Вы тут

Знакавыя імёны ды знакі якасці


Галоўныя віншаванні — на адрас народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі, мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І. Жыновіча, прафесара Міхаіла Казінца. Ужо сёння ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі — першы канцэрт марафону: маэстра — за пультам Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь, сола на скрыпцы — ад Арцёма Шышкова, лаўрэата шматлікіх прэстыжных міжнародных конкурсаў.


Аднак хто сочыць за творчасцю Міхаіла Казінца, разумее, што гэты дырыжор бярэцца за складаныя творы з нацыянальным сэнсам і характарам. І падчас марафону нас чакае прэм’ера: «Скарына. Вяртанне. Сем сцэн жыцця» кампазітара Ларысы Сімаковіч, што запланавана на 18 лістапада. Маштабны твор выканаюць Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р. Шырмы і Ян Жанчак у якасці саліста. Але канцэрт у гонар Казінца немагчымы без галоўнага аркестра для гэтага дырыжора — Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча. Разам з ім таксама будуць іграць айчынныя музыканты-зоркі: лаўрэаты і пераможцы шматлікіх міжнародных конкурсаў Міхаіл Лявончык, Аляксандра Дзенісеня (цымбалы), Уладзіслаў Плігаўка і Дзяніс Чорны (баян). Апошнім канцэртам марафону стане выступленне аркестра імя І. Жыновіча разам з салістамі, нават артыстамі тэатра оперы і балета Беларусі.

«Беларуская музычная восень» насамрэч аб’яднае сёлета музыкантаў з усяго свету. Напрыклад, Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь прадставіў новы музычны абанемент, прысвечаны юбілею свайго кіраўніка, — «Яўген Бушкоў запрашае...». І яшчэ адзін канцэрт гэтага калектыву дасць магчымасць паслухаць піяністку Пламену Мангаву і флейтыстку Ірыну Стачынскую ўжо напрыканцы лістапада.

«Харавыя легенды» прадставіла Дзяржаўная харавая капэла імя Р. Шырмы на чале з дырыжорам Вольгай Янум. Але наперадзе — праграма «In Paradisum».

Ідэя праграмы «Пад знакам якасці» належала Ігару Задарожнаму, які імкнуўся нагадаць хіты савецкай эпохі, калі спявалі Муслім Магамаеў, Эдуард Хіль, Валерый Абадзінскі, Ганна Герман і інш.

Але варта звярнуць ўвагу на адмысловую праграму «Брава, акардэон!» Яе падрыхтаваў баяніст, лаўрэат міжнародных конкурсаў Уладзіслаў Плігаўка разам з лаўрэатам міжнародных конкурсаў з Расіі Мікітай Уласавым. Гэта будзе своеасаблівы адказ аматарам фартэпіяна: 8 лістапада музыканты адзначаць «Дзень піяніста». А тут багата класікі для віртуознага выканання: Бетховен, Шапэн, Ліст, Чайкоўскі, Элгар, Дэбюсі, Рахманінаў… І музыка беларускага сучаснага кампазітара Сяргея Бельцюкова ў такім суквецці. «Чароўныя гукі раяля» айчынныя слухачы любяць, таму заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Шуміліна мае асобны канцэрт у рамках фестывалю.

І варта ўсё ж не забываць, што восень — час, калі спалучаюцца розныя рытмы жыцця, якое адстойвае сваё права на паўзы, імправізацыі і нечаканыя рашэнні. Калі ласка: канцэрт «Х JAZZ Мінск 2018». А для тых, каму мала, у дадатак — выступленне музыкантаў з Польшчы: спявачкі Дароты Міськевіч, піяніста Дамініка Вані і Atom String Quartet. Яшчэ больш экперыментаў — у праграме «Ад Брамса да Бітлз» (віяланчэльны квартэт «Rastrelli Cello Quartet»). Бо музыка ў нашым жыцці патрэбная розная, асабліва восенню, калі варта напоўніцца гукавымі фарбамі перад манахромнай зімой.

Падрыхтавала Марыя АСІПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?