Вы тут

Барадулін: Таямнічасць, загадкавасць, нераскрытасць – адчуванне Кітая…


У мінскім выдавецтве “Кнігазбор” выйшаў пяты том “Дзённікаў і запісаў” народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, які ўвабраў у сябе занатоўкі з 1989 па 1991 гады. Сведчанні канца жніўня – першай паловы верасня 1990 г. расказваюць пра падарожжа паэта ў Кітай.


“30 жніўня, чацвер.

Пекін. Пагрузілі нас на “Таёту”. Ахалодненька, хораша. Едзем, вадзіцель хоча заправіцца, бензіну няма, як і ў нас. Думаў, запраўшчык з ім па мікрафону гаворыць, аж гэта ён лыжкай чэрпае разрэзаны кавун. Другі кітаец нясе ў руках чатырохкутую металічную міску і лыжку трымае. У гэтай місцы-накрыўцы нейкае сёрбала. Размясцілі ў гатэлі “Пекін”, новая прыбудова. Вечарам парна, як у лазні. На плошчы Цяньаньмэнь партрэт кормчага, Маўзалей, Народны сход, Гістарычны музей, помнік ахвярам барацьбы за незалежнасць. Плошча адной з дзвюх імперый – нашай і кітайскай, запускаюць драўляную птушку, як жывая лётае вялікая. Маленькую запускае, трымае на валаску ніткі інвалід з каляскі. Спакойна і разморана ад спёкі, парнасці…”

Праз дзень вось што запісвае паэт: “Пекін. Пры любых рэжымах сонца ўзыходзіць. Першая раніца ў Кітаі, дзе не спыняецца час. Вечнасць тут задумалася. Добра і самому засяродзіцца, засамоціцца, зажурыцца. Дзён чалавечых мала застаецца…”

Чамусьці так склалася, што ў Пекіне, Кітаі, пачынаючы з 1950-х гадоў, пабываў шмат хто з беларускіх пісьменнікаў. А вось дзённікавых сведчанняў пасля тых паездак не шмат засталося. Максім Танк лаканічна расказаў у сваіх блакнотах пра паездку 1957 года. Янка Брыль, Лідзія Арабей, Анатоль Вярцінскі, здаецца, нічога асаблівага не запісалі. Ужо ў бліжэйшыя да нас дзесяцігоддзі, бліжэйшыя гады Кітай з розных нагод адкрывалі Міхась Шыманскі, Міхась Шэлехаў, Навум Гальпяровіч, Святлана Алексіевіч, Алесь Бадак, Валерый Казакоў, Алесь Кажадуб, Ірына Шаўлякова, Дар’я Нечыпарук… Хтосьці з іх напісаў і выдаў кнігу нарысаў – як Міхась Шыманскі, хтосьці – верш ці падборку вершаў альбо апавяданне: як, напрыклад, Навум Гальпяровіч ці Алесь Кажадуб.

Запісы Рыгора Барадуліна – запісы-штрыхі, лаканічныя пазнакі сустрэч, адкрыццяў, шкельцы-уражанні. 31 жніўня і наступныя два дні верасня паэт – у горадзе Далянь. “2 верасня… На рынках, у крамах усяго даволі. Цяпер трэба рыфмаваць Кітай – каўтай слінкі зайдрасці, савецкі чалавек! У Забаронным горадзе імператар пускаў па вадзе кубак з віном, супраць каго ён спыняўся, той мусіў скласці верш на зададзеную тэму і прачытаць альбо выпіць. Нашыя родныя алкашы ніколі б ні радка не прыдумалі, а толькі пілі б. Еўрапеізацыя Кітая ідзе даволі хутка, але гэта еврхні слой, карані будызму глыбокія. Кітайцы не гэтулькі набожныя, як вераць і шануюць культ продкаў. І ў самыя змрочныя ці жалезныя часы і партбілеты насілі, а да Буды на паклон хадзілі. Усе яны настолькі абчасаныя вякамі, настолькі вытанчаныя, што еўрапейцы з імі побач такія няўклюды…”

З дзённіка ці запісной кніжкі беларускага паэта з цікавасцю даведваешся пра канкрэтных пісьменнікаў, канкрэтныя рэаліі літаратурнага жыцця ў Кітаі на пачатку 1990-х гг. А яшчэ – пра вершаваныя, паэтычныя традыцыі ў Падябеснай. “… г. Харбін. Крыху ранішні халадок наш нагадвае. Няма такой здухі. Павет Хулань… Радзіма пісьменніцы Сяо Хун. … Літаратурнае свята на дзень нараджэння Сяо Хун, бывае да 300 тыс., у модзе дыскатэка. Нават старыя танцуюць пад музыку дыска. Музей Сяо Хун. Бацька памешчык. Захоўваецца сад, які прыносіў асалоду паэтэсе, пісьменніцы (1911 – 1942). Шмат псеўданімаў перамяніла…” Досыць трагічны, драматычны лёс пісьменніцы. І хаця пражыла яна зусім няшмат гадоў, пакінула пасля сябе значную творчую спадчыну – у блізкія да нас часіны, у 1981 годзе, Харбінскае Выдавецтва выпусціла трохтомны збор твораў Сяо Хун. Дарэчы, трохтомнік ужо вытрымаў пяць перавыданняў. Штогод выходзяць зборнікі апавяданняў Сяо Хун. Творы пісьменніцы, на якую звярнуў увагу і беларускі паэт, перакладзены на большасць еўрапейскіх моў.

З запіса ад 4 верасня: “… У Кітаі на мільярд 100 тыс. Насельнікаў 450 прозвішчаў. Усе сябе раднёй адчуваюць. Вечарам гулялі па начных вуліцах. Кітайскія ліхтарыкі, як кветкі півоні чырвонай, якой дождж выпратаў пялёсткі. Межыраў чытае два геніяльныя вершы, з болю і адчаюс атканыя. У паэзіі, падкрэслівае ён, важны гук. … Сёння, грэшны, еў вераб’я, чарапаху і лапкі жабкі. Усе як мяса, толькі не лезлі лапкі ў горла”.  Пазней Рыгор Барадулін напіша верш “Грэшны, я шкадую вераб’я”, які ўвойдзе ў кнігу “Міласэрнасць плахі”.

Кітайскія старонкі дзённіка Рыгора Барадуліна – несмуненна, тыя старонкі, пра якія павінны ведаць і ў Паднябеснай. Мо з часам і выйдзе кніга народнага паэта Беларусі ў Пекіне ці ў якім іншым культурным,а светніцкім цэнтры Кітая? Будзем спадзявацца. І напрыканцы – яшчэ адна цытата: “Цяга еўрапейца ў у Кітай – гэта не толькі экзатычная мара, гэта марная мара Захаду сустрэцца з Усходам, сустрэцца – у сэнсе паразумецца…”

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.