Вы тут

Трава высокая і вечная, бы памяць


Вынікам змен, што пачаліся ў літаратурнай прасторы са з’яўленнем сеціва і шырокім выкарыстаннем яго пісьменнікамі, стала стварэнне новых твораў, у якія інтэграваныя з’явы, героі, рэчы сучаснасці. Яны робяцца аб’ектамі пісьменніцкай увагі і трапляюць на старонкі друку. Прычым калі пісьменнік пачынае раман, то яшчэ не ведае, што будзе ў завяршэнні, бо і сам ход падзей, і тое, чым усё скончыцца, залежыць не ад яго. Ён тут ужо нібыта на адным узроўні з іншымі дзеючымі асобамі.


«…Кожны супольна з аўтарам зможа зайсці ў траву, якая была, ёсць і будзе. Трава — гэта зялёнае святло. Трава — гэта жыццё. Трава — гэта мы...» — нездарма значыцца ў анатацыі да новай кнігі Віктара Шніпа «Трава бясконцасці: дзённікавы раман паэта» (Мінск, Мастацкая літаратура, 2018). Усе ўдзельнікі мастацка-літаратурнага працэсу, сучасныя аўтары, а праз іх — і многія з мінуўшчыны, сталі героямі рамана. Пад вокладку выдання яны трапілі з Facebook-старонкі Віктара Шніпа, дзе ён паслядоўна і падрабязна занатоўваў самае цікавае з таго, што з ім адбывалася: літаратурныя і музычныя імпрэзы і мастацкія выстаўкі, у якіх браў удзел як выступоўца (а часам і як звычайны наведнік), афіцыйныя і неафіцыйныя вандроўкі па Беларусі і за яе межы, паездкі ў родную вёску Пугачы і на могілкі бацькоў, дачыненні з сямейнікамі і сваякамі, згадкі часоў маладосці, штодзённыя прагулкі з хатнім улюбёнцам — сабакам, шматлікія працоўныя моманты, сустрэчы з аўтарамі, кантактаванні з калегамі, роздумы над многімі праблемамі, філасофскія высновы, нават сны — усе гэтыя міні-расповеды склалі агульны сюжэт кнігі.

Кожны, хто хаця б пагартае выданне, зможа пераканацца: у аўтара — адметнае пачуццё гумару. Не сумняюся, што некаторыя з расказаных гісторый стануць міфамі (калі яшчэ не сталі). Напрыклад, расповед пра тое, як у рэдакцыі давялося тэрмінова здымаць з чытанкі для дашкольнікаў верш Уладзіміра Караткевіча «Заяц варыць піва», бо самі складальнікі ўгледзелі ў ім крамолу: спойванне старымі зайцамі зайчанят. «Пачухаўшы патыліцу, я ўзяўся напісаць верш да малюнка, на якім заяц варыць піва. Мастак піўныя куфлі перамаляваў на кубкі, з якіх цяпер зайцы п’юць квас. А я напісаў верш пра тое, як зайцы адзначаюць сабраны імі багаты ўраджай на сваім агародзе. У верш увёў радкі “Квасу папіўшы, зайцы заспявалі Песню пра моркву, пасля станцавалі”, каб яны нагадвалі мне і Зосі Куставай (адной са складальнікаў), што на гэтым месцы быў верш Караткевіча “Заяц варыць піва”», — як відаць з аўтарскага расповеду, на напісанне верша паэт можна натхніцца нават і ў такіх, здавалася б, нервовых і зусім не рамантычных варунках.

А вось яшчэ гісторыя, якая даводзіць: усе лепшыя анекдоты — з жыцця. «Тры дні запар пісьменнік, якому пад восемдзесят, тэлефанаваў і настойліва паўтараў: “Калі не выдадзіце кніжку ў найбліжэйшы час, я памру!” … У гэтага аўтара творы пра каханне з апісаннем любоўных інтрыг і сексу. На маю заўвагу, што, прачытаўшы ягоныя сексуальныя сцэны, сексам нікому не захочацца займацца, пісьменнік сказаў: “Я ўжо болей пісаць пра жанчын не буду. Буду пісаць пра мужыкоў!”»

Ёсць на старонках і трапныя параўнанні, назіранні за навакольным жыццём, маленькія адкрыцці аўтара, якія ўражваюць досціпам і непасрэднасцю: «Тое, што мастацкі твор чытаецца на адным дыханні, — яшчэ не доказ таго, што твор геніяльны. На адным дыханні чытаецца і мой тэлефонны даведнік…», «Чакаеш выходных, а яны такія кароткія, як шлях ад камп’ютара да лядоўні», «У краме ў чарзе, як у чарзе на працяг жыцця…», «Амаль дваццаць гадоў, як пішу “Сабачыя гісторыі”. Дапісаўся! Учора ўвечары Максім прынёс маленькую аўчарку», «Ёсць абмен вопытам, а ёсць і падман вопытам…».

Гісторыі аўтара — смешныя, а часам і сумныя — чаргуюцца з яго вершамі, напісанымі адначасова. У кантэксце рамана яны — на сваім месцы: аўтар нібы запрашае чытача на сваю паэтычную кухню, дзеліцца думкамі, распавядае пра падзеі, якія натхнілі на вершы. Але нават калі б іх і не было ў кнізе, на кожнай старонцы сведчанні паэтычнасці аўтара — яркая вобразная мова, яскравыя вобразы, арыгінальныя метафары: «Высока ў бясхмарным небе вароны, як чорнае лісце ў вадзе…», «На лаўцы каля пад’езда каштан, як няўдалы перапечаны калабок, які ўцёк з казкі…», «“Запарожац” у снезе, як муха ў павуціне…», «Над зімовым вечаровым местам вышчарбленая поўня, як чэрап беднага Ёрыка…».

Асоба аўтара, якая паўстае са старонак рамана, кранае сваёй рамантычнасцю, узнёсласцю, даверлівасцю, а ў нечым і сентыментальнасцю (у расповедах аб знойдзенай дзіцячай цаццы — маленькім тыгрыку, якога пісьменнік прынёс дадому, памыў і пасадзіў побач з камп’ютарам; пра тое, як са сваяком каталіся, бы ў дзяцінстве, па замёрзлым возеры і падобнае), а таксама дабрынёй і цеплынёй, з якімі пісьменнік апавядае пра іншых, часам незнаёмых людзей.

У рамане не адбываецца ніякіх дынамічных падзей, няма тут любоўных інтрыг і ніякага напружання, але засумаваць з ім не выпадае. Асабліва цікавым ён стане для тых, хто мае дачыненне да сучаснага літаратурнага працэсу і для даследчыкаў літаратуры, бо прадмет даследавання тут паказаны знутры, так бы мовіць, у папярочным зрэзе.

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».