адносінах да грамадзян Латвіі. Уладзімір Макей лічыць гэта важным у кантэксце маючых адбыцца II Еўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у Беларусі ў чэрвені 2019 года, а таксама сумеснага чэмпіянату свету па хакеі ў 2021 годзе ў Мінску і Рызе.

Дзяржаўная незалежнасць Латвіі была абвешчана 18 лістапада 1918 года на пасяджэнні Народнага савета лідараў нацыянальнага руху.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.