Вы тут

У Нацыянальным мастацкім музеі працуюць дзве выстаўкі беларускіх творцаў


У Нацыянальным мастацкім музеі распачалі працу дзве адметныя выстаўкі беларускіх творцаў. Старшыня Саюза мастакоў, узнагароджаны ў 2012 годзе медалём Францыска Скарыны, Рыгор СІТНІЦА прадставіў падборку сваіх графічных і жывапісных твораў пад агульнай назвай «Ток». Таксама цікава ўбачыць экспазіцыю «Душой адданы Беларусі» Яўгена Куліка — выдатнага творцы другой паловы XX стагоддзя.


Ілюст­ра­цыя Яў­ге­на Ку­лі­ка да паэ­мы  Мі­ко­лы Гу­соў­ска­га «Пес­ня пра зуб­ра».

— Яўген Кулік — выдатнейшы мастак, патрыёт краіны, якіх няма болей. Ён, вядома, быў варты ўсялякіх узнагарод і званняў. Добра, што праходзіць выстаўка яго твораў. І добра, што сёння людзі памятаюць пра яго, — адзначае Рыгор Сітніца.

На выстаўцы «Душой адданы Беларусі» дэманструюцца работы, створаныя Яўгенам Куліком на працягу 1956—2001 гадоў, выкананыя ў розных тэхніках графікі: малюнак алоўкам і тушшу, пастэль, акварэль, лінарыты. Дыяпазон яго тэм і сюжэтаў надзвычай шырокі: гэта і зробленыя з натуры пранікнёныя пейзажныя замалёўкі цэркваў, курганоў, млыноў, і малюнкі-рэканструкцыі беларускіх замкаў, і вобразы беларускіх князёў, ваяроў Усяслава Чарадзея, Давыда Гарадзенскага, паўстанцаў 1863 года, асветнікаў Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага.

Прадстаўлены кніжныя ілюстрацыі Яўгена Куліка да «Слова пра паход Ігаравы» і паэмы Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра». Усе творы прасякнутыя агульнай стрыжнявой ідэяй, шчырым і адданым служэннем беларускаму адраджэнню, што з'яўлялася творчым крэда мастака на працягу ўсяго яго жыцця. «Спадчына Яўгена Куліка займае ганаровае месца сярод дасягненняў беларускага мастацтва другой паловы ХХ стагоддзя. Яго вялікі ўклад у абуджэнне і захаванне для нашчадкаў гістарычнай памяці бясспрэчны», — упэўнены арганізатары выстаўкі.

— Мы з Богам гаворым. І працуем на вечнасць, — заўважыў старшыня Саюза мастакоў у каментарыі карэспандэнту «Звязды». — Мы ўсведамляем, што пройдзе час, і тымі творамі, якія зроблены сённяшнімі мастакамі, нацыя будзе ганарыцца. Бо любая краіна ў свеце ганарыцца імёнамі сваіх мастакоў, пісьменнікаў, кампазітараў.

Творчасці самога Рыгора Сітніцы і яго выстаўцы «Ток» таксама ўласцівы пільная ўвага да беларускіх нацыянальных каштоўнасцяў — гісторыі, этнаграфіі, фальклору — як неад'емных частак агульнаеўрапейскага культурнага кантэксту. Яго творчай манеры ўласцівая гіперрэалістычная трактоўка беларускіх матываў. Часта можна сказаць, што гэта гісторыя чалавека, але без самога чалавека. Напрыклад, напісаныя прыадчыненыя дзверы, якія нібы застылі ў чаканні, вельмі шмат могуць сведчыць пра таго, хто зазвычай праз іх праходзіў...

Творчы кірунак, у якім працуе Сітніца, можна назваць магічным рэалізмам. З аднаго боку, ён з фатаграфічнай дакладнасцю перадае абраныя аб'екты. А з іншага — нібы стварае новую, вобразна-сімвалічную рэчаіснасць. Мастак пераводзіць тое, што можа падавацца звычайным на першы погляд, у плоскасць асаблівага, звышнатуральнага ў сваёй мастацкай вобразнасці.

Выстаўка Рыгора Сітніцы будзе працаваць да 9 снежня. Экспазіцыю работ Яўгена Куліка можна будзе ўбачыць да 2 снежня.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Загаловак у газеце: Магічны рэалізм

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».