Вы тут

Сіла айчыннай гераіні: антыгероі побач немагчымыя


Прыгожая, моцная і такая няшчасная… Але ж гэта як паглядець: яе кахаюць, дзеля яе робяць учынкі. І яна сапраўды можа ўсё. Балет «Анастасія» ў Нацыянальным вялікім тэатры Беларусі прадставіў вобраз жанчыны, якая ўвайшла ў айчынную гісторыю як асоба, што ўзначаліла абарону Слуцка ў часы татарскіх набегаў.


Асабістыя драмы

Але па факце ў балеце стварыўся вобраз наогул беларускай жанчыны: адданай каханаму мужу нават пасля яго забойства, якая не ідзе на заляцанні і спакусы, таму што мае гонар і збіраецца падымаць дзяцей сама. Яна можа горача маліцца, а можа і паплакаць, нават укленчыць ад гора, а ў сваіх мроях гатовая быць разняволенай і слабай — з тым, каго няма. Але калі трэба, яна здольная зрушыць горы. І нават паварочваць войскі чужынцаў. Як жа гэта ёй удаецца?

Стваральнікі балета паводле гісторыі беларускай княгіні Настассі Слуцкай не сталі даваць адказ на гэтае пытанне. Пра гэта мы разважалі ўжо, калі глядзелі фільм «Анастасія Слуцкая». Паўтараць усё тое ж, толькі на балетнай сцэне, сэнсу няшмат (бо ёсць магчымасць звярнуцца да фільма). Але тэатр быў вельмі зацікаўлены ў стварэнні яшчэ аднаго нацыянальнага балета. А гісторыя — спрыяльная глеба для гэтага.

За часы незалежнай Беларусі гэта трэцяя пастаноўка з асобамі рэальнай айчыннай гісторыі. Пасля таго, як яны выйшлі на сцэну ў 90-я гады мінулага стагоддзя дзякуючы балету «Страсці» беларускага кампазітара Андрэя Мдзівані ў пастаноўцы Валянціна Елізар’ева, стала зразумела: гістарычныя сюжэты для балета — тое, што трэба. Асабліва з такімі магутнымі постацямі, як Рагнеда-Гарыслава. Наступны зварот да нацыянальнай тэмы адбыўся дзякуючы вобразу князя Вітаўта (балет Вячаслава Кузняцова паводле Аляксея Дударава), тады інтэрпрэтаваў гісторыю як харэограф народны артыст Беларусі Юрый Траян. Балет запомніўся найперш яркай музыкай, якая і давала асноўныя характарыстыкі вобразам галоўных герояў — мужчын. Таму, пажадаўшы працягу ў нацыянальным стылі, новы твор зноў даверылі Вячаславу Кузняцову. Ён паглыбіўся ў гісторыю Настассі праз лібрэта Анатоля Дзялендзіка — і агучыў яе ў лірычна-драматычным (а не столькі ў гераічным) стылі. І гэта тое, што дало магчымасць нарадзіць харэаграфічны вобраз Настассі, які ўсё ж адрозніваецца ад экраннага ў выкананні Святланы Зелянкоўскай. Няма ж сэнсу ў балеце, які пераказвае фільм.

Тэатральная версія іншая ў першую чаргу сюжэтнай часткай: балет больш факусуецца на перадгісторыі вайсковага супрацьстаяння з татарамі, на асабістай драме княгіні Слуцкай, на яе рамантычных гісторыях кахання (і фактычна перад нашымі вачыма праходзіць не адна!), на шчаслівым жыцці з мужам князем Сямёнам і горы ад яго страты, на адстойванні свайго жаночага гонару. Ну і так, княгіня ж пакутуе не толькі за сябе, яна пакутуе падчас нападаў татар разам са сваім народам (ці народ пакутуе разам з ёй) і, нягледзячы ні на што, апынаецца на вышыні, нават літаральна, дзякуючы прадуманай па харэаграфіі падтрымцы ў фінале.

Насамрэч падтрымак галоўнай гераіні і яе дзяцей, калі яны луналі над натоўпам, было некалькі на працягу пастаноўкі, магчыма, каб як мага больш пераканаўча падкрэсліць выключнасць ролі Настассі. І сапраўды, трэба было падкрэсліць, таму што побач з ёй увесь час быў мужчына, які рызыкаваў выціснуць у гледача ўсе станоўчыя эмоцыі, засланіўшы нават самую Настассю. Такім падаўся вобраз князя Міхаіла Глінскага… І гэта яшчэ адзін момант, які моцна адрознівае балет ад фільма, дзе князь пададзены здраднікам. Тут ён закаханы, не прымае Настассю як гаспадар ахвяру, прынесеную татарамі, ратуе яе з дзецьмі і да апошняга спадзяецца на спагаду ў каханні. Які мужчына, герой, які зрабіў мой дзень!.. (Алег Яромкін прымусіў нават шкадаваць гэтага персанажа, пра якога я заўсёды так дрэнна думала, няўжо несправядліва?) У гэты момант хочацца сябе ўшчыпнуць: ало, гэта мастацтва, яно ж мае права на вымысел і сваю версію. Ці мы маем справу з мастацкай правакацыяй: бо пасля хочацца паглыбіцца ў гісторыю, каб удакладніць, хто ёсць хто… Але хутчэй за ўсё гаворку з намі вядуць пра чалавечую гісторыю, дзе ўсё зусім неадназначна, а розныя пазнейшыя ўчынкі людзей, якія да нейкага моманту былі героямі і патрыётамі, могуць атрымаць тлумачэнне праз асабістую драму (псіхатраўму): я для яе ўсё, а яна…

Народныя характары

Назіраем трохкутнік, у якім апынулася Настасся і два яе мужчыны. А ў момант прыходу прывіда Сямёна і сапраўды ўспомніўся раман Жоржы Амаду, дзе дону Флёр наведваў муж-нябожчык, але пры гэтым яна нармальна суіснавала і з жывым суджэнцам. Гэта там, у іх, з лацінаамерыканскім тэмпераментам, можна, відаць, падобную сітуацыю ўспрымаць іранічна. У іх яна — выключна псіхадэлічная драма, і выбар гераіні рабіць усё ж трэба. Выбар палягае ў дылеме: быць слабай, калі цябе абараняе рэальна моцны, альбо стаць моцнай, калі побач з табою прывід каханага (і пранікнёны артыст Ігар Аношка). І менавіта ён укладвае ў рукі жанчыны меч…

Гэтыя калізіі трымаюць харэаграфію і ў выніку сам спектакль: лірычныя дуэты, за якімі проста замілавана назіраеш, пераносяць апавяданне ў нейкую пазачасавасць. І ў гэтыя моманты ад мысленнага ўзнаўлення гісторыі абстрагуешся і глядзіш балет пра адносіны людзей. Гэта тое, што не дае ператварыць спектакль у лінейную ілюстрацыю гістарычных падзей, дзе свет падзелены дакладна на правільных нашых і злодзеяў нянашых. Нашы — народ Слуцка — выступаюць адзіным маналітам, ідуць за сваёй кіраўніцай (масавыя эфектныя сцэны вельмі запамінаюцца ў розных балетах, што нават ужо прадчуваеш, як унушальна яны могуць выглядаць у такога знаўцы гэтага мастацтва, як Юрый Траян). Нянашы — Хан Ахмат, яго дачка Заіра і іх войска — вельмі пазнавальныя і таму пераканаўчыя: Усход, які мы адчуваем адразу. Яны парушаюць спакойны беларускі аповед сваімі рэзкімі рухамі і выгнутымі рукамі, нібыта крылы драпежных каршунаў (а як жа яшчэ іх паказваць?). Экспрэсія Канстанціна Героніка (Ахмат) і адмоўная энергія Заіры (Вікторыя Трэнкіна) дазволілі ўсё ж крыху паперажываць за лёсы радзімы (памятаем пра магчымасці мастацкага вымыслу?).

Усё дзеля таго, каб больш зразумець галоўную гераіню. Настасся Людмілы Уланцавай (гэты вобраз у розных складах ствараюць некалькі выдатных артыстак, у кожнай можа быць свой характар і адчуванне партыі) — пяшчотная, крохкая, лірычная. Але ў яе атрымліваецца: таму што не адна. Роля народа ў лепшых традыцыях гістарычных твораў таксама ў выніку раскрытая (людзі збіраюцца за ёй, ходзяць стройнымі шэрагамі, нават некалькі разоў). Аднак балет «Анастасія» запомніцца ўсё ж не гэтым.

Зваротам да Беларусі — так. Мелодыкай Беларусі — таксама. Жанчынай, што ўвасабляе Беларусь, — натуральна. Сцэнаграфічнымі вобразамі Слуцка і ваколіц, створанымі Аляксандрам Касцючэнкам — дакладна. Стылізаваныя пад эпоху касцюмы ад Кацярыны Булгакавай паспрабуюць зламаць стэрэатыпнае ўспрыманне чорнага колеру (у яго апрануты князь-бацька і Глінскі, які на цяперашнім этапе жыцця станоўчы герой, што мы ўжо зразумелі). Усё разам зробіць уражанне на гледача, які, можа быць, прыйдзе на балет упершыню. Ён будзе глядзець балет — і зразумее прыгажосць гэтага мастацтва праз малюнак, пададзены Юрыем Траянам, які сам станцаваў столькі спектакляў (і рабіў гэта добра), што ўся класіка сусветнага і беларускага балета і ёсць яго творчая сутнасць. Усё, што ведаў пра балет, ён уклаў у гэтую пастаноўку, дзе адлюстраваны яго багаты досвед артыста (знаўцы гэта ўбачаць дакладна).

Нацыянальныя тэмы

Але такія спектаклі, як правіла, носяць асветны характар. Малады глядач будзе глядзець прыгожы спектакль пра далёкіх герояў — і счытае гістарычны тэкст. Пачне разважаць пра нацыянальнае — і яго крыніцы будзе шукаць у мінулым. Гэта выдатна.

Аднак ёсць адзін нюанс. Не толькі ў балеце, але і ў іншых мастацтвах у нас нацыянальнае часта прыраўноўваецца да гістарычнага, а сучаснасць застаецца па-за кадрам. А ці яна не можа быць з нацыянальным характарам, ці не можа распавядаць пра народ, адлюстроўваючы яго светаадчуванне? Няхай будуць гістарычныя творы. Але не толькі яны. І няхай наступны (чацвёрты…) нацыянальны балет будзе іншы, дзе праз цела прарвецца душа больш блізкага нам героя. Бо мастацтва мае вялікую сілу мяняць і гарманізаваць свет, калі вельмі хутка адгукаецца на тое, што адбываецца навокал, і праз метафары падказвае развіццё сітуацый ці іх вырашэнні. Мінулае патрэбна як грунт сучаснасці. Але без сучаснасці (і яе адлюстравання) няма будучыні. Мы ж не хочам, каб наша «нацыянальнае» засталося ў мінулым?

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Андрэя Сазонава

Загаловак у газеце: Настасся-пакутніца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?