Вы тут

У суладдзі з песняй і прыродай


Ці могуць неба і вечар быць найбліжэйшай раднёй чалавеку?

Ці можна згубіцца-патануць у моцных разлівах кахання?

Ці можа жанчына адчуваць сябе сярод палескіх балот сапраўднай каралеўнай?


Адказы на гэтыя і іншыя пытанні можна знайсці на старонках новай кнігі вершаў Ірыны Ляшкевіч «Вас я чакала…» (Мінск: Кнігазбор, 2018). Пры чытанні адразу разумееш: асноўная стыхія вершаў паэтэсы са Століншчыны — музычнапесенная. Большасць вершаў зборніка вызначаецца напеўнымі інтанацыямі, выразным меладычна-рытмічным малюнкам, а некаторыя з іх пакладзены на музыку і выконваюцца як песні. Відавочна, што на гэтую асаблівасць творчасці паэткі-паляшучкі паўплывала яе добрае веданне яшчэ з часоў дзяцінства і юнацтва багатай і самабытнай народнапесеннай культуры землякоў — жыхароў Прыпяцкага Палесся. Адораная ад аўтарка шчыра любіць мясцовы фальклор, захапляецца прыгажосцю роднага кутка, сама грае на баяне і спявае народныя песні, і таму невыпадкова ў яе ўзнёслай і чуллівай душы нараджаюцца наступныя вершаваныя радкі: «Я кахання развучваю ноты»; «Тут песня жыцця, і прасторы, і волі, // Тут мой паратунак ад гора й бяды», «Вясновы вецер для мяне збярог // Шчымлівую мелодыю айчыны» і інш. І сапраўды, у кнізе пераважаюць шчымліва-тужлівыя, сумныя мелодыі, аб чым сведчыць і вось гэтае вершаванае чатырохрадкоўе:

Не адказвай. Маўчы. Не дары спадзяванні.

Нашай восені сум у маўклівым спатканні.

У бясконцых шляхах, у маім бездарожжы,

У малітве маёй «зберажы яго, Божа».

Яшчэ адной вызначальнай рысай кнігі «Вас я чакала…» з’яўляецца яе ярка выражаная маналагічнасць. Па сутнасці, усе творы зборніка — гэта адзіны ўсхваляваны маналог самой аўтаркі ці яе лірычнай гераіні. У гэтым шчырым маналогу па-майстэрску выяўлены боль і радасць, роспач і акрыленасць, надзея і адчай, вера ў Бога і іншыя перажыванні жаночай душы. Можна сказаць, што вершы столінскай паэткі льюцца як блізкая яе сэрцу павольная палеская рака ці разліваюцца як тыповая для яе родных мясцін бяскрайняя вясенняя паводка. Асобныя намаляваныя карціны ды вобразы ўражваюць і па-добраму здзіўляюць, як, напрыклад, метафары і параўнанні:

Мы галлё аднаго радаводу.

Мы адных каранёў спляценне.

Дык з якое, скажы, нагоды

Я ў жыцці тваім стала ценем.

Альбо такое:

Выразала ночка выцінанку,

На бярозы вешала рупліва.

Ці вось яшчэ:

Мой учарашні дзень фантомным болем,

Ён шчэ на крылах матыля на столі.

Праўда, часам гэты бясконцы маналог усё-ткі пачынае трохі стамляць сваёй пэўнай аднастайнасцю і манатоннасцю, і тады — па кантрасце — хочацца ўбачыць вершы ў выглядзе жывога дыялогу ці нават палілогу, у якіх добра чуўся б не толькі голас аўтаркі, але і галасы іншых людзей (сваякоў, землякоў), жывёл, раслін, прыродных стыхій. Гэта, як і выкарыстанне розных відаў і жанраў верша, узбагаціла б тэматычную, сюжэтную і вобразна-выяўленчую палітру кнігі, зрабіла б яе больш разнастайнай, глыбокай і, так бы мовіць, стэрэаскапічнай.

Безумоўнай дамінантай кнігі выступаюць каханне і любоў у розных іх праявах/выявах. Паэтэса шматкроць на старонках зборніка прызнаецца ў любові да сваёй «малой радзімы, да прыроды, да сваіх блізкіх, а таксама ў каханні да сваіх былых і сённяшніх рэальных ці віртуальных абраннікаў». Вобразна кажучы, менавіта ў вялікім полі любові-кахання растуць яе лепшыя і самыя прыгожыя кветкі-вершы. Гэтыя пачуцці і натхняюць, і акрыляюць, і разам з тым яны (як у выпадку з непадзеленым каханнем) могуць выклікаць сум, дэпрэсіўны настрой, а часам нават даводзіць ледзь не да роспачы. Гаворачы словамі нашага выбітнага паэта і літаратурнага крытыка Рыгора Семашкевіча, паэтка і яе лірычная гераіня праходзяць сапраўднае «выпрабаванне любоўю». А мы ад сябе дададзім: і яе адсутнасцю таксама. Прычым радуе тое, што таленавітая паляшучка, як вынікае са зместу вершаў, годна вытрымлівае гэтае няпростае выпрабаванне (не)любоўю, не скараецца перад няшчасным каханнем, не апускае рукі ў адзіноце і ўрэшце знаходзіць шлях да выратавання і ўваскрэсення самотнай душы. І гэты шлях у агульных рысах выглядае наступным чынам: спачатку знайсці «праз шчырую малітву ўратаванне», затым «згубіцца ў разлівах кахання», пасля чаго напоўніцу адчуць, што «жыццё ідзе не крокам, // А цячэ-бурліць ракою».

Яшчэ адна адметнасць паэтычнай творчасці Ірыны Ляшкевіч — яе адчуванне шчыльнай еднасці, повязі з навакольным асяроддзем, з непаўторнай мясцовай прыродай. Паэтка відавочна ўзвышае, амаль абагаўляе розныя прыродныя з’явы, стыхіі, адчувае сябе ўдзячнай дачкой палескай зямлі і таму так любоўна апісвае прывычныя з маленства родныя краявіды. Яна, скажам, успрымае поўню як сваю другую маці, адчувае сябе ў роднай вёсцы як рыба ў вадзе і пры гэтым упэўнена заяўляе: «Сярод сваіх балот // Хаджу я каралеўнай». Пра тое, наколькі моцна паэтка «зраслася» з роднымі для яе зямлёй і небам, красамоўна сведчаць наступныя радкі з верша, які даў назву ўсёй кнізе:

Вас я чакала, пэўна, Вас…

Калі апошні промень згас

Малінавага дня.

А шаты неба нада мной

І вечар сіняю сцяной —

Найблізкая радня.

Любоўна-роднаснае ўспрыманне прыроды пераканаўча сведчыць пра тонкую, уражлівую і датклівую натуру аўтаркі, а таксама служыць пераканаўчым пацвярджэннем меркавання геніяльнага індыйскага паэта Рабіндраната Тагора аб тым, што сапраўдны мастак — гэта той, «хто ўлюбёны ў Прыроду і хто адначасова з’яўляецца яе “рабом і панам”». У цэлым салодкагалосая «палеская птушка» Ірына Ляшкевіч выявіла сябе майстрам пераважна любоўнай лірыкі і зрабіла гэтай сваёй кнігай крок наперад на доўгім шляху творчага самасцвярджэння.

Эдуард ДУБЯНЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.