Вы тут

Два раялі ды мелодыя


Апошні шэдэўр геніяльнага Джаакіна Расіні — «Маленькую ўрачыстую месу» — выканае 15 лістапада на сцэне Вялікай залы Белдзяржфілармоніі фартэпіянны дуэт, які склалі народныя артысты Малдовы Анатоль Лапікус і Юры Махавіч, сумесна з заслужаным калектывам дзяржаўным камерным хорам Рэспублікі Беларусь і салістамі беларускай оперы. Дырыжор — заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Наталля Міхайлава. Фартэпіянны дуэт існуе ўжо 25 гадоў і з беларускім калектывам будзе выступаць не ўпершыню.


— Мы пачалі працаваць разам выпадкова, першапачаткова у нас не было ідэі стварыць дуэт. Нашым першым творам быў цыкл Аліўе Месіяна «Les visions de l’Amen», які таксама досыць рэдка гучыць са сцэны. Атрымалася вельмі глыбокая творчая праца. Пасля мы зразумелі, што гэта наша прызванне, наш шлях і з тых часоў граем толькі ўдваіх. Нават калі мы толькі акампаніруем, то спецыяльна перакладаем для дуэта, — тлумачыць Анатоль Лапікус. — Многія салісты прыходзяць да таго, што хочуць быць дырыжорамі, сыходзяць ад сольнай кар’еры: ім патрэбныя фарбы ўсяго аркестра. Фартэпіянны дуэт значна пашырае магчымасці інструмента, дазваляе выконваць сімфанічную музыку, увасабляць багатую палітру аркестравых тэмбраў. Акрамя таго, мы граем і 4-ручную музыку на двух раялях. Калі кампазітар піша для аднаго раяля ў 4 рукі, гэта значна абмяжоўвае выканальніцкія магчымасці кожнага піяніста, робіць музычную фактуру больш скупой, што звязана з асаблівасцямі сітуацыі двух чалавек за адным інструментам. Выкананне на двух раялях дапамагае пераадолець нязручнасці ў партыях, адкрывае перад музыкамі новыя магчымасці. У прыватнасці, кожны можа карыстацца педаллю, а не толькі адзін, як гэта звычайна бывае ў выпадку аднаго інструмента.

— У нас ёсць сакрэтнае правіла, што на канцэрце можна імправізаваць, бо менавіта сітуацыя жывога выканання на сцэне ўяўляе верх канцэнтрацыі музыканта і менавіта тады можа нарадзіцца нейкі новы варыянт, — лічыць Юры Махавіч. — У гэтым выпадку партнёр павінен рэагаваць імгненна. Як казаў мой выкладчык, «рэактыўнае рэагаванне» — гэта галоўны прынцып ансамблевага выканальніцтва. Калі, напрыклад, вы граеце нейкі твор і ваш партнёр сыграў тэму інкаш, з іншымі штрыхамі і дынамікай, то і вы павінны дакладна паўтарыць за ім, нават калі першапачатковая канцэпцыя была іншая. Гэта спецыфіка любога ансамбля. Вось чаму і ў камерна-інструментальнай музыцы трэба выконваць па нотах, каб дакладна сачыць за партнёрам.

«Маленькая ўрачыстая меса» Расіні, выкананне якой адбудзецца разам з Дзяржаўным камерным хорам у Белдзяржфілармоніі, — вельмі парадаксальны твор: «Маленькая» — гучыць 90 хвілін, «урачыстая» — але першапачаткова напісана для камернага саставу.

— Гэта адзін з самых выдатных твораў з найскладанейшымі фугамі. Меса Расіні вельмі незвычайная, непадобная ні на што, абсалютна ўнікальная! — адзначае Юры.

— Гэта не твор ХІХ стагоддзя — ён апярэджвае свой час, — дадае Анатоль. — Гэта абсалютны космас…

Варвара ЦАРУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.