Вы тут

Жыць у песні


Твор Эдуарда Зарыцкага як запавет кампазітара.


На небасхіле нашай культуры гэтая зорка заззяла яшчэ ў мінулым стагоддзі. Але, калі і цяпер спытаць мінакоў на вуліцы, ці ведаюць яны песні Э. Зарыцкага, большасць, несумненна, назаве «Начныя кастры», «Я вернусь», «Листок календаря», «Белыя крылы» і іншыя хіты кампазітара, народнага артыста Беларусі. Прычым яго песні выконвалі не толькі нашы, беларускія, зоркі, такія як Віктар Вуячыч, Яраслаў Еўдакімаў, Надзея Мікуліч, Уладзімір Правалінскі, Мікалай Скорыкаў, Іна Афанасьева, Наталля Тамела, але і кароль расійскай эстрады Філіп Кіркораў.

Эдуард Барысавіч напісаў каля 600 песень. Акрамя таго, ён ствараў музыку для тэатра, кіно і тэлебачання, а таксама сімфоніі, канцэрты для габоя і валторны. Ён стаў сапраўды народным у нашай краіне, але, як і легендарны Уладзімір Мулявін, Зарыцкі нарадзіўся ў РСФСР (у вёсцы Красны Кут Саратаўскай вобласці), але жыў і працаваў у Беларусі. Яго сябры ўспамінаюць, як аднойчы Эдуард Барысавіч стаяў каля адчыненага акна і раптам пачуў сваю песню «Я вернусь». Зірнуўшы на вуліцу, ён убачыў кампанію не вельмі цвярозых, якія спявалі натхнёна, з нейкім замілаваннем. Расчулены, кампазітар кінуўся да халадзільніка: ён хацеў пачаставаць вулічных спевакоў. Зрабіўшы некалькі бутэрбродаў, Эдуард Барысавіч пабег на вуліцу, але пад яго акном ужо нікога не было…

«Светлы, шчыры, добры, спагадлівы, з выдатным пачуццём гумару», — так гавораць пра Эдуарда Зарыцкага яго сябры і калегі. Не хочацца верыць, што яго з намі няма. Сёлета ён пайшоў у лепшы свет. Эдуард Барысавіч нікому не гаварыў пра сваю цяжкую невылечную хваробу…

У апошнія гады Эдуард Барысавіч вялікую ўвагу ўдзяляў працы з юнымі выканаўцамі, стварыўшы менавіта для іх шмат песень. Ён лічыў, што пісаць музыку для дзяцей больш складана, таму што тут важнае значэнне мае шчырасць і ўвага да дэталяў. Сябры і калегі Эдуарда Зарыцкага ўспамінаюць, што кампазітар удзельнічаў у журы шматлікіх конкурсаў і, адкрываючы новыя таленты, заўсёды падтрымліваў юных выканаўцаў і пасля конкурсу. Нават дарыў ім свае песні.

…Сёлета ў красавіку мы павінны былі з ім і нашым вядомым празаікам, сатырыкам Васілём Найдзіным выступаць у сярэдняй школе № 3 г. Клецка на літаратурна-музычнай імпрэзе «Я да цябе прапісаны, мой край…», прысвечанай Году малой радзімы. Але нам паведамілі, што Эдуард Зарыцкі трапіў у бальніцу. Падчас той імпрэзы гучалі вершы мясцовых паэтаў Ліліі Мялешкі, Таццяны Цвіркі, Галіны Нупрэйчык і песні Вольгі Герасімовіч. Але сапраўдным падарункам для слухачоў (планавалася, што гэта будзе сюрпрызам і для Эдуарда Барысавіча) стала прэм’ера песні «Называюць цябе сінявокаю» на словы Аляксандра Мікалаевіча Жукоўскага (ён з’яўляецца старшынёй савета ветэранаў працы сістэмы адукацыі Клецкага раёна). Музыку да яе напісаў Эдуард Зарыцкі. На жаль, кампазітар не меў магчымасці пачуць тады сваю песню, якую так пранікнёна-ўрачыста выканала мясцовая вакальная група «Кантабіле»…

Песня «Называюць цябе сінявокаю», што нарадзілася сёлета, працягвае гучаць падчас творчых імпрэз, яе цудоўна прымае публіка. Песня і далей будзе гучаць як прызнанне ў любові да таго краю, што стаў родным для Эдуарда Зарыцкага. Яна будзе гучаць і як падзяка кампазітару, які ствараў цудоўныя песні, што западалі ў душу сваёй кранальнай мелодыяй.

Дзмітрый ПЯТРОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.