Калектыўную манаграфію «Цень стралы: культурныя і вербальныя коды традыцыі» прэзентавалі ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь. Выданне прысвечана старажытнаму абраду ваджэння і пахавання стралы, які ўключаны ў рэспубліканскі спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.
Ініцыятарамі выдання сталі вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і кафедра этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Укладальнікі — кандыдат філалагічных навук Рыма Кавалёва і кандыдат культуралогіі Вячаслаў Калацэй.
Час ідзе, адыходзяць у іншы свет носьбіты, а сам абрад ваджэння і пахавання стралы, што спрадвек ладзіцца на Веткаўшчыне, з гадамі становіцца ўсё менш маштабны. Раней, як згадваюць мясцовыя жыхары, гэта было сапраўднае свята не толькі для беларусаў, але і гасцей краіны.
Зазвычай адбываецца ўсё так: у дзень правядзення абраду — на Ушэсце, праз 40 дзён пасля Вялікадня, — святочна апранутыя жанчыны збіраюцца ў цэнтры вёскі. Яны ідуць невялікімі групкамі, па дарозе спяваюць песні і водзяць кагароды. У месцы збору ўтвараецца агульны вялікі карагод, удзельніцы прамаўляюць словы-заклінанні, спяваюць «стрэльныя» песні, потым выстройваюцца ў шэрагі — наперадзе грамады стаяць старэйшыя жанчыны — і гучным шэсцем з песнямі ідуць па вёсцы да жытнёвага поля. Тут — новая частка абраду. Песні і карагоды ў жыце, «качанне» па полі — каб набрацца сіл ад Зямлі, а таксама перадаць ёй частку ўласных жыццядайных уласцівасцяў. Кожная ўдзельніца абраду павінна зрабіць у глебе невялічкую ямку і закапаць металічны прадмет — «стралу» як ахвяру Перуну. Менавіта гэтыя дробныя рэчы павінны засцерагчы будучы ўраджай ды і ўсю вёску ад маланкі і агню. Падчас абраду жанчыны вырываюць па дзевяць жытнёвых каласкоў. Лічыцца, што высушаныя за іконай, яны прынясуць здароўе, дабрабыт і багаты ўраджай.
Абраду ваджэння і пахавання стралы прысвечана мноства навуковых даследаванняў, але сярод фалькларыстаў, этнолагаў і дагэтуль няма згоды, як інтэрпрэтаваць сутнасць святочнай дзеі. Таму і ўзнікла ідэя выдаць сумесную манаграфію — каб занатаваць і абагуліць розныя напрацоўкі.
Над калектыўнай манаграфіяй, у якой разглядаюцца розныя аспекты абраду, працавала каля дваццаці аўтараў з Беларусі, Расіі, Украіны і Польшчы. Цікава, што даследчыкі часам выказвалі амаль што супрацьлеглыя меркаванні наконт сутнасці і значэння абраду.
— Неяк выпадкова натрапіла ў сеціве на кнігу «Славянскі код стралы». Ды запыталася ў сябе: хіба і ў нас не праводзіцца гэты абрад? Хіба не аб’ядноўвае ён Гомельшчыну, Браншчыну, Чарнігаўшчыну? — распавядае пра гісторыю выдання Рыма Кавалёва. — Вырашыла, што і мы можам зрабіць нешта падобнае.
У ліку іншых даследчыкаў да стварэння кнігі спрычыніліся вядомы беларускі культуролаг, прафесар, доктар філасофскіх навук Энгельс Дарашэвіч, журналіст Рэгіна Гамзовіч, спецыяліст па традыцыйным касцюме, супрацоўніца НАН Беларусі Ірына Смірнова ды іншыя. Планавалася, што кніга выйдзе абмежаваным накладам, толькі для аўтараў прадстаўленых тут артыкулаў, але, дзякуючы дапамозе беларускай дыяспары ў Злучаных Штатах Амерыкі, яна выдадзена большым накладам.
Падчас прэзентацыі наведвальнікі змаглі стаць віртуальнымі сведкамі традыцыі дзякуючы паказу відэаматэрыялу, знятага ў 2010 годзе ў вёсках, дзе абрад праводзіцца і сёння, у адпаведнасці са шматвяковымі традыцыямі. Больш за тое, «стрэльныя» песні заспяваў аўтэнтычны гурт «Стаўбунскія вячоркі» з вёскі Стаўбун Веткаўскага раёна, падхапілі святочныя напевы пераймальнікі — постфальклорны гурт кафедры этналогіі і фальклору БДУКМ «Страла» пад кіраўніцтвам Эвеліны Шчадрыной.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.